У Фларэнцыі адкрылі беларускі цэнтр для ўсіх

У Фларэнцыі пачаў працу Цэнтр дэмакратычнай супольнасці — гэта новая беларуская пляцоўка, створаная амаль цалкам валанцёрскімі сіламі. Кіраўніца асацыяцыі беларусаў у Італіі «Talaka» і прадстаўніца Народнай амбасады Юлія Юхно распавядае, навошта такі цэнтр у краіне з невялікай дыяспарай і як ён будзе працаваць для беларусаў і не толькі.

Julija Juchno Юлія Юхно

Юлія Юхно жыве ў Фларэнцыі з 2022 года. З Беларусі праз палітычны пераслед прыйшлося тэрмінова з’ехаць у 2021 годзе — у 2020-м грамадзянскую актывістку двойчы затрымлівалі, адпраўлялі па «народным» артыкуле на Акрэсціна. Яе муж Сяргей Юхно трапляў у ІЧУ на Акрэсціна і ў Магілёве ўвосень 2020-га.

У інтэрв’ю Budzma.org Юлія Юхно распавядае пра пачатак дзейнасці новага беларускага цэнтру за мяжой.

— Цэнтр дэмакратычнай супольнасці ўжо, можна сказаць, вядомы цэнтр, бо прапаганда, здаецца, на нейкім расійскім рэсурсе ўжо паспела напісаць, што Ціханоўская набыла гэты цэнтр за 700 тысяч еўра (смяецца).

Шчыра кажучы, амаль паўгода мы думалі над тым, ці патрэбны нам такі беларускі цэнтр тут увогуле — у Італіі не вельмі вялікая беларуская дыяспара, да таго ж, яна даволі раскіданая па ўсёй краіне. Самая вялікая частка жыве ў Мілане, Рыме і Балонні. Але вырашылі, што трэба хаця б паспрабаваць. Дзякуючы падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай і таксама нашым усім самастойным дзеянням талакой, змаглі гэта зрабіць. Я знайшла памяшканне, а потым разам з валанцёрамі-беларусамі мы зрабілі шыкоўны проста рамонт.

Centr demakratyčnaj supoĺnasci

Беларусы ўмеюць рабіць так, як тут не зробіць ніхто. І гэта ўсё, падкрэслю, было на валанцёрскіх пачатках: прыязджалі людзі з Польшчы, дызайнерка Мая Шатохіна, з якой мы разам сядзелі на Акрэсціна ў 2021 годзе, прыехала з Варшавы, каб зрабіць мастацкае афармленне, яна малявала Пагоню і гэтак далей. Карацей, гэта была сапраўдная такая талака.

— І вы ж яшчэ і прэзідэнтка асацыяцыі «Talaka».

— Так-так, вядома, мы ўсё робім разам, стараюся ўсіх далучыць, хто хоча, канечне, далучыцца, і таго, хто не хоча, таксама стараюся зацікавіць. Такім чынам, дзесьці з верасня мы рабілі ўсе гэтыя рамонты, на сёння амаль усё зроблена — засталося дакупіць крыху мэблі, дробязі. Але ўжо можна там і працаваць, і праводзіць пэўныя, не вельмі вялікія, імпрэзы. Гэты цэнтр будзе працаваць для беларусаў у першую чаргу, але ўвогуле ён будзе адкрыты для ўсіх, і для італьянцаў у тым ліку.

Julija Juchno

— Патлумачце гэтую ідэю «цэнтра для ўсіх».

— Як я ўжо сказала, у нас не вельмі вялікая дыяспара, ды і ўвогуле пра нас у Італіі мала што ведаюць. Ведаюць толькі пра Чарнобыль па вялікім рахунку. Таму, лічу, што праз цэнтр атрымаецца больш распавядаць пра Беларусь.

На адкрыцці шэлтара і цэнтра 9 снежня была мясцовая прэса, прадстаўнікі розных палітычных партый, таму за гэта потым ужо італьянскія прапагандысты зачапіліся, маўляў, у іх былі і правыя, і левыя, і невядома хто ўвогуле. Была Святлана Ціханоўская, была віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Піна Пічэрна, увогуле было шмат гасцей: ганаровы консул Польшчы ў Фларэнцыі, прадстаўнікі адміністрацыі рэгіёна Таскана, саветнік гарадскога савета Фларэнцыі, старшыня гарадской рады Сэста-Ф’ярэнціна Серэна Сассаніні, прадстаўнікі прафсаюзаў і партый ды нашы валанцёры.

