У кожнага з нас ёсць ілюзія: толькі жанчына, нават самая любімая і чароўная, здольная на доўгі і бясконцы маналог. А вось мы, мужчыны, гаворым сцісла, лаканічна і па сутнасці. Але рэакцыя жанчын сведчыць пра адваротнае. Прапануем пяць шанцаў на выратаванне, каб прымусіць мужчын змоўкнуць і не ствараць пагрозу адносінам.
Па сутнасці, усе пяць прычын, якія прымусяць змоўкнуць жанчыну, можна з поспехам выкарыстоўваць і ў дачыненні да мужчын. Але лепш за ўсё спыніцца на самым першым – пацалунку. Праўда, не забывайцеся, што для дзяўчат пацалунак – проста пацалунак. А вось для хлапцоў гэта першы крок да чагосьці большага. Таму калі ў вас назіраецца нематываваны прыступ сціпласці, чмокніце яго ў шчаку і дайце вушам адпачыць адну хвіліну. А вось калі мужчынскія размовы вам надакучылі, намякніце, што пацалунак можа мець працяг. Ці так яно будзе, невядома. Але працяглыя маўклівыя эмоцыі вам гарантаваныя.
Дарэчы, не забывайцеся, што большасць хлопцаў шчыра верыць: лёгкая двухдзённая няголенасць дадае твару брутальнасці. Таму калі ягонае шчацінне раздражняе вашу скуру, падарыце яму электрабрытву. Або проста не звяртайце ўвагі на такія дробязі.
Шанец другі. Пакарміце яго!
Прагляд рамантычных стужак кепска ўплывае на жанчын. Убачыўшы кадры, дзе смуглы Хуан Карлас прыносіць Марысабэль каву ў ложак, а потым гатуе ёй сняданак, яны лічаць, што так і будзе цягам усяго сумеснага жыцця. Але будзем рэалістамі: такія цуды магчымыя або адразу пасля вяселля, або пасля канфлікту, калі трэба выпрасіць дараванне. Ва ўсіх іншых выпадках дзейнічаюць непарушныя правілы “дамастрою”. У адну з яго новых рэдакцый, адаптаваных да сучаснага жыцця, увайшоў легендарны сказ: “Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік”. Згатуйце мужчынам сняданак і вячэру. Складзіце яму “ссабойку” і наліце суп у тэрмас, каб на сэканомленыя грошы ён набыў некалькі пляшак піва. Увесь гэты час вам гарантаваная цішыня.
Для мужчын не прайшло дарма чытанне патрыятычных кніг (у дзяцінстве), а таксама прагляд баевікоў (у дарослым жыцці). Цяпер кожны з іх упэўнены, што перамагчы можна не колькасцю, а уменнем. І супермэн-адзіночка лёгка справіцца з любымі складанасцямі. Таму нават калі ўсе разумныя людзі побач (ягоная жонка, цешча і найлепшая сяброўка жонкі) думаюць адно і тое ж, мужчына з прынцыпу будзе даказваць адваротнае.
Але згадзіцеся, што ваяваць колькасцю нашмат прасцей! Нават геніяльны Напалеон урэшце быў разбіты. Вырашальным фактарам стала як параза ў вайне 1812 года, так і кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў (праўда, сёмая па ліку). Нават калі французскі імператар раней перамагаў яе войскі, усё роўна ўрэшце быў вымушаны адступаць.
Таму складзіце жаночую кааліцыю! Пакіньце сяброўку жонкі ў рэзерве (каб канчаткова не траўмаваць псіхіку мужчыны), прыцягніце ў шэрагі кааліцыі дачку, пляменніцу, маці, цешчу і папрасіце іх нешта даказваць. Калі з розных вуснаў будзе гучаць адна і тая ж думка, мужчыне давядзецца з ёй згадзіцца. Калі кожны будзе даказваць рознае, ён разгубіцца і змоўкне.
Існуе стэрэатып, што вечары перад тэлевізарам праводзяць толькі хатнія гаспадыні. Але яны да бясконцасці глядзяць серыялы. А вось у мужчын існуе выбар. Калі ў іх дрэнны настрой, уключыце ім чарговы серыял пра мянтоў або крымінальную хроніку. Калі нейтральны – навіны. Калі добры – любімы дзіцячы мультфільм (і абавязкова паклічце сына, каб тата зрабіў выгляд, што глядзіць разам з ім). Ва ўсіх выпадках мужчыны засяродзяцца на нечым адным і не будуць бясконца шчоўкаць пультам, каб пераключыцца з канала на канал.
А вось са спартыўнай трансляцыяй будзьце асцярожныя. Калі ваш мужчына прымхлівы, ён моўчкі прасядзіць увесь матч, каб не насурочыць паразу любімай камандзе. Але ва ўсіх астатніх выпадках вы даведаецеся шмат чаго пра суддзю, які абслугоўвае матч, спартсменаў, якія не забілі са зручнай пазіцыі, а таксама трэнера, які зрабіў няправільныя замены.
Гэта жанчыны ўспрымаюць працу як занятак, якім можна займацца адначасова з іншымі. А вось для мужчын праца – час мэтанакіраванага заглыблення ў пэўную праблему, калі ўсе астатнія пытанні адыходзяць на другі план. Таму даручыце нам пра што-небудзь паклапаціцца. Але галоўнае – не перамудрыць. Не варта прасіць мужчыну, каб той сабраў дзяцей у школу (ён не памятае, у якім класе яны вучацца, таму можа пераблытаць падручнікі). Або каб ён забраніраваў квіткі для адпачынку на поўдзень (навошта яму пляж, калі ў рачулцы ля найбліжэйшай вёскі добра ловіцца рыба? Ды і квіток туды каштуе танней). Ён абавязкова пачне раздражняцца і звяртацца да вас з удакладненнямі. Або патэлефануе сябрам, ахвярам такога ж эксперыменту. Якімі павінныя быць заданні? Такімі, каб ад нельга было адмовіцца. І каб яны цалкам адпавядалі мужчынскай свядомасці. То бок дакладнымі і нават просталінейнымі. Напрыклад, паглядзець па тэлебачанні прагноз надвор’я, расставіць талеркі для вячэры або пакласці грошы на мабільны. І ў кватэры цішыня, і мужчына заняты.
Дзяніс Марціновіч
Глядзі таксама: