«Выглядае на тое, што мы ствараем прастору нашай культуры авансам, навырост, не маючы сваёй дзяржавы, пазбаўленыя магчымасці сабрацца разам на сваёй зямлі, але з верай у тое, што гэта аднойчы будзе куды прыкласці». Паэтка Наста Кудасава падводзіць літаратурныя вынікі года і распавядае пра найбольш яскравыя сёлетнія выданні — перакладныя і ўласна беларускія, а таксама піша пра значныя калялітаратурныя падзеі ды вызначае ўласнае слова года.
Цяпер ніводзін тэкст, прысвечаны беларускай культуры, нельга чытаць наўпрост. Варта памятаць, як шмат важнага застаецца неназваным між радкоў — колькі імёнаў, дзеянняў, дасягненняў... Таму беларуская інфармацыйная прастора сёння — вялікая ўмоўнасць. Мы як зоркі па абодва бакі мяжы: пераміргваемся, дасылаем адно аднаму праменьчыкі-сігналы. Часам хтосьці зрываецца знічкай долу, хтосьці трымаецца і працягвае ззяць.
Тым прасцей падводзіць свае асабістыя вынікі літаратурнага года, не прэтэндуючы на аб’ектыўнасць, якая для беларусаў стала небяспечнай раскошаю. А мо тое непрамоўленае, што застаецца па-за словамі, і ёсць найвялікшай каштоўнасцю. Тым не менш тое-сёе можна назваць і ўголас.
Акурат дарэчы будзе пачаць з кнігі, назва якой як найлепей адлюстроўвае нашу культурную сітуацыю.
Зборнік украінскай паэзіі «Пра словы і цішыню паміж імі»
«Пра словы і цішыню паміж імі» — унікальная праца каманды інтэрнэт-часопіса Таўбін. Гэта зборнік перакладаў на беларускую мову ваеннай украінскай паэзіі, тэксты друкаваліся на партале цягам 2022 і 2023 гадоў. З улікам таго, якімі крохкімі выявіліся культурныя і чалавечыя стасункі ў гэтыя гады, такія супольныя кнігі-масты даюць надзею. Гэта крок да ўзаемадапамогі і ўзаемаразумення, знак салідарнасці і сугучнасці.
Пацягваючы тэму перакладной літаратуры, варта з гонарам адзначыць, што на беларускую мову перакладаецца безліч твораў — і дарослых, і дзіцячых, пералічыць усе няма шанцаў.
«Валадар пярсцёнкаў» па-беларуску. Фота з Інстаграма выдавецтва «Янушкевіч»
Напрыклад, выдавецтва «Янушкевіч» парадавала ў 2024 годзе сваіх чытачоў новымі часткамі «Валадара пярсцёнкаў» у перакладзе Ігара Кулікова. А пад новы год зрабіла яшчэ адзін падарунак: анансавала доўгачаканы выхад новай часткі Гары Потэра, чацвёртай кнігі са знакамітай серыі Дж. Роўлінг.
Сапраўдным фурорам стала «Іліяда» Гамера, якая ўпершыню была перакладзеная і выдадзеная па-беларуску сёлета.
Але не менш цікавым мне бачыцца тое, як беларуская літаратура прадстаўленая ў свеце, на якіх мовах яна пачынае гучаць у розных куточках зямнога шара. Так летась мяне акрыліла ашаламляльная анталогія беларускай літаратуры па-дацку, гэта была сапраўдная падзея.
А сёлета такой падзеяй можна смела лічыць выданне анталогіі беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя «Il mondo è finito e noi invece no» («Свет скончыўся, а мы — не»). Актуальныя вершы беларускіх паэтаў загучалі па-італьянску. Беларусь адкрываецца свету, набывае новыя галасы і інтанацыі. Над анталогіяй працавалі перакладчыкі Джулія Дэ Фларыа, Алесандра Акілі, Мая Галаванава. Афармляла кнігу беларуская мастачка Святлана Сафія Дземідовіч. Зборнік ужо быў прэзентаваны ў некалькіх гарадах Італіі.
Анталогія беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя па-італьянску. Фота з Фэйсбука Дзмітрыя Строцава
Тут будзе дарэчы згадаць, што ў 2024-м паспяхова працягваў жыць праект freeallwords, мэтай якога ёсць прыцягненне ўвагі еўрапейскіх перакладчыкаў да беларускай і ўкраінскай паэзіі. У новым сезоне былі адабраныя для перакладу тэксты 8 беларускіх паэтаў, сярод іх Уладзімір Някляеў, Надзея Гарэцкая, Уладзімір Лобач. Агулам на сёння ў праекце задзейнічаныя 29 беларускіх аўтараў, іх творы перакладзеныя на 13 еўрапейскіх моваў.
Рупліва выдае беларускіх аўтараў па-польску выдавецтва KEW, адкрываючы нас польскаму чытачу. Сёлета іх калекцыю выданняў папоўніла рэдкай прыгажосці кніга Уладзіміра Някляева «Без Айчыны».
