Як называюцца ягады і садавіна ў розных рэгіёнах Беларусі

Чарэшля, мыдвэдыны, гарабіна. Што значаць гэтыя назвы ягад і садавіны? У Беларусі існавала і існуе дагэтуль розная колькасць назваў звычайных для нас раслін, у прыватнасці ягадаў. PALATNO расказвае, як называюцца ягады і садавіна ў розных беларускіх рэгіёнах.

Rabina

Чарэшня

У чарэшні былі тры розныя назвы на беларускіх землях. Па-першае, назва чарэшня была агульна ўжыванай на ўсходзе і захадзе, поўдні і поўначы Беларусі. Аднак існавалі рэгіянальныя адрозненні.

Напрыклад, на Гродзеншчыне зафіксавана назва чарэшля.

Ад Гродзеншчыны да Гомеля, абмінаючы Палессе, зафіксавана назва цярэшня.

Плады дзікай яблыні

Назвы пладоў дзікай яблыні па ўсяму абшару беларускіх зямель вар’іраваліся.

Найбольш распаўсюджанай назвай была дзічкі. Гэту назву фіксавалі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, так называлі плады дзікай яблыні і на Палессі, і на Віцебшчыне.

На ўсходняй частцы Віцебскай і Магілёўскай абласцей больш распаўсюджанымі назвамі былі лясоўкі, ляскоўкі і паляўкі.

На Палессі і Гомельшчыне дзікія яблыкі называліся алескавыя яблыкі, лясныя і лесавыя яблыкі. А ў заходняй частцы Гродзеншчыны, бліжэй да Гродна, такія плады называлі проста дзікімі яблыкамі.

Рабіна

Рабіна мела не так шмат варыяцый. У асноўным яе так і называлі — рабіна. Аднак у паўднёва-заходняй частцы Беларусі яе называлі арабінай. На частцы Гродзеншчыны, бліжэй да Мінскай вобласці, дрэва мела назву гарабіна. На самым ускрайку захаду Брэсцкай вобласці існавала назва ораб.

Ажыны

Зусім розныя назвы былі ў ажыны. Гэтыя ягады называліся ажавінамі на Віцебшчыне і паўднёвай частцы Міншчыне. Ля Віцебска ажыны называлі сербалінамі і сурмалінамі. На землях паміж Мінскам і Магілёвам была распаўсюджана назва жавіны.

А яшчэ ў цэнтральнай Беларусі адзінкава зафіксавана назва ягада ажэўніка. Таксама на Мядзельшчыне па-свойму называлі ажыну — чорнай малінай.

Аднак больш распаўсюджанай назвай на беларускіх землях было — ажыны.

На Палессі ажыны называлі яшчэ як мыдвэдыны, яжыны, важыны. Назва мыдвэдыны была распаўсюджана і ля Гродна.

Čornyja parečki

Чорныя парэчкі

Назва чорнай парэчкі ў Беларусі размяжоўвалася дзякуючы захаду і ўсходу. У заходняй частцы ягады называліся смуродзінай, а ва ўсходняй — смародзінай. На Магілёўшчыне чорныя парэчкі называлі смуродай. У паўночна-заходняй Беларусі зафіксавана назва смароднік.

Ва ўсходняй частцы Гродзеншчыны чорныя парэчкі называліся баке.

А ці называлі чорныя парэчкі ў Беларусі ўласна парэчкамі? Так! Такія назвы зафіксаваны ў паўночнай частцы Мінскай вобласці і на ўсходняй частцы Гродзеншчыны.

Суніцы

У заходняй частцы Беларусі суніцы называліся пазёмкі. Але найбольш распаўсюджанай назвай была суніцы.

На Магілеўшчыне, частцы Гродзеншчыны і Міншчыне суніцы называліся чырвонымі (краснымі) ягадамі.

Землянікай называлі гэты ягады адзінкава ля Віцебска і Магілёва.

Šypšyna


Журавіны

Журавіны так і называлі журавінамі амаль па ўсёй беларускай тэрыторыі. Аднак у кожным з рэгіёнаў існавалі свае адрозненні.

На Брэстчыне ўжывалася назва журахліны і жураўліны. На ўсходзе Беларусі разам з журавінамі выкарыстоўвалі назву клюква.

Шыпшына

У цэнтральнай і паўднёвай частках Беларусі шыпшыну так і называлі шыпшынай. Часткова ў цэнтральнай і ўсходняй частках ягаду называлі дзікай розай.

У заходняй Беларусі распаўсюджана назва шыпшыннік і чыпчыннік. А на ўсходзе шыпшыну часцяком называлі шыпоўнікам.