Некалькі дзён амаль чвэрць жыхароў Мінска не мела ў сваіх кватэрах вады, прыдатнай для ўжывання. Такога кшталту і маштабу калапс здарыўся ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. З гэтай нагоды Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра магчымыя наступствы і перспектывы экалагічнага развіцця.
Улічваючы стан жыллёва-камунальнай гаспадаркі трэба быць падрыхтаваным да падобных падзей ужо ў найбліжэйшы час па ўсёй краіне, а не толькі ў Мінску. Пра праблемы ў сферы сведчаць і дзяржаўныя органы.
У канцэпцыі развіцця ЖКХ урадам краіны пазначаныя наступныя недахопы:
Падзеі ў суседніх краінах з падобнымі праблемамі таксама выклікаюць занепакоенасць. Магчыма, выбух у шматкватэрным будынку ў Кіеве ў чэрвені 2020 года нагадае жыхарам вялікіх і не толькі гарадоў, што трэба быць пільнымі і самім намагацца сачыць за станам усіх камунікацый у сваіх дамах, не давяраючы адпаведным службам.
Крыніца – liga.net
Калі вам падасца, што такія трагедыі, як кіеўская, не маюць месца ў Беларусі, вы памыляецеся. Напрыклад, падчас выбуху у Лагойску ў лютым 2012-га загінула адна асоба, былі зруйнаваныя 9 кватэр.
Відавочна, што акрамя згаданых у дзяржаўнай канцэпцыі праблем у ЖКХ рэч не толькі ў камунікацыях, пабудаваных за савецкім часам. Сама ідэя пабудовы гарадоў ужо маральна не адпавядае кірункам развіцця эканомік і грамадстваў.
Таму трэба быць гатовымі да магчымага выбуху назапашаных дзеясяцігоддзямі праблем са смеццем, вадой, адключэннем электрычнасці, каналізацыяй і г.д.
Іншы і даволі істотны адмоўны аспект працягу практыкі пабудовы шматпавярховых раёнаў, ушчыльнення ў гарадах — сацыяльны.
Даследаванні даводзяць, што жыхары такіх дамоў і кварталаў імкнуцца адмежавацца ад суседзяў, самі максімальна разрываюць кантакты з соцыумам, не ўспрымаюць «месцы агульнага карыстання» як свае. Адпаведна, не адчуваюць адказнасці за іх захаванне. Вялікая частка насельніцтва «гарадскіх гета» не мае жадання імкнуцца да экалагічна адказных паводзінаў (раздзельны збор смецця, ашчаднае карыстанне рэсурсамі і г.д.).
У такой атмасферы значныя пласты насельніцтва ўвесь час сутыкаюцца і знаходзяцца ў негатыўнай атмасферы, адчуваюць кожны дзень хібы шчыльных кантактаў у соцыуме. Адсюль і шматлікія сацыяльныя хваробы: ад алкагалізму і наркаманіі да масавай злачыннасці. З іншага боку — нізкая грамадская актыўнасць і «атамізацыя».
Перспектыва дэурбанізацыі
Сёння ў краінах нашага рэгіёна адбываецца татальнае ўшчыльненне, забудова кожнага лапіка зямлі ў цэнтральных частках гарадоў і на ўскраінах. Такія захады толькі дадаюць нагрузку на камунікацыі, не разлічаныя савецкімі канструктарамі на такі ўзровень спажывання вады, энергіі, эксплуатацыі дарог.
Калі зірнуць на водны крызіс у Мінску з перспектывы далейшай разбудовы горада па старых лякалах, можа падацца, што ў фантастычных раманах з апісаннем эпідэміялагічных катастроф, трагедый, звязаных з аварыямі на смеццемагільніках, вадасховішчах ці электрастанцыях, апісаная зусім не далёкая будучыня.
Пры захаванні сённяшняга ўзроўню забудовы і эксплуатацыі прыродных рэсурсаў цалкам імаверна, што колькасць такіх крызісных сітуацый будзе толькі нарастаць.
