У Зэльве ўсё ж такі дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш. Учора з’явілася інфармацыя, што Зэльвенскі райвыканкам палічыў незаконным знос помніка і адмовіў праўладнай актывістцы Вользе Бондаравай.
Аднак ужо сёння ноччу помнік знік. Фота месца, дзе стаяў помнік, даслаў у рэдакцыю «Р*ды* Р*ц*я» ўнук паэткі Міхась Геніюш.
Хто аддаў загад на ліквідацыю помніка, невядома.
Што адбылося?
Вольга Бондарава лічыць, што помнік парушае Закон РБ «аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». На думку актывісткі, помнік прыносіць «невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў».
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш быў усталяваны на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве ў 2003 годзе. Бондарава прасіла знесці яго «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці». Устаноўку помніка сапраўды не ўзгаднілі з адміністрацыяй горада, але на адкрыцці адслужылі паніхіду і помнік атрымаў блаславенне царквы.
Нагадаем, у лістападзе 2022 года блогерка з Гродна Вольга Бондарава звярнула ўвагу на прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Бюсты знакамітых беларусаў, устаноўленыя перад будынкам, яна назвала «русаненавісніцкай і пранацысцкай экспазыцыяй» — і паскардзілася раённаму ідэолагу. Сярод іншых быў зняты і бюст Ларысы Геніюш.