«У эміграцыі ў нас ёсць другая спроба»: як беларуская драматургія выжывае і нараджаецца наноў

Пасля 2020 года беларускі тэатр страціў звыклую прастору, але не страціў голас. Сёння ён гучыць у Варшаве, Познані, Вільні і іншых гарадах Еўропы. Пра новыя тэксты, фестывалі і працу з моладдзю мы паразмаўлялі з арт-дырэктаркай фестывалю «Dramatyzacja» Валянцінай Мароз. Фестываль праходзіў 10–11 красавіка ў Варшаве. Ён стаў фіналам конкурсу для драматургаў, арганізаванага Беларускім інстытутам тэатра.

Valiancina MarozВалянціна Мароз, фота з асабістага архіва

— Валянціна, як вы ўвайшлі ў тэатр, зразумелі, што гэта ваша?

— Гэта было зусім выпадкова. Я ўвогуле паступіла ў тэхнічны ўніверсітэт, але мне трапілася вельмі цікавае асяроддзе — бацькі маёй сяброўкі працавалі на тэлебачанні. І мне тады падалося, што я таксама так хачу, але менавіта праз тэлебачанне я адкрыла тэатр і зразумела, што буду займацца гэтым відам мастацтва. Я адлічылася з тэхнічнай ВНУ і далей ужо ўсё закруцілася.

— Вы доўгі час займаліся сацыяльным тэатрам. Як вы адкрылі для сябе гэты тэатральны кірунак?

— Гэта быў цікавы шлях — спачатку канвенцыянальны тэатр, то-бок інтэрпрэтацыя п’ес, традыцыйных, класічных. А пасля ў нейкі момант стала ўжо зразумела, што мне не цікава займацца толькі такім тэатрам. Мне хацелася прамога дыялогу з гледачамі, абмеркавання праз спектаклі праблем, сярод якіх мы жылі, і якія, безумоўна, множыліся ў нашым грамадстве, і я выбрала для сябе напрамак сацыяльнага тэатра як асноўнага. Гэта і ёсць той самы актуальны тэатр, які размаўляе з гледачамі на балючыя, важныя для грамадства тэмы. У Беларусі такога не хапала. Уся незалежная плынь узнікла пасля 2010 года, не ў дзяржаўных тэатрах.

— То-бок незалежная плынь у тэатры пачала ўзнікаць у Беларусі толькі пасля 2010 года?

— Менавіта так. Гэта ўвогуле вельмі важны перыяд для беларускага тэатра, для яго развіцця. Пасля 2010-га тэатр у Беларусі пачаў імкліва змяняцца. Да гэтага часу ён уяўляў сабой традыцыйны тэатр, які склаўся ў 30-х гадах мінулага стагоддзя і існаваў на савецкай, потым постсавецкай прасторы і змяняўся вельмі павольна. А ў апошняе дзесяцігоддзе, перад 2020 годам, адбыліся сур’ёзныя змены. 

У беларускага тэатра была відавочная перспектыва, бо ўзніклі міжнародныя сувязі, і гэта вельмі важна: тэатр адкрыўся, мы ездзілі, у нас былі нейкія сумесныя міжнародныя праекты, у Мінску праходзіў вялікі міжнародны фестываль ТЭАРТ, які пашыраў досвед нагледжанасці для гледачоў і тых, хто рабіў тэатр у Беларусі. І гэта вось тое, што давала беларускаму тэатру магчымасць хутка развівацца і стаць бачным не толькі для нашага грамадства, але і для еўрапейскага гледача.

Valiancina Maroz
Валянціна Мароз, фота з асабістага архіва

— Вы з’яўляецеся арт-дырэктарам фестывалю «Dramatyzacja». Як паўстала ідэя стварэння гэтага праекта?

— У Беларусі да 2020 года быў конкурс беларускай драматургіі WriteBox. Ён праходзіў з 2015 года і быў вельмі важным для сучаснага тэатра ў нашай краіне — спрыяў развіццю беларускай драматургіі і тэатра ўвогуле. У Беларусі ў той час ужо быў шэраг таленавітых і вядомых на постсавецкай пррасторы драматургаў, але таксма быў стымул для паўстання новых драматургаў. Быў стымул пісаць, бо калі ёсць конкурс — ёсць выхад на гледача, і гэта ўжо вельмі важна. Тады з’явілася цэлая плынь маладых людзей, у тым ліку і жанчын, якія пачалі пісаць драматургічныя творы, з’явілася пэўная колькасць новых імёнаў, цікавых і яркіх.

