Хлеб — над панамі пан

Цягам ХХ ст. была страчаная сувязь, пераемнасць традыцыі, забытыя здабыткі кухараў, пекараў і хатніх гаспадынь. Выпяканне хлеба з дробных прыватных пякарняў (часцяком сямейных) было перанесенае ў буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Перад імі стаіць мэта задавальнення патрэбаў вялікай колькасці людзей цаной мінімальных выдаткаў. З гэтай прычыны тэхналагічныя працэсы на прадпрыемствах адрозніваюцца ад традыцыйнага падыходу, які людзі выкарыстоўвалі сотнямі гадоў. У выніку прамысловасць вырабляе проста матэрыяльны аб’ект, які не ўвасабляе пэўнай ідэі.

Таму не дзіва, што хлеб такога кшталту амаль страціў сваё пачэснае месца ў нацыянальнай культуры. Хлеб цяпер успрымаецца занадта простым, каб мець значэнне. Але на маю думку, гэтая простасць уяўная. За ёй стаяць дасканаласць і грунтоўнасць. І галоўнае, з чым атаясамліваецца хлеб, — глыбокая ўкарэненасць у роднай зямлі.

Хлеб стаў звычайным, аднак і сёння для большасці з нас падсвядома застаецца прадуктам сімвалічным, базавым і значна больш важным за “сімвалічныя” дранікі. Мы адчуваем гэта кожны раз, як бяром важкі бохан у рукі і павольна кроім яго для тых, хто побач з намі.

Сімвалічнасць хлеба цяжка аспрэчыць. Стагоддзямі ён быў прадуктам не проста значным для харчавання, ён меў асаблівае значэнне. Хлеб уважалі за самы каштоўны, Божы дар, ён увасабляў дабрабыт земляроба, вынік ягонай гадавой працы, долю, шчасце сям’і.

Кшталт кухні быў сфармаваны сельскай гаспадаркай. І беларуская кухня адлюстроўвае земляробчы яе характар.

У належных умовах збожжа і крупы могуць захоўвацца вельмі доўга, але ў чыстым выглядзе яны непрыдатныя для харчавання, таму вымагаюць апрацоўкі. З гэтай прычыны вялікую ролю ў нас адыгрываюць разнастайныя крупяныя, мучныя стравы і хлеб. Аднак вараныя крупы (кашы) ўжо нельга захоўваць працяглы час і нязручна браць у дальнюю дарогу. Хлеб тут мае безумоўную перавагу, бо ў гатовым да ўжытку выглядзе не патрабуе спецыяльных умоваў і захоўваецца адносна доўга.

Хлеб ніколі не быў бядняцкай ежай. Яго спажывалі ўсе саслоўі, але, вядома, у рознай колькасці. Проста для сялян гэта было самае даступнае харчаванне. “Главную, повсюдную, первую, а часто и последнюю, т.е., другими словами, преимущественную пищу крестьян составляет хлеб. Им начинается и кончается всякая еда; он сопутствует работнику в поле, путнику в дороге; с хлебом встречают и провожают дорогих гостей, не исключая и “почаснаго госцика”, когда тот отправляется в последнее убежище на земле”.

Уладзімір Караткевіч у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” так апісвае голад, што адбыўся ў пачатку XVI ст. у Гародні: “Удавалася, што праўда, лавіць рыбу. Ды што рыба? Рыбаю тою кішаць рэкі. Удавалася нават, з вялікай асцярогай, лавіць сілом зайцоў, і быў аднойчы выпадак — лань. Мяса і рыба былі — гэта праўда. Але дарослыя ўжо цэлы год дасыта не елі хлеба, часам месяцамі не бачылі яго”.

Таму і казалі людзі: “Не бяда, што ў хлебе лебяда — тады бяда, калі хлеба няма”. І заможны селянін захоўваў збожжа ў клецях і 3, і 4 гады: “Несмотря ни на какие урожаи, ни на какую рыночную горячку он не особенно спешит продавать свой хлеб”.

