Ці бывае ў вас такое адчуванне, што пасля выходных патрэбны яшчэ адны выходныя? Калі з адпачынку прыходзіш яшчэ больш стомлены, чым да яго? У гэтым матэрыяле мы сабралі 7 практычных парад, што варта зрабіць, каб адпачынак напоўніў вас энергіяй і новымі сіламі.
Ілюстратыўнае фота psyh-olog.ru
Парада 1
Самае першае і важнае — дазвольце сабе адпачываць! Вельмі часта мы быццам на выходных (у адпачынку) і нават з’ехалі з дому, каб адпачыць. Але пры гэтым нашы думкі круцяцца вакол працы: а як там прасоўваецца наш праект? А ці прыгатуе хто вячэру для сямейных? А хто прыбярэцца ў кватэры?.. І бясконцыя спісы справаў не даюць спакою. А ёсць такія аматары, што пачынаюць яшчэ сябе вінаваціць — вось я тут гультайнічаю, а дома столькі працы ляжыць! З такімі думкамі можна смела ставіць крыж на марах пра тое, што адпачынак прынясе палёгку, дадась вам энергіі і сілаў. Выснова тут відавочная: проста дазвольце сабе адпачываць і думаць пра прыемнасці і адпачынак. Зямля не перастане круціцца, і Сонца не згасне, калі некаторы час вы будзеце адпачываць і не думаць пра працу.
Парада 2
Гэта парада для тых, хто мае сям’ю. Часта яны трапляюць у сітуацыю: ад працы «адпачываю» дома, ад хатніх клопатаў «адпачываю» на працы. І ў выніку паўнавартаснага адпачынку няма. Варта раздзяляць адпачынак з сям’ёй і свой уласны. Так, выезд з дзецьмі на прыроду альбо паход на мульцікі — гэта прыемнае баўленне часу і цудоўная альтэрнатыва «пралёжванню канапы». Але ж у такіх выпадках вы ўсё роўна напружаныя, бо несяце адказнасць не толькі за сябе. Выйсцем будзе дамова з роднымі, што, напрыклад, раз на месяц вы маеце дзень для сябе: пасядзець у любімай кавярні, сустрэцца з сябрамі, прагуляцца самому па парку, пачытаць любімую кніжку ці нават проста паваляцца на той самай канапе. Альбо — пару гадзін на тыдзень. «Графік» вызначайце ад сваіх патрэбаў і магчымасцяў. І, канешне, не забывайцеся даваць такі ж адпачынак «для сябе» іншым сямейнікам.
Парада 3
Знайдзіце сваё «месца сілы». Гэта можа быць лес, лазня, бліжэйшы скверык, лецішча, кавярня на другім канцы горада — любое месца, дзе вам утульна, хораша і вы, пабываўшы там, напаўняецеся энергіяй. І старайцеся бываць там не радзей аднаго раза на 2-3 тыдні.
Парада 4
У наш час, запоўнены мэсэнджарамі і інфармацыйнымі плынямі з усіх бакоў, вельмі важна знайсці час на адзіноту. Каб аднавіць свае сілы, кожнаму чалавеку неабходна хаця б некалькі гадзін на месяц пабыць аднаму, без аніякіх камунікацый з грамадствам. Гэта час, калі наш мозг можа асэнсаваць усё, што адбываецца ў нашым жыцці, раскласці ўсё «па палічках», выдыхнуць і выбудаваць стратэгію далейшага жыцця.
Самадысцыпліна: пракачваем сябе
Ёсць у чалавечага мозга такая асаблівасць — патрэба аналізаваць тое, што адбываецца і будаваць/карэктаваць стратэгіі далейшага жыцця. Калі не даваць сабе моманты адзіноты, мозг будзе займацца гэтым аналізам «у фонавым рэжыме», адцягваючы ваш працоўны рэсурс. І, канешне, малаэфектыўна — таму раздражнёнасць і стома будуць назапашвацца і назапашвацца.
Парада 5
Час ад часу варта рабіць сабе «перазагрузку», каб уздрыгануцца. Лепш за ўсё, калі гэта спалучае ў сабе фізічную актыўнасць і выхад па-за межы таго, што вы сабе дазваляеце ў паўсядзённым жыцці. «Дзікія» танцы, бойка падушкамі, узяцце снежнай вежы, гучныя спевы ля вогнішча — усё, што вам падкажа фантазія. Паспрабуйце нешта новае, не характэрнае для вас. Дайце магчымасць сабе пабыць несур’ёзным, гарэзлівым як у дзяцінстве.
Парада 6
Добры адпачынак мусіць утрымліваць у сабе нешта новае. Псіхолагі сцвярджаюць, калі ў вас будзе 20% новага падчас адпачынку, яго эфектыўнасць павысіцца ў разы. Менавіта на гэтым грунтуецца перавага «выязднога» адпачынку перад хатнім. Але, калі выправіцца ў вандроўку не атрымліваецца, 20% навізны можна дасягнуць і праз іншае. Новае адзенне, новыя віды дзейнасці, перастаноўка мэблі, новыя стравы, іншы распарадак дня, новыя маршруты — заўжды можна штосьці прыдумаць!
Парада 7
Гэтая парада для штодзённага невялікага адпачынку. Яна падыдзе творчым людзям з жывым уяўленнем. Але! Такое ўяўленне можа развіць у сабе кожны — гэта не прыроджаная здольнасць, яна лёгка пракачваецца. Уяўляем сабе самую цудоўную мясціну, якую вы толькі можаце сабе ўявіць (палянка ў чароўным лесе, узбярэжжа сіняга акіяна — усё, што вам падабаецца). У гэтым месцы «будуем» сваю творчую майстэрню. Гэта можа быць маленькая хатка ці нават альтанка, а можа быць і велізарны палац — абмежаванняў тут няма. У гэтай майстэрні «раскладаем» неабходныя вам рэчы: кнігі, інструменты, прылады працы і г.д.
І вось, калі ў штодзённым віры справаў адчуваеце, што ўсё, гамон, сілаў няма, проста знайдзіце ціхае месца, заплюшчыце вочы і перанясіце сябе ў гэтую майстэрню. Тут вы можаце заняцца, чым хочаце — граць на музычных інструментах, ляпіць з гліны, выконваць харэаграфічныя нумары вялікай складанасці... Хвілін на 20 пабудзьце там, у сваіх марах. І вы адразу адчуеце прыліў новых сіл на тое, каб змагацца з паўсядзённымі справамі.
Вікторыя Лебедзева, budzma.by