Часам нам падаецца, што вяртанне 25 сакавіка як свята незалежнасці і памяті пра БНР – выключна традыцыя 1990-х і нулявых, час мітынгаў і боек з міліцыяй. Разам з тым, дату абвяшчэння БНР пачалі шанаваць… ужо праз год пасля выхаду ІІІ Устаўной граматы.
Першае ў гісторыі святкаванне 25 сакавіка прайшло ўжо ў 1919 годзе, калі ўрадоўцы БНР сабраліся ў Горадні: Мінск быў заняты бальшавікамі. Як гэта было? Тэатральныя пастаноўкі ў клубе “Беларуская хатка”, прамовы, дэкламацыі і, канечне, банкет. Захавалася пара здымкаў урадоўцаў і гасцей у кампаніі афіцэраў беларускага палка і дзяўчат за раскошна, як на ваенны час, накрытым сталом… На стале там-сям бачныя невялічкія бел-чырвона-белыя сцяжкі ды выцягнутыя вінныя бутэлькі з цёмнага шкла.
Водападзел і “іхнае свята”
У рэаліях падзеленай Беларусі міжваеннага часу беларусы БССР былі пазбаўленыя гэтага сегменту памяці: БНР трактавалася як “здрада” і “нямецка-польская інтрыга”. Але і ў Заходняй Беларусі, дзе знайшлі прытулак шматлікія прыхільнікі першай беларускай рэспублікі, не ўсё было проста: існаваў водападзел.
З аднаго боку – “Грамада” і КПЗБ, якія кіраваліся савецкімі разнарадкамі і паслядоўна кпілі са святочнай даты. Добрая ілюстрацыя апошняга – публікацыі ў прасавецкай беларускай прэсе (тая ж газета “Асва”), дзе штогод у сакавіку з’яўляліся карыкатуры на тоўстых ксяндзоў, немцаў і іншых “буржуяў” за сталом з выпіўкай, маўляў, вось яно, “іхнае свята”…
З іншага боку – хрысціянскія дэмакраты, Беларускае праваслаўнае аб’яднанне, Беларускія сялянскі саюз ды рэшткі эсэраў, якія і стварылі традыцыю штогадовага адзначэння 25 сакавіка. Як гэта было? Найперш – святочная імша ў касцёле.
Першая беларускамоўная імша ў гісторыі – на 25 сакавіка
Важна, што першая беларускамоўная імша ў Вільні прайшла 25 сакавіка 1921 года, менавіта ў гонар 25 сакавіка. Вёў яе ксёндз Адам Станкевіч. Традыцыя касцельных служэнняў на 25-га не перарывалася ад 1921 да 1939 года, традыцыйна яе праводзілі Станкевіч і Гадлеўскі. Храм у польскай Вільні, што цікава, зазвычай давалі літоўцы – гэта быў альбо касцёл Св. Мікалая, альбо баніфратаў. Гэта была рэдкая магчымасць публічных палітычных казанняў для сотняў людзей, хай не на вуліцы ці плошчы, але масава і легальна.
Сёння мы ведаем тэксты тых казанняў з газетных публікацыяў беларускай прэсы і… справаздачаў польскай паліцыі, якая дзелавіта ўсё занатоўвала. Кожны ахвочы сёння можа знайсці тое ў польскім ваенным архіве ў Рэмбертаве.
“Заканчвайце хутчэй, бо есці хочацца…”
Важны фактар – гэта беларускія навучальныя ўстановы, якія легальна працавалі пры Польшчы. Віленская, Наваградская, Радашкавіцкая, Клецкая гімназіі… там паўсюдна святкавалі 25 сакавіка. Форма – чытанне вершаў, дэкламацыі, рэфераты, тэатральныя пастаноўкі і, канечне, калектыўныя спевы: “Не загаснуць зоркі ў небе…” альбо “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Падобныя формы набывала святкаванне і ў гуртках ТБШ у правінцыі. Больш левыя гурткі, арыентаваныя на камуністаў, 25-га ігнаравалі, больш правыя – далучаліся. Даехаць на ўрачыстасць у Вільню была мажлівасць не ў кожнага, таму святы адзначаліся “па-хатняму”, хай сабе і для дзясятка чалавек. За ўсім гэтым сачыла паліцыя. Ёсць цікавая згадка з 1933 года з гуртка на Баранавіччыне, калі паліцыя зайшла ў хату і папрасіла заканчваць святкаванне хутчэй, бо… есці хочацца.
