Выйшлі «Беларускія Калыханкі», укладзеныя Сержуком Доўгушавым

Выйшла кніга «Беларускія Калыханкі», якую ўклаў музыка, папулярызатар фальклёру Сяржук Доўгушаў. Дапамагала ў выпуску каманда ініцыятывы Tradycyja / ЭтнаТрадыцыя і Studio Magenta. Сродкі на выданне былі сабраныя праз краўдфандынгавую платформу Gronka, піша bellit.info.

«Bielaruskija Kalychanki»

У кнізе сабраныя калыханкі з усіх этнічных беларускіх рэгіёнаў, у тым ліку Падляшша і Палесся. Галубок, пеўнік і, вядома, любімы каток — усе гэтыя знаёмыя персанажы ажываюць на старонках кнігі дзякуючы цудоўным ілюстрацыям. Гартаючы кнігу з дзіцём, вы вандруеце па магічным свеце, па краіне мараў і сноў. Заспяваць калыханку можа кожны, тут не патрэбная спецыяльная музычная адукацыя, бо галоўная каштоўнасць не ў майстэрстве, а ў гаючым голасе роднага чалавека, які дае адчуванне цеплыні і бяспекі.

«Больш за год я працаваў над ёй: шукаў і адбіраў калыханкі з розных куткоў Беларусі, укладаў, пісаў тэксты. Потым — распрацоўка ідэі, абмеркаванні, макет... І вось яна — гатовая!» дзеліцца навіной музыка Сяржук Доўгушаў і дадае, што прысвячае кнігу сваёй дачцэ Эвеліне.

Siaržuk Doŭhušaŭ z dačkoj Evielinaj Сяржук Доўгушаў з дачкой Эвелінай і кнігай «Беларускія Калыханкі». Фота Аляксандр Драгавоз

Разам з кнігай выйшаў і студыйны альбом «Калыханкі», які запісала Воля Дземка з гуртом VOLYA. Усе трэкі, разам з аўтэнтычнымі запісамі, можна паслухаць па QR-кодах у кнізе.

Кніга праілюстраваная Tikava_studio, а таксама мае пераклады на ангельскую мову і ноты.

«Беларускі Калыханкі» ужо можна набыць у кнігарні «Кнігаўка» (як ужывую, так і анлайн), на Allegro, а таксама на жывых прэзентацыях, якія плануе праводзіць Сяржук Доўгушаў.