Як стваралася «Ніва»

Роўна 70 гадоў таму, 4 сакавіка 1956 года, у Беластоку пачала выходзіць газета беларусаў Польшчы «Ніва». Яна перажыла і «лагодных» камуністаў, і часы вайсковага стану, які ўвёў у пачатку 1980-х генерал Ярузэльскі. Не пахавала газету і эпоха распаду сацыялістычнага лагеру. Расказваем гісторыю стварэння легендарнага выдання, якое выходзіць і цяпер на Падляшшы.

Siadziba

Прыгадваючы гісторыю паўставання «Нівы», варта разумець кантэкст той эпохі. Улады Польскай Народнай Рэспублікі таго перыяду, з аднаго боку, вядома, спрыялі паланізацыі краіны. А з іншага боку, не маглі не лічыцца з тым фактам, што на Беласточчыне спаконвеку пражываюць не толькі палякі, але таксама і беларусы. Спрабуючы знайсці лаяльнасць сярод беларусаў-аўтахтонаў, было вырашага стварыць культурніцкія арганізацыі, а таксама дазволіць ім мець свой легальны друк. 

Так, у лютым 1956 года было створана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), а яго друкаваным органам стала газета «Ніва». Сігнальны экзэмпляр быў надрукаваны ў час першага з’езду арганізацыі яшчэ 28 лютага, а ў тыраж першы нумар газеты пайшоў 4 сакавіка 1956 года, фактычна даўшы пачатак новай эры для беларусаў Беласточчыны. 

Першы рэдактар «Нівы» — хросны бацька для беларускай літаратуры ў Польшчы

Vystava ŭ honar 70-hoddzia «Nivy»Выстава ў гонар 70-годдзя «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»

Першым рэдактарам, фактычна заснавальнікам, быў Георгій Валкавыцкі — чалавек з дастаткова цікавай біяграфіяй нават для мацерыковай Беларусі. Нарадзіўся ў 1923 годзе ў Белавежы, вучыўся ў сямігодцы, потым у Гайнаўцы на слесара, а ў выніку скончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве. Дыплом аб вышэйшай адукацыі такога ўзроўню быў па тых часах самым сапраўдным уваходным квітком на самы верх для літаратара. 

Юрка Валкавыцкі мог бы без праблем знайсці сабе працу ў Варшаве, Мінску або Маскве. Але з нейкіх прычынаў ён сам прыняў цвёрдае рашэнне вярнуцца на малую радзіму і там узяцца за развіццё беларускай літаратуры. Пазней ён узгадваў у сваіх успамінах: 

«У 1954 годзе скончыў я Літаратурны інстытут (единственный в мире), і пытанне «што далей?», якое дагэтуль тайком скрабло па сэрцы, устала ў поўны рост. У інстытуце прасяк ідэяй вяртання ў народ. Ведаў: жыццё багатае і чым ніжэй — гусцейшае. А што літаратура — адлюстраванне жыцця, не было сумнення. Сталічная прапіска пагражала творчым выпусташэннем, і я даўно яе з галавы выкінуў. Толькі ўніз! Там невычэрпная руда для тваіх твораў».

Пры гэтым Беласток не быў родным горадам для Валкавыцкага, як не была вядомай і справа стварэння газеты. Але трэба думаць, што партыйныя чыноўнікі даверылі маладому літаратару такую адказную (ва ўсіх сэнсах) справу, бо тое дазвалялі і ягоная адукацыя, і кампетэнцыі, і надзвычай шырокі кругагляд: 

«Неадкладна паехаў у Беласток. Горада не ведаў, у Варшаве параілі пагаварыць з сакратаром прапаганды ВК ПАРП. Быў ім тут Мар’ян Ксёнжа. Нягледзячы на санавітае прозвішча, прыняў без тэлефоннай валакіты. Выслухаўшы, паклікаў адказнага працаўніка і загадаў уладкаваць у «Беластоцкую газету». Намякнуў таксама на нейкія «беларускія» выданні, з якімі, магчыма, буду мець дачыненне. Беларускамоўныя выбарчыя лісткі, ці што?».

Ці варта казаць, што Георгій Валкавыцкі, жадаючы вярнуцца на Падляшша, выбраў сабе працу самастойна. Як ведаў наперад, што будзе не проста рэдактарам рэгіянальнай газеты адной з нацыянальных меншасцяў, але стане самым сапраўдным хросным бацькам для беларускай літаратуры ў Польшчы. 

«Гэта наша адзіная газета на беларускай мове»

Vystava ŭ honar 70-hoddzia «Nivy»Выстава ў гонар 70-годдзя «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»

Як ні круці, а многія з’явы трымаюцца выключна на асобах. Скажам, каб «Ніву» ачоліў іншы чалавек, менш пасіянарны, то і газета магла б называцца неяк іначай. Георгій Валкавыцкі ўкладаў у назву даволі сур’ёзны сэнс — наўпроставая повязь з той самай «Нашай Нівай», якая выходзіла на пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні. Дзе друкаваліся Янка Купала і Якуб Колас, Цішка Гартны і Максім Гарэцкі, а таксама многія іншыя творы часоў беларускага Адраджэння:

«Пачаў танцаваць ад загалоўка, як часам рабіў і пры вершах. З маіх навокалзагаловачных піруэтаў не засталося ніякага следу. Помню толькі, што, шукаючы імя, канкрэтызаваў і характар тыднёвіка. Адкідваў двухчленныя назвы. Яны ад бяссілля выказаць думку коратка. А імя часопіса — сціслая думка. Павінна быць простай, суцэльнай і даходлівай. Браў таксама пад увагу кальпарцёраў і шырокую грамадскасць. 

