Зборнік Юлі Цімафеевай «Motherfield» трапіў у кароткі спіс прэміі Дэрэка Уолката. Узнагарода прысуджаецца за англамоўную паэтычную кнігу, напісаную не-грамадзянінам або не-грамадзянкай ЗША. Прэмія ўручаецца Arrowsmith Press у партнёрстве з The Derek Walcott Festival і Boston Playwrights’.
З беларускай мовы вершы Юлі Цімафеевай перакладалі беларуска-амерыканская паэтка Вальжына Морт і амерыканскі паэт, эсэіст і культурны крытык Ханіф Абдурракіб. Зборнік выйшаў у ЗША. «Motherfield» апублікаваў тэхаскі выдавец Уіл Эванс з Deep Vellum Publishing.
Фота: facebook Юлі Цімафеевай
Кніга «Мацярынскае поле» адкрываецца дзённікам паэткі, у якім запісаны ход гвалту, які разгортваецца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. «Аўтарка змагаецца са страхам, адчаем і пачуццём віны, калі яна выходзіць на акцыі пратэсту, уцякае ад паліцыі, прагне чытацкай аўдыторыі, пазнае аб затрыманні сям’і і сяброў і ў канчатковым рахунку выбірае жыццё ў выгнанні», — можна прачытаць у анатацыі да выдання.
«Юля Цімафеева нарадзілася ў сельскай мясцовасці Беларусі, якая ў дзяцінстве стала Чарнобыльскай зонай. Але ці можа яна сапраўды збегчы з заражаных сельскагаспадарчых угоддзяў свайго юнацтва і сваёй нячыстай беларускай роднай мовы? Ці можа яна сапраўды пазбегнуць выпраменьвання свайго мацярынскага поля?»
Юля Цімафеева. Фота: facebook паэткі
З прыемнай навіной Юлю Цімафееву ўжо павіншавалі дзясяткі яе сяброў і чытачоў.
«Віншую аўтарку і перакладчыкаў», — зрабіў допіс Альгерд Бахарэвіч.
«Я ні хвіліны не сумняваўся!», — пажадаў поспеху Сяргей Шупа.
«Віншую, Юля! Перамогі!», — падтрымала каляжанку Крысціна Бандурына.
Паглядзець поўны спіс фіналістаў Walcott Poetry Prize можна тут.
Чытайце яшчэ: Аповесць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» — у шорт-лісце нямецкай літаратурнай прэміі