І 27 снежня мы правялі першае мерапрыемства ў Цэнтры — «ніткавы» майстар-клас ад Юліі Дуйновай з Гданьска. Такая калядна-навагодняя імпрэза, даволі камерная, сабралася каля дзясятка чалавек. Зразумела, калядныя святы — шмат людзей раз’ехалася. Але былі і італьянцы, украінка з сынам і беларусы. Файна правялі час, утульная атрымалася імпрэза.

Першае мерапрыемства ў Цэнтры дэмакратычнай супольнасці ў Фларэнцыі

Ну і запланаванае ўжо новае мерапрыемства — 7 лютага прэзентацыя кнігі Аляксандра Карнаўха «Халодныя землі».

Цэнтр ужо паціху жыве сваім жыццём. Спадзяюся, з часам актыўнасцяў пабольшае. Ну і патрабуе часу наладжванне кантактаў з партнёрамі, будзем запрашаць іншыя дыяспары да супрацы — літоўцаў, украінцаў, грузінаў.

— Гэтая прастора будзе працаваць пад парасонам «Талакі»?

— Падкрэслю, што Цэнтр — не прастора маёй Асацыяцыі, гэта не прастора Народнай амбасады. Так, я кірую гэтай прасторай, але яна дасяжная для ўсіх аб’яднанняў ці людзей, не толькі для беларусаў.

Мы запрашаем літоўскіх, польскіх сяброў, украінскіх, вядома. Запрашаем людзей з гэтых дыяспар далучацца, бо ў іх няма тут сваіх пляцовак. Будзем пакрысе наладжваць сувязі з усімі — хацелася б, каб гэта стала агульнай пляцоўкай для ўсіх, дзе мы б рабілі розныя мерапрыемствы, у тым ліку супраць прапаганды, імпрэзы, якія дапамогуць распавесці пра тое, хто мы, дзе мы, як мы, пра тое, што мы не частка Расіі, як часта думаюць за мяжой, пра нашу гісторыю.

Магчыма, пра гісторыі нашых палітзняволеных, а яны ў нас вельмі розныя: гэта і студэнты, і пенсіянеры, і мовазнаўцы, і мастакі — хто хочаш. Думаю, да розных колаў у Італіі можна дагрукацца праз гэтую прастору.

Канечне, у першую чаргу гэта беларуская пляцоўка, мы запрашаем усіх беларусаў далучацца і прапаноўваць свае імпрэзы. Наўрад ці маіх сіл і жадання хопіць рабіць там усё адной. То-бок у нас будзе каляндар — і можна будзе абіраць вольныя даты.

Centr demakratyčnaj supoĺnasci

— То-бок будзеце праводзіць прэзентацыі, сустрэчы, выставы?

— Вось з выставамі і нечым падобным наўрад ці. Гэта даволі камернае памяшканне, там можна рабіць прэзентацыі, нейкія паказы — у нас ёсць праектар. Але яно можа змясціць 20-30 чалавек, маштабныя выставы, напрыклад, мы не пацягнем, трэба будзе дамаўляцца з іншым памяшканнем на такія рэчы.

— Колькі беларусаў у Італіі?

— Самыя, напэўна, вялікія беларускія дыяспары ў Балонні і Мілане. А з Фларэнцыі, дзе мы, не вельмі зручна ездзіць на іх мерапрыемствы. У нас ёсць у планах на наступныя гады нешта адкрыць і ў іншых гарадах, але пакуль мы сканцэнтруемся на дзейнасці ў Фларэнцыі, горадзе мастацтва. Але гэта яшчэ і такі транзітны горад насамрэч, мы займаемся таксама прыёмам і размяшчэннем беларусаў, якія трапляюць сюды. Потым звычайна іх размяркоўваюць па розных дзяржаўных праграмах, больш за палову з’язджаюць у іншыя рэгіёны Італіі.

Канечне, хацелася б мець больш вялікае кам’юніці, але — якое ёсць. У Фларэнцыі агулам жыве дзесьці пад 170 беларусаў, здаецца, не так і мала. Але вось у Варшаве ці Вільні, напрыклад, жыве нашмат больш беларусаў, а на беларускія імпрэзы, як ведаеце, зараз прыходзіць 30 чалавек. Адпаведна тая ж прапорцыя і ў нас. Ёсць людзі, якія пазбягаюць публічных мерапрыемстваў, у кагосьці, вядома, усе рэсурсы забірае адаптацыя да новага жыцця, трэба займацца пошукам працы, пэўнай сацыяльнай інтэграцыяй, здароўем. Але спадзяёмся, беларусам патрэбны такі цэнтр, будзем чакаць на імпрэзы і на гасцей.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org