Хлеб карыстаўся найвялікшай пашанай у людзей незалежна ад саслоўя. “Хлеб — над панамі пан”, — казалі ў нас. Кінуць кавалак долу лічылася за грэх, яго належала абавязкова падняць, пацалаваць і папрасіць прабачэння са словамі: “Даруй, Божухна!” Гэта было ці не першае, чаму навучалі дзетак з маленства і селянін, і шляхціц. У мінулым стагоддзі на гэты конт пісалі так.

“К хлебу белорусы относятся с большим почтением. <…> Крошить хлеб, сорить им — большой грех: кто так поступает, — не будет иметь хлеба. Лучше всего — хлебные крошки и корки сжигать в печи.

Почитание белорусами хлеба прекрасно иллюстрируется следующим рассказом, широко распространённым в Белоруссии. Вот этот рассказ. Один человек во время еды нечаянно уронил крошку хлеба. Испугался он, стал её искать. В это время его гумно загорелось. Бегут соседи, кричат ему: гумно горит! Он спокойно продолжает искать оброненную крошку. Нашёл, извинился перед хлебом и, перекрестившись, с благоговением съел его. Тогда бросился гумно тушить. Но в то время, когда он умилостивливал хлеб, гумно его мгновенно потухло”.

Пра пашану да хлеба існуюць і іншыя традыцыйныя сюжэты.

Маўляў, даўней хлеба было багата, і ён валяўся ў людзей “па дварэ, і пад лаваю, і ў хляве, усюды”. Бог убачыў такую непавагу да хлеба і адабраў яго ад людзей. І толькі кату і сабаку, якія пачалі прасіць хлеба, даў па каласку. З тых каласкоў ізноў пайшло ў людзей жыта.

Легенду пра павука і хлебныя крошкі дазволю сабе падаць цалкам.

“Мужчына работаў на полі ды выраніў крошку хлеба. А павуку вызначана ад Бога глядзець за хлебам. Дык ён узяў гэту крошку хлеба ды на дзерава з ёю. Тады, як стаў вецер, ён і пусціў сваю павучыну. Вецер як панёс яе, і яго з ёй як панёс — да вобалак ажны. Крошка гэта падрасла ўжо і заплеснявела. Тады ён сеў на вобалака, ды на неба. Прыйшоў к Богу, паказваець яму гэту кроўку:

— Божа, Божа, нашто ты даеш ім столькі хлеба, што яны не можуць паесці? Глумюцца з дару Гасподняга, валяюць пад нагамі, усюдых.

— Ну, — каець Бог, — я буду ім мені даваць.

Дык вот, як ясі, не нада крошак кідаць, бо павук сабіраець і к Богу на неба носіць. А Бог мені хлеба даець”.

Даўней верылі, што нават кавалак хлеба, пададзены жабраку, можа выратаваць на Божым судзе, пра што апавядае легенда: “<…> умірае той багатыр. Так чорт прынёс такі стос папераў розных з грахамі, палажыў на вагу, а анёл не мае чаго класці, так пасмутнеў і стаіць сабе ў куточку. Нарэшце прыпомніў і кажа: тады і тады ён кінуў за жабраком булку хлеба. Зара гэта ўзяў анёл тую булку, палажыў на вагу, так яна ўсе паперы чорта пераважыла, і той застаўся святым”.

Па сваёй колькасці прыказкі і прымаўкі пра хлеб пераважаюць усе іншыя, прысвечаныя харчаванню. Захаваўся шэраг цікавых прыказак, у якіх ён звязваецца з сямейнікамі:

“Хлеб не зяць — паглядзяць ды з’ядзяць”.

“Хлеб не нявеста: як спячэцца, так і з’есца”.

“Хлеб не свякроў, з’ядзім да Пакроў”.

“Хлеб не маці, не будзе касцей аб’ядаці”.

З хлебам выпраўляліся ў дарогу і на святочную бяседу. Ішлі ў адведзіны і на хрэсьбіны, у сваты, на вяселле і зноў у адведзіны — сустракалі самыя радасныя падзеі з боханам хлеба як з сімвалам кола жыцця.

Алесь Прышывалка, кіраўнік праекта ŽORNY