Аснову экспазіцыі складаюць выкінутыя на сметніцу кадры старых фотастужак, якія нядаўна выпадкова знайшла супрацоўніца Музея гісторыі горада Мінска.
Музей гісторыі горада Мінска запрашае на адкрыццё новай выстаўкі пад адкрытым небам «Успамін пра Нямігу».
Мерапрыемства адбудзецца 6 ліпеня ў 17.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.
Экспазіцыя прысвечана вуліцы Нямізе і яе ваколіцам і арганізавана сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў і Беларускім дзяржаўным архівам навукова-тэхнічнай дакументацыі.
«Ідэя стварэння гэтай выстаўкі з'явілася дзякуючы дзіўнаму выпадку: супрацоўніца нашага музея Яўгенія Стальмахова знайшла каля свайго пад'езду выкінутыя суседзямі фотастужкі», - гаворыцца ў паведамленні музея.
Гэта быў цэлы сямейны архіў, і, відаць, аўтар фатаграфій працаваў у інстытуце Белпрампраект, бо сярод здымкаў было нямала кадраў, на якіх зафіксаваны нефармальныя будні інжынераў.
Музейшчыкаў «зацікавілі рэдкія віды старой забудовы вуліцы Нямігі да яе рэканструкцыі, якія таксама захаваліся на фотастужцы».
Ракурсы, з якіх зроблены фатаграфіі, пазначаны на карце.