У 2020 годзе ўсё спынілася. І пасля 2020 года гэты конкурс немагчыма было праводзіць у Беларусі. Вядома, вялікая колькасць людзей, прадстаўнікоў беларускага тэатра, выехала за межы краіны. Мы зараз знаходзімся ў эміграцыі, і нам тут патрэбны беларускія тэксты. Нам неабходна распавядаць пра сябе, а гэта можна рабіць праз беларускія спектаклі, якія будуюцца, узнікаюць на аснове беларускіх сучасных п’ес.

Таму неабходна было нешта з гэтым рабіць. І потым стала зразумела, што драматургі не пішуць, у іх няма матывацыі. Навошта пісаць, калі твае тэксты незапатрабаваныя, тым больш, што ва ўмовах эміграцыі ёсць неабходнасць у першую чаргу думаць пра выжыванне, шукаць магчымасць зарабляць на жыццё.

Але я разумела, наколькі гэта важная справа, каб беларуская драматургія жыла. Два гады практычна я так падштурхоўвала сваіх калег, мы пісалі заяўкі ў розныя фонды, прасілі падтрымаць, тлумачылі важнасць гэтага праекта. Акрамя таго, што ён, канешне, можа спрыяць развіццю беларускай драматургіі, зрабіць яе бачнай, яшчэ спрыяе і аб’яднанню тэатральнага кам’юніці.

І ў выніку восенню 2025 года, германскі фонд Маршала нас усё ж такі падтрымаў, каб мы здабылі такую базавую суму для таго, каб запусціць праект. Вось такая гісторыя.

— Ці можна ацаніць па выніках фестывалю, якія тэмы сёння найбольш хвалююць беларускіх драматургаў? Колькі ўвогуле было пададзена заявак?

— Мы атрымалі 66 п’ес. Трэба сказаць, мы разлічвалі на значна меншую колькасць драматургічных твораў. 66 — гэта, канешне, вельмі сур’ёзная лічба для конкурса беларускай драматургіі. У праекце прынялі ўдзел як маладыя драматургі, так і аўтары ўжо вядомыя. Трэба адзначыць, што ўсе п’есы з кароткага спісу былі напісаны жанчынамі. Шмат твораў было падпісана псеўданімамі.

А калі казаць наконт тэматыкі — тэма 2020 года не сыходзіць. Спроба асэнсаваць гэтыя падзеі застаецца актуальнай.

Тэма вайны. Зноў жа, як яна адбілася на нашым грамадстве, як мы гэта перажываем. Тэма эміграцыі і іншыя траўматычныя тэмы. Увогуле вясёлых п’ес амаль што няма.

Вось, уласна кажучы, гэтыя стратэгіі, якія выбудоўваюць людзі ў новых для сябе ўмовах. Тэма катастрофы ўвогуле, агулам, катастрофы.

Вось адна з такіх п’ес, лідар фестывалю — «Любое месца, дзе засталіся сляды» Машы Бяльковіч, напісана ўжо дастаткова даўно, некалькі гадоў таму, але тым не менш яна засталася вельмі актуальнай. Гэта была спроба асэнсаваць, хто мы. Гэта размова пра нашы карані, пра тое, хто мы, якія мы, куды мы рухаемся, пра балючы пошук каранёў і пра бяспамяцтва, з якім мы жывём.


«Месцы, дзе засталіся сляды» Марыі Бяльковіч, рэжысёрка Бажэна Шамовіч. Фота: Марыя Карнеенка, reform.news

— Ці плануецца выдаць зборнік для шырокага кола, каб жадаючыя маглі прачытаць п’есы, якія былі прадстаўлены на фестывалі?

— Па-першае, трэба адзначыць, што тэксты фіналістаў будуць перакладзены на польскую мову.
Па-другое, лонгліст, 10 найлепшых драматургічных твораў будуць выкладзены на нашым сайце — Беларускага інстытута тэатра belarustheatre.org

Мы таксама думаем пра выданне зборніка, але разумеем, што гэта будзе не проста.

— Ці гэта ваш першы фестываль, які вы арганізавалі ў эміграцыі?

— Не, не першы. Я не арганізатарка,але з’яўляюся адной з куратарак фестывалю «Druga próba» у Познані. Арганізатарам фестывалю з’яўляецца польская фундацыя «Барак Культуры». І гэты фестываль мы будзем праводзіть ў верасні гэтага года ўжо ў трэці раз.

— Раскажыце, калі ласка, што гэта за фестываль?