Пластыкавыя адкіды: экалагічны выклік для Беларусі
Даволі перспектыўнай ідэяй на фоне апошняга воднага крызісу ў Мінску выглядае канцэпцыя дэурбанізацыі. То бок рассяленне жыхароў гарадоў у прыватныя дамы ў далёкіх прыгарадах, а таксама арганізацыя новых мястэчак і пасёлкаў. І гаворка зусім не пра знакамітыя «аграгарадкі».
Дэурбанізацыя ўлічвае больш за магчымасць разгрузіць гарады, якія з’яўляюцца сёння не толькі небяспечнымі для людзей з пункту гледжання эпідэмій, трагедый у ЖКХ, але і пунктамі назапашвання шматлікіх эканамічных праблем.
Асаблівая роля ў рэальна спраектаваных прыгарадах належыць пабудове тэхнапаркаў побач. Што ў перспектыве дасць працу жыхарам такіх невялікіх мястэчак і прыцягне інавацыйныя вытворчасці. Сучасныя, менш шкодныя, канкурэнтаздольныя.
Такія тэндэнцыі цяпер ахопліваюць усё большую частку заходніх краінаў. У тым ліку і ЗША, дзе, здавалася б, прыватнае жыллё найбольш запатрабаванае на рынку. Але і Паўночную Амерыку закранула дэурбанізацыя як шматэтапны і шматбаковы працэс.
У Еўрапейскім саюзе існуе шмат праграм, разлічаных і на краіны-ўдзельніцы, і на суседнія краіны, па развіцці лакальных супольнасцяў, мясцовых эканомік, грамадскіх ініцыятыў, скіраваных на адраджэнне і стымуляцыю актыўнасці ў невялікіх мястэчках. Што таксама неабходная ўмова для дэурбанізацыі.
Папярэджанне як стымул да дзеяння
У канцэпцыі дэурбанізацыі ёсць плюсы, якія не толькі адаб’юцца на розных сферах жыцця ў найбліжэйшай перспектыве, але могуць дапамагчы эканоміцы Беларусі пераадолець сённяшні крызіс тут і цяпер.
Цяпер самы час успомніць крызісы 2008 і 2011 гадоў!
Відавочна, што перасяленне гарадскіх жыхароў у вясковыя раёны, змена трэндаў у будаўніцтве і цэнтралізаванай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў станоўча паўздзейнічае на экалагічную абстаноўку ў краіне.
Малапавярховае будаўніцтва не патрабуе такіх маштабных цэнтралізаваных сістэм па водазабеспячэнні, утылізацыі смецця і іншых.
Лакальныя крыніцы вады могуць задаволіць попыт мястэчак з малой колькасцю насельніцтва.
Магчымыя крызісы, падобныя на мінскі водны, не будуць мець наступстваў для такой вялікай колькасці жыхароў. Такога кшталту канцэпцыі прадугледжваюць таксама выкарыстанне альтэрнатыўнай энергетыкі, скарачэнне выдаткаў на захаванне інфраструктуры і рэнавацыю.
Беларускія ўлады ўжо шмат гадоў абмяркоўваюць магчымасці пераносу шкодных вытворчасцяў за межы гарадоў. Але тэндэнцыяй гэтыя працэсы так і не сталі. Гарады па-ранейшаму з’яўляюцца засяроджваннем экалагічна небяспечных прадпрыемстваў.
Цалкам імаверна, што рэалізацыя праектаў па дэурбанізацыі падштурхне ўлады да рэструктурызацыі і мадэрнізацыі прамысловасці.
Размеркаванне выкідаў вытворчасці на вялікія тэрыторыі, а не засяроджанне ў гарадскіх межах можа разгрузіць праблемныя пункты экалагічнай напружанасці, якімі сёння з’яўляюцца беларускія гарады.
Насельнікі невялікіх мястэчак, прыватных дамоў падчас рэалізацыі праграм па экалагічнай адукаванасці могуць былі больш адказнымі і ашчадліва ставіцца да наваколля.
Як тлумачыць прафесар з кафедры агульнай сацыялогіі факультэта сацыяльных навук Вышэйшай школы эканомікі Расіі Мікіта Пакроўскі, «гараджане, якія перасяляюцца за горад, натуральным чынам падтрымліваюць мясцовую сельскую гаспадарку на тым узроўні, які дыктуецца запытамі іх рэальнага спажывання».