Кніга Уладзіміра Някляева «Без Айчыны»
Таксама ў KEW пабачыў свет зборнік паэзіі Дзмітрыя Строцава.
Зборнік паэзіі Дзмітрыя Строцава. Фота з Фэйсбука Дзмітрыя Строцава
Не межы вызначаюць Еўропу, а агульныя каштоўнасці. І хочацца верыць, што праца, скіраваная на салідарнасць, чуласць, узаемапавагу і спачуванне, будзе мець плён.
Усцешыла прэмія мэра Вільні для спадарыні Ванды Марцінш душ Рэйш. Паэтка была ўганараваная за кнігу «Маланкі над Вільняй», што выйшла да дня нараджэння Вільні на трох мовах, ключавых для аблічча гэтага горада, — беларускай, літоўскай, польскай. Сама аўтарка лічыць сваю грамадскую дзейнасць нават больш важнай, чым літаратурную. І бачнасць гэтых высілкаў, іх дацэненасць толькі пацвярджае, што нішто не дарэмна і варта працягваць рабіць сваё — працаваць на аб’яднанне народаў, шукаць паразумення, пракладаць супольныя сцежкі, збліжацца, а не аддаляцца.
Ванда Марцінш Душ Рэйш падчас уручэння прэміі. Фота з Фэйсбука пісьменніцы
Прэстыжнымі замежнымі прэміямі сёлета былі таксама ўганараваныя Альгерд Бахарэвіч і Святлана Курс. А значыць, папулярная тэза, нібы беларуская літаратура замкнёная на сабе і не цікавая іншым народам планеты, пакрысе пераадольваецца.
З улікам складанасці сённяшняй палітычнай сітуацыі кніг у нас выходзіць надзіва многа як у Беларусі, так і за яе межамі. Новыя выдавецкія ініцыятывы растуць як грыбы. Нават часам ёсць адчуванне неадпаведнасці, нібыта літаратуры і літаратурных імпрэз больш, чым спажыўцоў. Але я маю веру, што ў гэтым выпадку прапанова народзіць попыт.
Выглядае на тое, што мы ствараем прастору нашай культуры авансам, навырост, не маючы сваёй дзяржавы, пазбаўленыя магчымасці сабрацца разам на сваёй зямлі, але з верай у тое, што гэта аднойчы будзе куды прыкласці.
Адзначу толькі некалькі сёлетніх выданняў, якія мне запомніліся.
Нованароджанае нефармальнае выдавецтва «Лысы Чэрап» выдала кнігу Канстанціна Чарухіна «Звезда и вор». Рукапіс гэтай светлай дзіцячай гісторыі (а мо, зусім і не дзіцячай) зрабіў некалі на мяне вялікае ўражанне, таму я доўга марыла патрымаць яе ў руках. Гэта твор поўны хараства і цудаў, якіх так не хапае цяпер.
Кніга Канстанціна Чарухіна «Звезда и вор»
У 2024 годзе пабачыў свет першы выпуск літаратурнага альманаха «Апостраф», што прыйшоў на змену легендарнаму «Дзеяслову». Грунтоўнае выданне, амаль 400 старонак вершаў, прозы, перакладаў, эсэістыкі — усё на радасць аматарам беларускага слова.
Першы выпуск літаратурнага альманаха «Апостраф»
Андрэй Хадановіч паспяхова праявіў сябе ў новым амплуа. Сёлета яго лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» выйшла асобнай кнігай і ўжо б’е рэкорды папулярнасці сярод чытачоў.
Выйшла кніга ўспамінаў «Вандроўнік. Дарогамі Міколы Купрэева», за якую я вельмі ўдзячная ўкладальнікам. Бо Мікола Купрэеў — адметны творца, мой зямляк, постаць, якую мне хацелася б лепей ведаць.
Яшчэ адна надзвычай важная сёлетняя кніга, даніна памяці вялікаму паэту і мысляру — «Праз сябе — да сусвету. Кніга пра Алеся Разанава».
Вярнуліся да творчага жыцця многія аўтары майго пакалення, ад якіх мне даўно хацелася атрымаць літаратурную вестку. І на шчасце, сёлета выдалі кнігі Наста Манцэвіч, Павел Капанскі, Тацяна Нядбай, Раман Абрамчук, Сяргей Краўчанка і многія іншыя.
Мне заўжды падавалася, што мы — дзеці, згубленыя ў 1990-х. Там засталіся нашы надзеі, планы, наш імпэт. Думаю, тое, што цяпер маё пакаленне вяртаецца да актыўнага маўлення, — невыпадковы феномен.
Не толькі мастацкія кнігі працягваюць актыўна выходзіць.
