Беларускія культурніцкія ініцыятывы паўстаюць у тым ліку пры падтрыманні прыватных грошай. Хто ім дапамагае? Піша dw.com.
Помнік Францыску Скарыне ў Мінску. Фото: Michael Runkel/ImageBroker/picture alliance
Асобныя людзі і ініцыятывы сёння працягваюць традыцыю мецэнацтва, натуральную для тэрыторыі Беларусі. Такія супольнасці як Maldzis і Клуб беларускіх мецэнатаў паказваюць, што, каб быць спонсарам беларускай культуры, не абавязкова быць мільянерам. Канцэрты, фестывалі і выданне кніг, а таксама дзейнасць інстытуцый становяцца магчымымі, дзякуючы прыватнай падтрымцы. Чым кіруюцца сучасныя мецэнаты культуры — у матэрыяле DW.
Прадпрымальнік і нашчадак слыннага роду Мацей Радзівіл падтрымлівае беларускую культуру з 2009 года, калі ўпершыню наведаў Беларусь са сваёй цёткай Эльжбетай Радзівіл — апошняй жыхаркай Нясвіжскага замку.
«Тады адбывалася рэстаўрацыя замка, і я прывёз для яго троху дробных экспанатаў, сярод іншага — жывапісную копію абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, які калісьці вісеў у капліцы замка», — успамінае мецэнат.
Так пачалася шматгадовая супраца Мацея Радзівіла з беларускімі культурніцкімі ўстановамі. У 2017 годзе, напрыклад, ён пазычыў каля 100 прадметаў са сваёй асабістай калекцыі для прысвечанай Радзівілам выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі. У 2020-м Мацей паўдзельнічаў у арганізацыі выставы ў Нясвіжскім замку — яна прэзентавала строі і біжутэрыю даўніх часоў.
«Асобы ў гэтых установах былі вельмі ахвочыя да супрацы, спадчына ВКЛ і такіх родаў як Радзівілы былі для іх важныя, і нам добра працавалася, — кажа мецэнат. — Пазней справы пайшлі так, як пайшлі, і я пачаў фінансава падтрымліваць беларускую культуру за мяжой і людзей культуры і навукі, якія мусілі ўцякаць. Гэтая мая дзейнасць непалітычная, хаця ў такія часы, як зараз, усё з’яўляецца палітыкай».
Мацей Радзівіл дапамог адбыцца некалькім буйным музычным падзеям, з’яўлецца сталым спонсарам Музея Вольнай Беларусі, падтрымаў Беларускую прэмію кінакрытыкаў «Чырвоны верас» і дзейнасць Беларускай незалежнай кінаакадэміі, асобна спансіруе працу ў гістарычным абшары і выданне кніг. Агульная сумма ягонай падтрымкі беларускай культуры толькі з 2020 года хутка дасягне мільёна злотых (каля 240 тысяч еўра).
Мацей Радзівіл. Фото: privat
«Карані маёй сям’і перадусім у Беларусі і Літве, дзесьці ў сабе я нашу схаваны пашпарт ВКЛ, — тлумачыць матывацыю Мацей Радзівіл. — Да таго ж я адчуваю ўдзячнасць тым, хто дапамагаў Польшчы вярнуць суб’ектнасць, свабоду і дэмакратыю ў 1980-х. Я сам быў заангажаваны ў антыкамуністычную дзейнасць, і дапамога асобаў і арганізацый Захаду тады была бясцэннай, дзякуючы ёй паўставалі не толькі кнігі і газеты, але і фільмы, аўдыёзапісы. Ведаю таксама, як бясцэннай была дапамога палякам у эміграцыі, якія не маглі вярнуцца ў Польшчу, але хацелі не толькі рамантаваць кватэры, але і працягваць сваю навуковую і культурніцкую дзейнасць. Сітуацыя ў Беларусі сёння горшая, чым ў Польшчы 1980-х: рэжым не толькі здзяйсняе рэпрэсіі, але і знішчае беларускую ідэнтычнасць, і гэтаму трэба супрацьстаяць, наколькі магчыма. Калі культурніцкая і навуковая эліта альбо будзе ліквідаваная, альбо не зможа працягваць дзейнасць, не будзе і краіны. Гэта будзе проста расейская губернія».
