У апошнім нумары International Journal on Culture, History, and Religion выйшаў артыкул украінскіх мовазнаўцаў пра эвалюцыю польскай і ўкраінскай моў — аднак некалькі разоў там згадваецца і беларуская, піша тэлеграм-канал De facto. Беларуская навука.
Адзначаецца, што ў польскай мове прысутнічаюць рэдкія ўкраінізмы і русізмы. А вось польская аказала больш значны ўплыў на ўсходнеславянскія мовы, у прыватнасці, на ўкраінскую і беларускую. Даследнікі звяртаюць увагу: украінская мова (у адрозненне ад польскай) стагоддзямі падвяргалася прыгнёту з боку Расійскай імперыі. Але пры гэтым называюць вельмі спрэчным меркаванне пра дамінуючы ўплыў рускай мовы на ўкраінскую.
Большасць навукоўцаў лічаць беларускую найбольш блізкароднаснай украінскай, адзначаюць даследнікі. Згадваецца праца прафесара Канстанціна Тышчанкі, які на падставе матэматычнага аналізу даказаў, што ўкраінская мова мае 84% роднасці з беларускай, 70% з польскай, 68% са славацкай і 62% з рускай.