Уладзіслаў Бернат: «Сцэна ў Беларусі знаходзіцца ў крытычным стане: музыкі павінны адказваць за кожнае сваё слова альбо рызыкаваць»

05.05.2025
Уладзіслаў Бернат, вядомы многім пад псеўданімам DzyaDZEN’ka — гродзенскі музыка і перакладчык. Палову свайго жыцця ён займаецца музыкай: граў і спяваў у шматлікіх гродзенскіх гуртах, з’яўляецца вакалістам рок-гурта Dzieciuki, паралельна займаецца рэпам пад сваім псеўданімам.

У 2022 годзе Уладзіслаў быў вымушаны пакінуць родны Гродна, уладкаваўся ў Беластоку. Па адукацыі Уладзіслаў — выкладчык англійскай мовы, але цяпер на жыццё зарабляе цяжкай фізічнай працай, якую сумяшчае з рэпетыцыямі ды выступленнямі на канцэртах. А з нядаўняга часу Уладзіслава таксама можна ўбачыць у якасці вядоўцы відэапраекта «Музыка без межаў» на цік-ток канале і ў інстаграме Budzma. Паразмаўлялі з Уладам пра гэты праект, а таксама пра праблемы, з якімі суыкаюцца беларускія музыкі ў эміграцыі.

Uladzislaŭ Biernat


— Як Вам удаецца сумяшчаць цяжкую фізічную працу і музычную дзейнасць?

— На жаль, не атрымліваецца прысвячаць музычнай дзенайсці столькі часу, колькі хацелася б, але паціху іду да таго, каб усё ж такі займацца гэтым болей. На дадзены момант у мяне некалькі музычных праектаў, кожны з якіх унікальны. Хочацца рабіць больш, каб нарэшце выдаць акустычны альбом з запрошанымі гасцямі.

Найбольшая праблема — недахоп вольнага часу. Музыкай зарабіць пакуль не атрымліваецца, таму прыходзіцца працаваць. Часам і на дзвюх працах. Таксама не заўсёды можна знайсці людзей, якія хацелі б падтрымаць ініцыятыву і займацца праектам з той жа адданасцю, што і стваральнік.

Uladzislaŭ Biernat


— З якімі выпрабаваннямі сутыкаюцца беларускія музыкі, што эмігравалі?

— Эміграцыя дае магчымасць раскрыцца і больш свабодна выказваць свае думкі, таму з’явілася больш адкрытых тэкстаў, выказванняў у музыцы.

Сцэна ў Беларусі, на жаль, знаходзіцца ў крытычным стане: музыкі павінны адказваць за кожнае сваё слова альбо рызыкаваць.

Таксама вялікі трабл [у эміграцыі — рэд.] — аўдыторыя. Часамі людзям проста не хочацца выходзіць з дому пасля цяжкай працы, альбо няма фінансавай магчымасці набываць квіткі на канцэрты. Таму часамі трэба прыкласці вельмі шмат высілкаў, каб зрабіць імпрэзу, на якой будзе дастаткова людзей, каб акупіцца.

А яшчэ ў Еўропе адбываецца шмат канцэртаў замежных зорак, таму беларускія гурты губляюць аўдыторыю.

— Сучасная беларуская музычная культура падзяляе беларусаў замежжа і тых, хто застаецца ў краіне, ці хутчэй яднае?

— Наконт раздзялення беларусаў у замежжы і Беларусі казаць складана, таму што часамі людзі аб’ядноўваюцца, каб зрабіць нешта файнае, але, на жаль, часцей за ўсё, кантакт губляецца, бо пачынаюцца спрэчкі аб тым, каму горш і складаней: эмігрантам ці тым, хто застаўся пад кантролем з боку дзяржавы.

— Як нарадзілася ідэя стварыць праект «Музыка без межаў» і чым ён адметны для аўдыторыі?

— Ідэя стварэння праекта з музычнымі навінамі не новая, гэтым займаліся даўно. Але хацелася зрабіць нешта сваё: навіны, каторыя будуць цікавыя мне самому і гледачам/чытачам «Будзьмы». Шмат разоў звярталі ўвагу на тое, што такі фармат навінаў прыемны для праслухоўвання: стараюся не балбатаць, а паволі распавядаць пра кожную навіну, не спяшаючыся ўкласціся ў рамкі часу. Таму не трэба прыслухоўвацца, баючыся прапусціць нешта важнае.

Выбар канкрэтных навінаў вельмі важны як для мяне, так і для аўдыторыі. Хочацца ахапіць чым большую колькасць цікавых фактаў: тут табе і рэлізы, і канцэрты, і новыя гурты/праекты. Але часамі гэтыя навіны ўжо зусім не навіны: тады прыходзіцца «адпусціць».

 

— Якім чынам плануецца праект развіваць і пашыраць?

— Развіваць праект — справа важная і цікавая. Хацелася б запусціць новую стужку пра міжнародныя навіны, але гэта ўжо залежыць ад вялікай колькасці фактараў, у тым ліку, ад зацікаўленасці аўдыторыі.

Uladzislaŭ Biernat Уладзіслаў Бернат. Бэкстэйдж са здымак відэапраекта «Музыка без межаў»

А. М., Budzma.org

Фота з асабістага архіву Уладзіслава Берната