Манаграфія Віктара Шадурскага «Нараджэнне беларускага Левіяфана. Беларусь: ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарнага рэжыму (1990-1996)». Фота з Інстаграма Аляксандры Канафальскай
Хачу падзяліцца радасцю ад з’яўлення на свет манаграфіі Віктара Шадурскага «Нараджэнне беларускага Левіяфана. Беларусь: ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарнага рэжыму (1990-1996)». Аўтар даследуе прычыны правалу дэмакратычных пераўтварэнняў на пачатку 1990-х, настроі беларускага грамадства падчас здабыцця нашай краінай незалежнасці. Гэтыя каштоўныя назіранні могуць вельмі дапамагчы нам сённяшнім зразумець памылкі мінулага і прадбачыць магчымыя шляхі далейшага развіцця беларускага народа.
Усё вышэйпералічанае — толькі маленькая кропля ў акіяне кніжных здабыткаў 2024 года. А значыць, нездарма беларускія выдаўцы атрымалі сёлета званне «Людзі свабоды», што мяне вельмі расчуліла. Гэта кранальная адзнака для ўсіх, хто працягвае працу як за межамі Беларусі, так і ўнутры яе. І тым больш кранальная, што пацвярджае неўміручасць папяровай кнігі і сілу беларускага слова.
Я ўдзячная кожнаму выдаўцу за працу, але як паэтка хачу адзначыць берлінскае выдавецтва hochroth minsk, якое спецыялізуецца на выданні і актыўнай прамоцыі акурат сучаснай беларускай паэзіі.
За кожнага паэта, хто «не самотны і кнігу мае» мне заўжды радасна, але тут хочацца асаблівыя словы адрасаваць цудоўнай кнізе Сяргея Прылуцкага «Нічога нястрашнага», той, якую Андрэй Хадановіч назваў адной з «самых шчырых, пранізлівых і балючых кніг у нашай сучаснай паэзіі». Кнігу склалі вершы, напісаныя пасля 2022 года ў Бучы, дзе паэт жыве з сям’ёй і дзе быў заспеты вайной.
Кніга Сяргея Прылуцкага «Нічога нястрашнага». Фота з Фэйсбука Сяргея Прылуцкага
Што яшчэ цікавага адбылося з літаратурай і літаратарамі, апрача новых кніг?
Напрыклад, цыкл лекцый «Беларусь і будызм», які апублікаваў Макс Шчур на сваім канале. Нетрывіяльная тэма ў падачы аднаго з самых арыгінальных беларускіх творцаў, безумоўна, вартая ўвагі.
Незвычайную працу робіць Алег Мінкін. Летась ён пад новы год быў прадставіў свой праект «Антыкалька», аўтарскі «Слоўнічак расейска-беларускіх адпаведнікаў», над якім паэт працаваў больш за 20 гадоў. А сёлета, ізноў пад новы год, пад ялінку аматарам прыгожага пісьменства, Алег Мінкін падарыў чарговую напрацоўку. Ягоны слоўнік займеў яшчэ адну цікавую фунцкцыю — «Рыфмар», яна дазваляе падбіраць рыфмы словам.
З’явіўся грунтоўны партал bellit.store, які паставіў сабе за мэту збіраць водгукі на сучасныя беларускія кнігі. Сайт дзейнічае на валанцёрскіх пачатках і заахвочвае развіваць беларускую літаратурную крытыку, праца яго выклікае ў мяне захапленне. Здаецца, аналагаў у нашай інфармацыйнай прасторы яшчэ не было.
Было б няшчыра не згадаць і мае асабістыя дасягненні 2024 года. Наша са Святланай Дземідовіч супольная кніга «Побач» атрымала прэмію Наталлі Арсеннневай і прэмію Міхала Анемпадыстава. З прэзентацыямі мы паспелі наведаць сёлета не толькі польскія гарады, але Талін, Вільню, Рыгу, Капенгаген. Я ўдзельнічала ў міжнародных фестывалях, ладзіла ў Гданьску «Культсалонік», выступала перад дзецьмі ў беларускіх школах Польшчы. Нягледзячы на бясконца трывожны фон жыцця, гэтыя падзеі ўсё ж варта запісаць у скарбонку сэрца і быць удзячнымі за іх. Кожная з такіх паездак — не проста вандроўка.
З мазаікі спатканняў, дыскусій, прэзентацый збіраецца новая беларуская супольнасць, з усіх нашых траўмаў і паразаў мы выходзім разам да надзеі.
Кніга «Побач» у Капенгагене
Але ў рэйтынгу маіх асабістых літаратурных дасягненняў першае месца нязменна займаюць мае чытачы. Так, былі прэміі, рэзідэнцыі, выступы — гэта добра, але трымаюць сваёй цеплынёй заўжды лісты простых людзей, жывыя абдымкі, добрыя словы. А падарункі, якія мне прыносяць штораз на сустрэчы, займаюць усё большую прастору ў маёй кватэры, ствараючы сапраўдны музей народнай любові, музей прыгажосці беларускіх сэрцаў.
Таму маё слова года — людзі. Нашы людзі, нашы беларусы — сціплыя і шчырыя, здольныя на салідарнасць, падтрымку, чуласць. Мо таму і літаратурныя вынікі маем такія багатыя, бо ёсць для каго ствараць.
Наста Кудасава, Budzma.org