— Паколькі я ў Познані жыву і з’яўляюся рэзідэнткай фундацыі «Барак Культуры», у 2024 годзе ў нас з дырэктарам і менеджарам узнікла ідэя фестывалю. Мы яго рабілі практычна на каленцы, за зусім маленькія грошы ў 2024 годзе, у верасні, і назвалі яго «Druga próba», значыць другая спроба.

Мы апынуліся тут, у эміграцыі, і ў нас ёсць другая спроба раскрыцца як прафесіяналам.

Valiancina Maroz
Валянціна Мароз, фота з асабістага архіва

І вось, у 2025 годзе ў нас атрымаўся ўжо паўнавартасны фестываль з дыскусіямі пра тэатр у перыяд палітычнага крызісу ў Беларусі і ва Украіне, я рабіла спектакль па п’есе Мікіты Ільінчыка, мы запрасілі спектакль беларускай рэжысёркі Жэні Давідзенкі, быў перформанс украінскай перформеркі Вольгі Кебас, у нас была праграма перфарматыўных чытанняў беларускіх і ўкраінскіх п’ес, адбылося некалькі варштатаў. Я прапанавала зрабіць чыткі парытэтнымі, каб гучала некалькі тэкстаў беларускай і ўкраінскай сучаснай драматургіі. То-бок, гэта ўжо быў паўнавартасны фестываль. 

У гэтым годзе мы плануем правесці «Druga próba» зноў. Ужо вядома, што на гэтым фестывалі, які адбудзецца з 14 па 19 верасня ў Познані, прагучаць і п’есы фіналістаў з Dramatyzacja.

Нам вельмі важна тое, што гэта адбываецца, і тое, што фестываль сапраўды аб’яднаў і працягне аб’ядноўваць беларусаў, украінцаў і палякаў. Трэба адзначыць — польская арганізацыя з’яўляецца заяўнікам. Яны нас падтрымліваюць. І без гэтага, канешне, нічога б не адбылося.

— Вы працуеце з маладымі людзьмі ў Познані, вучыце іх тэатральнаму мастацтву. Падзяліцеся гэтым досведам.

— Мы заснавалі ў Познані з каляжанкамі тэатральныя майстэрні ТЭМА. У нас некалькі груп розных узростаў. Я працую з моладдзю. Вучу іх базаваму акцёрскаму майстэрству. І мы робім гэта праз разнастайныя эцюды і іншыя творчыя заданні.

Вось у мінулым годзе якраз на фестывалі «Druga próba» у 2025 годзе гэты самы цудоўны тэкст «Лімб», які стаў пераможцам Dramatyzacja, мы чыталі з гэтымі маладымі людзьмі. І вось цяпер мы будзем рабіць праект — маленькі эскіз па сучасным тэксце, рыхтуем дакументальны спектакль на тэму эміграцыі. Нас цікавіць рознае. Мяне, напрыклад, праца з нашай моладдзю вельмі натхняе, дае энергію. Яны сапраўды ўсе таленавітыя, вельмі свабодныя ў сваім мысленні. Я маю на ўвазе творчае мысленне.

Мяне захапляе і тое, што часам я ствараю для іх нейкія сітуацыі, прапаную заданні, якія, мне здаецца, абсалютна невядома як выканаць. То-бок гэта на мяжы, і я думаю: ну, не ведаю, атрымаецца нешта ці не, а яны ўспрымаюць гэта як норму. А чаму не? Давайце паспрабуем — і атрымліваецца.

І тое, як яны інтэрпрэтуюць нейкія свае ідэі, і тое, што яны ў выніку робяць з гэтым, як яны свае ідэі прэзентуюць, гэта мяне вельмі захапляе.

— Што Вас асабіста трымае ў гэтай працы? Што дапамагае не спыніцца, а крочыць далей?

Што трымае? Той факт, што для мяне тэатр заўсёды быў важны. Гэта — спосаб пазнання жыцця. Вось цяпер, апынуўшыся ўвогуле ў іншым свеце, у іншай рэальнасці, сярод іншых людзей, цікава насыціцца тым, што робяць яны, цікава выбудаваць дыялог і рухацца далей, прапаноўваць нешта такое ў нашай новай рэальнасці, спрабаваць яе асэнсаваць, спрабаваць яе адрэфлексаваць і перавесці ўсё гэта на мову тэатра.

Лічу, што у час эміграцыі мне вельмі пашанцавала. Мне пашанцавала, што на маім шляху ўзніклі людзі з польскай тэатральнай супольнасці , якія падтрымліваюць, якія дапамагаюць.

І яны іншыя. Яны вельмі не падобныя на маіх беларускіх калег. Але гэта вельмі матывуе, і гэта вельмі важна.

Наста Пабягунская, Budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць