Тры забытыя песні да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, якія варта паслухаць

Мінула сорак гадоў з таго дня, як адбылася аварыя на 4-м энергетычным блоку Чарнобыльскай атамнай станцыі, якая незваротна змяніла жыццё тысяч людзей. Прыгадаем, як рэагавалі на гэту падзею беларускія музыкі. Што спявалі? Прапануем вам невялікую падборку песень з гісторыяй пра кожную.

Čarnobyĺ


«Гомельскі вальс» (1996)

У 1996 годзе да 10-годдзя аварыі на ЧАЭС быў зняты кліп на песню гурта «Крама» пад назвай «Гомельскі вальс». Рэжысёрам выступіў малады і амбітны тэлевядучы Ягор Хрусталёў, а ў кадры мы бачым сапраўднае папуры беларускіх зорак той пары. Бо гэта быў час супольных музычных праектаў.

Акрамя ўласна «Крамы», у запісе ўзялі ўдзел Вераніка Круглова і Зміцер Вайцюшкевіч, тагачасныя ўдзельнікі гурта «Крыві»; Алег Хаменка з гурта «Палац», які толькі набіраў папулярнасць, а таксама нечакана з’явіўся Анатоль Ярмоленка, які быў ужо на той момант вядомым у Беларусі выканаўцам.

Чаму менавіта «Крама»? Бо гурт быў першым пераможцам «Рок-каранацыі» — незалежнай музычнай прэміі, якая на рэгулярнай аснове прысуджалася з 1995 да 2012 года. «Гомельскі вальс» — песня з характэрным для каманды напаўненнем, бо ў тэкстах гурта рэгулярна сустракаецца тэма выпіўкі з нагодай і без.

Чорна-белы відэашэраг паказваў не толькі выканаўцаў, але таксама кадры з пустымі вёскамі з зоны забруджвання, якія пакідалі вусцішнае адчуванне. Штопраўда, песня гэтая хітом так і не стала, бо ўжо ў той час муляла вуха тагачасным ідэолагам, якія ў словах «гэта наш лёс, гэта наш шлях i наш праклён» чулі алюзію на «Чарнобыльскі шлях», які збіраў тады дзясяткі тысяч узельнікаў.

Песня выйшла на альбоме «Што дапаможа нам», які пабачыў свет у 1998 годзе.

«Хвіліна цішыні» (2006)

Ambasadar KROU

У сярэдзіне 2000-х гадоў пэўную папулярнасць меў гурт «Чырвоным па Белым», або проста ЧпБ, створаны выканаўцам пад псеўданімам Ambasadar KROU, які стаў адным з першапраходцаў у беларускамоўным рэпе.

Так, да іх былі лепельскія «Удар Банды», барысаўскія «Нестандартный вариант» і сталічныя «Гетто менталитет». Але менавіта хлопцы з гурта «Чырвоным па Белым» паказалі, што сапраўды можна рабіць больш-менш якасны рэп на беларускай мове.
Хаваючы твары за маскамі, яны часцяком з’яўляліся на апазіцыйных мерапрыемствах, а іх тэксты былі напоўнены палітыкай, гісторыяй і бязмернай любоўю да беларускай культуры. Трэк «Хвіліна цішыні», які быў запісаны сумесна з польскім выканаўцам UMR, з’явіўся на другім студыйным альбоме калектыву, які мае назву «Вулічныя байцы».

І тут нельга не абмінуць увагай «польскі ўплыў». Бо па-першае, KROU у той час стала жыў у Польшчы, куды пераехалі ягоныя бацькі. А па-другое, польскі рэп акурат у гэты час стаў такім, якім мы ведаем яго цяпер — абсалютна самастойнай культурніцкай з’явай ва Усходняй Еўропе.

У адрозненне ад «Крамы», музыкі з «Чырвоным па Белым» нават і не спрабавалі абмінаць палітычны складнік, бо перад кампазіцыяй гучаць словы, якія наўпрост адсылаюць нас да жалобнага шэсця, якое штогод адбывалася ў Мінску ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор:

З крыжам і сцягам, грамадскім размахам,

крочым усе разам «Чарнобыльскім шляхам».

Далей кожны з рэпераў зачытвае свой куплет. Праз нейкі час з’явіўся працяг супрацы беларускіх выканаўцаў з польскімі калегамі пад назвай «Хвіліна цішыні — 2», але гэты трэк так і «не ўзляцеў» і вядомы цяпер хіба што толькі глыбока занураным у беларускую музыку слухачам.

«Радыяцыя» (1996)

«Kardon»

Трэцяй песняй, якая прысвечана аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у нашай падборцы будзе песня «Радыяцыя» ад беларускага гурта з Гайнаўкі, які называўся «Кардон». Упершыню яна прагучала на «Басовішчы» ў 1995 годзе.


Паляшша таго часу — гэта рэгіён, дзе ўсё яшчэ гавораць і спяваюць па-беларуску. Праводзіцца не толькі легендарнае ўжо «Басовішча», але таксама і «Бардаўская восень», якая збірае лепшых выканаўцаў не толькі з Паляшша, але ўласна і Беларусі.

На «Басовішчы» 1996 года, акурат да дзясятай гадавіны катастрофы, гурт прадставіў свой першы і апошні альбом, які так і называўся — «Радыяцыя». На вокладцы быў выяўлены сімвал трагедыі — знак радыяцыйнай небяспекі, абкружаны калючым дротам.

Дзякуючы простым словам, якія лёгка запамінаюцца, песня стала своеасаблівым гімнам беларускай моладзі на Падляшшы ў другую палову 1990-х:

Чарнабыль і радыяцыя, памірае наша нацыя.

Агулам трэба адзначыць, што ў гурта «Кардон», нягледзячы на ўсю іх прыпанкованасць, песні абсалютна не вясёлыя. Другая па значнасці песня на альбоме мае назву «Айчына» і прысвечана, як няцяжка здагадацца, тэме радзімы. Лірычны герой пераймаецца, што нічога не робіць для месца, дзе з’явіўся на свет, і пачуваецца даволі камфортна:

…Добра мне жывецца, я не наракаю,

А мая айчына маці травой зарастае…

У 1999 годзе гурт, праіснаваўшы без малога 4 гады і выдаўшы ўсяго адну плытку, спыніў сваю дзейнасць. Але нічога не замінае і сёння паслухаць песні з альбома «Радыяцыя», у тым ліку і загалоўны трэк, які даў гэтай плытцы назву. Выконвае іх гурт пад назвай «Вандроўнік», які таксама паходзіць з Падляшша.


 Budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.