Не ўсе ведаюць беларускую мову, а нам неабыякавы асацыяцыі, якія выкліча ў людзей наш тыднёвік. Вельмі хацеў уплесці гістарычнае карэнне. Беласточчыне аднак не пашанцавала з беларускімі выданнямі. Паспрабуйце, напрыклад, адаптаваць «Мужыцкую праўду». «Сялянская праўда»? «Вясковая праўда»? Вузка. Хоць і асноўную чытацкую базу размясціў у беластоцкай вёсцы, не завужваў тыднёвіку гарызонт вясковымі рамкамі. Гэта наша адзіная газета на беларускай мове. Ужо амаль адчуваў дотык працягнутай з гісторыі рукі, таксама «адзінай» віленскай «Нашай нівы». Шмат чаго ў нас знойдзецца супольнага — вынік той жа «адзінасці». Значыць, з загалоўкам справа ясная. Да прастаты і даходлівасці дадаў мілагучнасць і падтэкст».

У Менску такі фінт наўрад ці прайшоў, бо культ Сталіна, а разам з ім вульгарнае разуменне гісторыі і культуры яшчэ не быў скасаваны. Адпаведна і «Ніша Ніва» лічылася выданнем буржуазным — пра яго калі і згадвалі ў падручніку, дык толькі адным сказам. Не болей. А ў Беластоку ніхто з партыйных функцыянераў нават і не звярнуў увагі. Зрэшты, а ці добра тыя польскія партыйныя апаратчыкі ведалі беларускую гісторыю? Пытанне, якое не патрабуе адказу.

Першы нумар

Vystava ŭ honar 70-hoddzia «Nivy»Выстава ў гонар 70-годдзя «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»

Не без іроніі, якая была заўсёды ўласцівая Георгію Валкавыцкаму ў ягонай творчасці, ён згадвае і самы першы нумар выдаванай і рэдагаванай ім газеты, які пабачыў свет фактычна ў часе першага з’езду БГКТ, каторы адбыўся ў самым канцы лютага 1956 года: 

«У першы нумар змясцілі не толькі абшырную справаздачу са з’езда, але і скарочаны даклад. Надрукавалі іншую дакументацыю: асабовы склад Галоўнага праўлення, прэзідыума і сакратарыята (праіснаваў толькі да ІІ з’езда), Галоўнай рэвізійнай камісіі, пастановы і даніну часу — вернападданніцкі ліст «тав. Баляславу Беруту». 

Забраўся ў раскладушку і Мікалай Матэйчук: вершам славіў з’езд і светлы шлях, што перад намі. Прарокам не стаў, але, як бы ні было, адкрыў дарогу на літаратурны палетак. Замыкаў нумар палкі паклоннік Сонькі Залатаручкі Дзядзька Лявон (Станіслаў Вагурка). Як і пасавала адэсіту, адчуўшы ў нас сваяцкую цягу да гумару, ціснуў на ўсе педалі і неўзабаве ачоліў касяк самых папулярных аўтараў «Нівы»».

«Ніва» ўчора і сёння: уплыў на развіццё беларускай літаратуры

Vystava ŭ honar 70-hoddzia «Nivy»Выстава ў гонар 70-годдзя «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»

Акрамя інфармацыі аб дзейнасці БГКТ, рэдакцыя новапаўсталай газеты змяшчае на яе старонках допісы аб жыцці на Беласточчыне, друкуе краязнаўчыя матэрыялы і ў тым ліку мясцовыя беларускія легенды, паданні і песні. Ёсць і старонка для дзяцей, якая называецца «Зорка». На старонках «Нівы» друкуюцца творы членаў літаратурна-мастацкага аб’яднання «Белавежа», якое з’явілася неўзабаве — арганізацыйны з’езд гэтай літаратурнай арганізацыі адбыўся ў чэрвені 1958 года. 

І гэта стала сапраўднай падзеяй, бо акурат праз вычын Валкавыцкага беларуская літаратура займела такую сваю варыяцыю, як беларуская літаратура Польшчы.

Мала хто ведае, але ў Польшчы беларусы — ці не адзіная нацыянальная меншасць, якая мае сваю ўласную літаратуру з традыцыямі і імёнамі, якія шануюцца і на мацерыку — Сакрат Яновіч, Надзея Артымовіч, Віктар Швед і многія іншыя. 


Неўзабаве газета пачне друкаваць не толькі беларускіх аўтараў з Польшчы, але і беларусаў з Беларусі. Прычым з часам друкавацца на яе старонках пачнуць і тыя паэты і пісьменнікі, якія ў БССР лічыліся непажаданымі і нават забароненымі. Пасля распаду сацыялістычнага лагеру і падзення камуністычнай улады ў Польшчы рэдакцыя развітаецца і з БГКТ, якое было дастаткова кансерватыўным у той час. У наш час яны існуюць самі па сабе, паралельна — БГКТ асобна, а рэдакцыя «Нівы» асобна. 

Сёння «Ніва» выходзіць накладам у 700 экзэмпляраў, і яе можна спакойна набыць у беластоцкай сеткавай краме «Бедронка». Газета, як і раней, асвятляе на сваіх старонках жыццё мясцовых беларусаў, звяртаецца да гісторыі і культуры.

Рэдакцыя budzma.org шчыра віншуе выданне і жадае яму сустрэць 100 гадоў!

Budzma.org