Магчыма, гэта падштурхне мясцовыя прадпрыемствы і спажыўцоў да вытворчасці і спажывання больш натуральнай ежы, якую можна будзе вырошчваць з меншай шкодай для наваколля. Разумнае размеркаванне рэсурсаў і аналіз рынку дапаможа скараціць перавытворчасць, што можа знізіць сабекошт харчавання.
Таму неабходна ўлічваць і эканамічныя плюсы падчас планавання дэурбанізацыі.
Для пачатку працэсаў ад дзяржавы спатрэбіцца распрацоўка праграм па стымуляцыі гарадскога насельніцтва да змянення месца жыхарства і ладу жыцця.
Неабходнай умовай будзе не толькі пабудова прыватнага жылля ў вялікіх аб’ёмах, але і развіццё інфраструктуры. На такія сучасныя праекты ёсць вімавернасць прыцягнуць сур’ёзныя замежныя інвестыцыі.
Бо сучаснае будаўніцтва ёсць інавацыйным, што адрознівае яго ад састарэлых праектаў, якія дасюль будуюцца ў гарадах пры ўшчыльненні забудовы. Інвестары могуць зацікавіцца перспектывамі ўдзелу ў будаўніцтве экалагічна бяспечнага жылля з сістэмамі захавання і меншага выкарыстання рэсурсаў пры далейшай эксплуатацыі.
Цікава таксама выглядае ідэя па прыцягненні кітайскіх вытворцаў электрамабіляў на беларускі рынак. Гэты кірунак у КНР развіваецца пакуль у асноўным для ўнутранага спажыўца. Але сучасны праект па дэурбанізацыі Беларусі з развіццём інфраструктуры, з улікам пабудовы БелАЭС, можа зацікавіць кітайскіх аўтапрамыслоўцаў, якія здатныя будуць задаволіць аўтамабілямі новага пакалення беларусаў і нашых суседзяў па цэнах, значна ніжэйшых за заходнія аналагі.
Новы штуршок і ўмовы для вядзення бізнесу атрымаюць лакальныя сэрвісы, трэнды ў гандлі могуць змясціцца на мясцовыя сеткі і вытворцаў харчавання, сельгаспрадукцыі. Якія атрымаюць магчымасць насычаць сваімі таварамі новых спажыўцоў без выдаткаў на схемы па лагістыцы і дастаўцы прадукцыі ў гарады. Таксама вырабляць больш экалагічныя тавары, без неабходнасці доўгіх тэрмінаў захоўвання, з выкарыстаннем экалагічных крыніц энергіі.
Дэурбанізацыя ў тым ліку з’яўляецца і сацыяльным праектам, які закранае вялікія слаі грамадства.
Грамадзяне замест «пакояў у мурашніках» стануць уласнікамі прыватнага жылля з зямельнымі ўчасткамі. Замест безадказнага стаўлення да «месцаў агульнага карыстання» новыя жыхары робяцца адказнымі гаспадарамі сваёй уласнасці.
У атмасферы меншай шчыльнасці насельніцтва цалкам верагоднае станаўленне культуры гарызантальных сацыяльных сувязяў, з ухілам у экалагічную адукаванасць і цікавасць да грамадскага жыцця. У жыхароў з’явіцца больш магчымасцяў для пачатку свайго бізнесу, разлічанага на сэрвіс для суседзяў.
Чытайце таксама: Як зменяць беларускую канстытуцыю?
З улікам магчымасці адносна аўтаномнага існавання невялікіх мястэчак (лакальныя сэрвісы, дастаўка рэсурсаў, фермерства, гандаль) верагоднае актыўнае развіццё запыту супольнасцяў на пашырэнне ролі самакіравання і пераразмеркаванне адказнасці і функцый паміж галінамі ўлады.
Што дазволіць прыцягваць вялікія слаі грамадства да ўдзелу у кіраванні краінай.
Нельга выключаць, што дзякуючы дэурбанізацыі Беларусь здзейсніць якасна новы пераход да сучаснага, больш дасканалага і здаровага грамадства, як фізічна, так і ментальна.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!