Кніга «Удивительный Гродно» Яўгена Аснарэўскага выйшла ў мінскім выдавецтве «Рыфтур». Даведнік разлічаны і на турыстаў, і на даследчыкаў — туды ўключана інфармацыя пра маршруты, славутасці і страчаныя архітэктурныя помнікі Гродна. Выданне праілюстравана фотаздымкамі Сяргея Плыткевіча, піша hrodna.life.
Кніга Яўгена Аснарэўскага «Удивительный Гродно». Фота: Facebook-старонка аўтара
Гэта ўжо 15-я кніга Аснарэўскага, але першая выдадзеная як камерцыйнае выданне ў класічным выдавецтве з вялікім накладам.
«Выданне можа служыць як цалкам паўнавартасным краязнаўчым выданнем, прыдатным нават для напісання навуковых прац, так і чыста турыстычным «маяком», які распавядае пра гасцініцы і іншыя карысныя для гасцей рэгіёну аб’екты», — адзначае аўтар.
Па словах Аснарэўскага, асаблівасцю кнігі сталі нідзе раней не апублікаваныя аўтарскія маршруты па Гродне. «Сярод якіх ёсць вельмі незвычайныя. Касцёлы, цэрквы, замкі, палацы, прыродныя аб’екты, шляхецкі і яўрэйскі Гродна», — распавядае краязнаўца.
Выданне дапоўнена здымкамі Сяргея Плыткевіча, гістарычнымі выявамі і рэканструкцыямі страчаных гродзенскіх помнікаў архітэктуры.