“Чырвоны дзень календара”
Менавіта ў міжваенны час фармуецца звязка “незалежнасць – БНР – бел-чырвона-белы сцяг”. Тыя беларускія асяродкі, дзе святкавалася 25-га, шанавалі і нацыянальны сцяг, бо левыя вызнавалі адно “рэвалюцыйны чырвоны”. У паваенны час камуністы стварылі прыгожую легенду, як камсамольцы Заходняй Беларусі завешвалі начамі гарады і мястэчкі чырвонымі палотнішчамі. Але было і па-іншаму: на 25-га актывісты вывешвалі і нацыянальныя сцягі. Напрыклад, такі прэцэдэнт зафіксаваны ў Смаргоні ў канцы 1930-х: агаломшаная паліцыя была змушаная лазіць па тэлеграфных слупах і здымаць усё гэта зранку.
У часы адсутнасці інтэрнэту і тэлевізара ці не галоўным друкаваным прадуктам для пісьменнага вяскоўца быў адрыўны каляндар. І тут важна, што 25 сакавіка заўсёды адзначалася чырвоным колерам – гэта свята. Такім чынам, хай сабе і паўлегальна, насуперак палякам, у міжваеннай Заходняй Беларусі 25 сакавіка ператварылася ў традыцыю.
Легенда Слуцкага паўстання і Балаховіча – познія здабыткі
Цікавы казус атрымаўся са Слуцкім збройным чынам, які сёння нам бачыцца як неад’емны сегмент легенды БНР. У міжваеннай Заходняй Беларусі яго не святкавалі – ніхто! Чаму? Для камуністаў, ясна, Слуцкае паўстанне было бунтам супраць савецкай улады. Але і незалежнікам падзея падавалася сумнеўнай… праз сувязі случчакоў з палякамі, бо сказаць нешта на карысць палякаў у аўтарытарнай Польшчы, якая забараняла ўсё беларускае, падавалася “здрадай”.
Такім чынам, легенда Слуцкага збройнага чыну з’явілася ўжо нашмат пазней, у часы паваеннай эміграцыі. Легенда ж Балаховіча і яго жаўнераў – відаць, самы позні здабытак: генерала адкрыў Алег Латышонак ужо ў 1980-я. Фігура падалася сімпатычнай і “стрэліла” у 1990-я і працягвае жыццё цяпер у выглядзе прынтаў на майках і нават тату: набітых на скуру партрэтаў Луцкевіча нешта не бачна, а Балаховіча – ёсць!
Замест свята незалежнасці – свята працы
У часы нямецкай акупацыі 25 сакавіка не адзначалася маштабна – ніколі. Нягледзячы на тактычную супрацу з нямецкай адміністрацыяй часткі экс-дзеячаў БНР, любая згадка пра незалежнасць магла скончыцца ў канцэнтрацыйным лагеры. Прыклад Сцяпана Бандэры, які трапіў у Заксэнхаўзэн акурат за абвяшчэнне незалежнасці Украіны ўлетку 1941-га, відаць, шмат каго стрымліваў.
Для саміх немцаў нашмат важнейшымі датамі для масавага святкавання ў генеральнай акрузе Беларусь быў… “першамай”! З аднаго боку гэта падладжванне пад савецкую традыцыю святаў – проста з іншымі сімваламі і партрэтам Гітлера замест Сталіна. З іншага, гэта ўкладалася ў нямецкую філасофію адносна жыхароў усходніх тэрыторыяў, галоўнай функцыяй якіх мела быць праца: “першамай” – акурат свята працы.
Фармат свята. Вяртанне
Паваенная традыцыя святкавання 25 сакавіка, зноў жа, падзеленая паміж БССР і дыяспарай, расцярушанай па ўсім свеце. У Саюзе гэта былі “кухонныя” ўрачыстасці альбо выезды “ў лес на шашлыкі” ўжо ў 1980-я. Для кагосьці ў гэты дзень было важна даехаць да жывых легендаў беларускага руху, напрыклад, Ларысы Геніюш ці Зоські Верас. Для іншых сам факт наведвання Вільні 25-га быў святочным.
На эміграцыі, найперш у ЗША, Канадзе і Вялікабрытаніі, традыцыя святкавання шмат у чым нагадвала заходнебеларускую – службы ў цэрквах, танцы, пастаноўкі, песні, вершы, газеты і паштоўкі – адно што цалкам легальна, без паліцыі. Адсюль шэсці, пікеты, бел-чырвона-белыя сцягі на дамах у Кліўлендзе і Лондане, якія ўжо ніхто не здымаў.
Так, легальна ці падпольна, урачыста ці канспіратыўна, голасна ці паўшэптам, традыцыя 25 сакавіка дажыла да нашых дзён. Сімвалічна, што пасля цалкам новай традыцыі пратэсту на 25-га сакавіка, што склалася ў 1990-я, акурат сёлета, на 100-годдзе абвяшчэння БНР, памятная дата фактычна вярнулася да свайго першаснага фармату – Свята Незалежнасці.
Алесь Кіркевіч