Кіраўнік IT-кампаніі Flatlogic Філіп Дайнэка стаў адным з ахвярадаўцаў для набыцця Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага ініцыятываю Maldzis. Супольнасць, названая ў гонар навукоўца Адама Мальдзіса, сярод іншага ставіць сваёй мэтай вяртанне беларускіх артэфактаў у беларускія рукі.
«Мне прапанавалі паўдзельнічаць у набыцці арыгінала Статута ВКЛ на польскай мове, і я нават не вагаўся. Яшчэ года з 2011 я цікаўлюся беларускай гісторыяй, і мне было прыемна, што мяне запрашаюць, гэта прывілегія паўдзельнічаць у такім праекце і набыць штосьці для грамадства. Трэба было сабраць пэўную суму, я паклікаў свайго сябра, ён паклікаў яшчэ кагосьці і так сабралася чатыры фундатары».
Да гэтага Філіп не меў досведу ў ахвяраванні менавіта на гістарычна-культурніцкія праекты, але мае намер працягваць і падтрымлівае сувязь з ініцыятывай Maldzis. Паводле яго, удзел у набыцці Статута меркаваў суму, пад’ёмную для любога айцішніка, тым больш калі скідвацца талакой.
«Удзел у карысных для кам’юніці праектах з’яўляецца абсалютна натуральнай часткай жыцця ў дэмакратычным грамадстве. Робячы гэта разам, мы пазнаем адзін аднаго і ўсталёўваем кантакты. Мне здаецца, у гэтым выйсце для нас як дыяспары — пакуль мы жывем за мяжой, будаваць гарызантальныя сувязі праз культуру, каб потым мець добрыя сувязі і паміж сабой, і з вонкавым светам, — дзеліцца Філіп. — Ахвяруючы, ты атрымліваеш вялікую асалоду, адчуваеш, што маеш вагу не толькі асабіста для сябе. Напэўна, гэта таксама пра лідарства, калі бізнесоўцы і кіраўнікі арганізацый становяцца прыкладам у прасоўванні беларушчыны для іншых. Мне важна быць такім прыкладам».
Клуб беларускіх мецэнатаў аб’ядноўвае тых, хто гатовы ўкладацца ў культуру асабістымі сродкамі, — і ў такі спосаб аднаўляе традыцыю мецэнацтва, што мае сваю гісторыю на тэрыторыі Беларусі. Праграміст Іван Бахцін, які сёння жыве ў Аргентыне, стаў адным з першых сябраў супольнасці.
«Я далёка не мільярдэр, я звычайны хлопец, які жыве на здымнай кватэры, — расказвае Іван. — Беларушчына была мне цікавая і раней, але для таго, каб не толькі цікавіцца, але і рабіць, я «прачнуўся» толькі ў 2020-м. Я ўжо гадоў 14 удзельнічаю ў дабрачыннасці, але з таго моманту сфакусаваўся на беларускіх патрэбах. Культурніцкі напрамак атрымлівае большасць маёй падтрымкі, бо гэта фундаментальная рэч, з якой, лічу, выбудоўваецца ўсё іншае».
Іван далучыўся да Клуба беларускіх мецэнатаў праз асабістае запрашэнне, на якое пагадзіўся адразу.
«Унёсак сябраў Клуба можа быць ад невялікага да вельмі значнага, — працягвае суразмоўца. — Мы супольна выбіраем, што падтрымаць на гэтыя грошы, а паколькі сродкі не бясконцыя, даводзіцца неяк прыярэтызаваць. Сябры супольнасці рэгулярна атрымліваюць справаздачы, як жывуць падтрыманыя праекты».
За час сваёй дзейнасці, па словах Івана, Клуб падтрымаў, напрыклад, запіс музычнага альбома, пераклад і выданне кнігі, пастаноўку спектаклю ды, калі казаць пра больш шырокія задачы, дапамагае праектам культурніцкай дыпламатыі.
«Чаго мне не стае ў беларускай прасторы як агульнапрынятага — гэта культуры ўдзельнічаць у дабрачыннасці. Некалі даўно ў артыкуле я пабачыў добрую думку, маўляў, хоць мы і не можам вырашыць усе праблемы свету, дзесяці адсоткаў прыбытку, аддадзеных на дабрачыннасць, можа быць дастаткова для значных рэчаў», — кажа Іван.
Суразмоўца апісвае Клуб беларускіх мецэнатаў як клуб аднадумцаў. Кам’юніці таксама падтрымлівае праекты, якія робяцца ў Беларусі.