Янка Маўр: бунтар, педагог, пісьменнік

У дзень народзінаў класіка беларускай літаратуры, якога і цяпер ведае ці не кожны школьнік, прыгадваем некаторыя цікавосткі з яго жыцця.


Маладыя гады

Іван Фёдараў, а менавіта так звалі насамрэч пісьменніка, нарадзіўся 10 траўня 1883 года ў Лібаве, цяпер гэта латвійскі горад Ліепая, у сям'і сталяра. Бацька рана памёр, таму апекавалася ім маці.

Дзяцінства ён правёў на малой радзіме маці — у вёсцы Лебянішкі, што на Ковеншчыне. Адукацыю атрымліваў у Коўне: спачатку скончыў пачатковае, а затым рамеснае вучылішча. У 1899 годзе Іван Фёдараў паступае ў настаўніцкую семінарыю ў Панявежысе, адкуль яго выключаць за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі. Але тое не стане сур’ёзнай перашкодай для маладога чалавека: у 1903 годзе ён здасць экзамен экстэрнам і атрымае званне настаўніка пачатковай школы.

1.jpg
Іван Фёдараў. 1903 год

Свой пакручасты працоўны шлях ён пачне памочнікам настаўніка ў літоўскім Новым Месцы, а потым перавядзецца ў вёску Бытча на Барысаўшчыне, і ўжо працуючы тут, прыме ўдзел у лёсавызначальнай для сябе падзеі.

2.jpg
Іван Фёдараў. Памочнік настаўніка ў мястэчку Новае Места 

Настаўніцкі з’езд

Іван Фёдараў прыняў актыўны ўдзел у знакамітым нелегальным настаўніцкім з’ездзе, які адбыўся 9−10 ліпеня 1906 года на беразе Нёмана. Той самы, які быў арганізаваны Якубам Коласам у Мікалаеўшчыне і сабраў два дзясяткі настаўнікаў з усёй Мінскай губерні.

У пачатку ліпеня Якуб Колас «праз верных людзей» перадаў яму запрашэнне да ўдзелу ў настаўніцкім з’ездзе. Подпіс Фёдарава ёсць і ў пратаколе, які быў складзены пасля сустрэчы і стаў адным з асноўных доказаў падрыўной дзейнасці яго ўдзельнікаў.

3.jpg
Удзельнікі нелегальнага з’езда. 1920-я гады

З успамінаў самога Янкі Маўра аб той падзеі:

«Задачу мы паставілі сабе простую: далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага саюза, кіраўніцтва якога ў гэты час вымушана было скрывацца ў Фінляндыі. Гэта было дэманстрацыйнае далучэнне, каб паказаць, што Саюз падтрымліваюць масы.

Але нас не задавальняла яго палітычная праграма, і мы высунулі патрабаванне, каб кожны вясковы настаўнік павёў актыўную работу ў народзе, згуртоўваючы вакол сябе ўсе рэвалюцыйныя элементы».

Якуб Колас пасля выкрыцця паліцыяй з’езду зазнаў сур’ёзныя праблемы: спачатку страціў працу, трапіў пад следства і суд, а потым наогул быў асуджаны на тры гады зняволення. Ягоная спроба выдаць нелегальны з’езд за традыцыйную настаўніцкую п’янку-гулянку не спрацавала.

Чытайце па тэме: За што Якуб Колас трапіў за краты?

Іван Фёдараў, як і іншыя актыўныя ўдзельнікі той падзеі, таксама быў пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Некалькі гадоў ён не мог знайсці сабе сталага працоўнага месца, і толькі ў 1911 годзе яму ўдалося ўладкаваца выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў Мінскую прыватную гандлёвую школу.

З Якубам Коласам яны захаваюць не толькі прыязныя адносіны на ўсё жыццё, але нават і парадняцца.

Літаратурны дэбют

Справы Фёдарава пайшлі ўгару пасля рэвалюцыі 1917 года: у розны час ён працягваў працаваць у школе, быў у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у Наркамаце асветы БССР, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве.

Мала хто ведае, што будучы класік беларускай літаратуры доўгі час пісаў у стол і нават не думаў публікаваць свае творы, зрэдку апрылюдніваючы хіба што не надта вялікія тэксты.

Так, у 1923 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь» і часопісе «Бегемот» Фёдараў друкуе фельетоны. А сапраўдны яго літаратурны дэбют адбудзецца праз тры гады.

У 1924 годзе быў створаны дзіцячы часопіс «Беларускі піонэр», які спачатку павінен быў узначаліць паэт Уладзімір Дубоўка, але ачоліў яшчэ адзін даволі вядомы дзіцячы пісьменнік Алесь Якімовіч. Менавіта дзякуючы яму мы і ведаем сёння Янку Маўра.

Разлік Якімовіча быў просты: каб часопіс добра разыходзіўся сярод моладзі, ён вырашыў запрасіць да супрацы не толькі вядомых літаратараў, але таксама і саміх дзяцей, сярод якіх, безумоўна, знойдуцца ахвочыя расказаць пра сваё жыццё. Не лішнім будзе прапанаваць надрукавацца і тым, хто піша ў стол — лічыў сакратар выдання, а па факце яго першы рэдактар.

Такім чынам Алесь Якімовіч і выйшаў у 1925 годзе на простага выкладчыка гісторыі і геаграфіі ў адной са сталічных гімназій Івана Міхайлавіча Фёдарава ды прапанаваў яму надрукавацца. І ўжо ў лістападаўскім нумары за 1926 год на старонках выдання з’явілася знакамітая гістарычная аповесць «Чалавек ідзе», дзе распавядалася пра першабытны лад.

4.jpg
Першая публікацыя аповесці «Чалавек ідзе», 1926 год 


У наступным годзе аповесць гэтая будзе апублікава ўжо асобнай кнігай.

Загадка псеўданіма

Іван Фёдараў доўга разважаў, як падпісаць свой першы твор. Думаў і аб тым, каб проста падпісаць, як ёсць: сваім сапраўдным іменем. Але яно было сугучным са знакамітым кнігадрукаром Іванам Фёдаравым, таму пісьменнік вырашыў адмовіцца.

Ды і час быў такі, калі многія — і класікі, і пачаткоўцы, друкаваліся пад псеўданімамі. Прычым некаторыя маглі мець іх адразу некалькі. Згадаем хаця б даўняга знаёмца Фёдарава пісьменніка Канстанціна Міцкевіча, які ў 1920-я гады публікаваўся не толькі як Якуб Колас, але і як Тарас Гушча.

5.jpg
Янка Маўр і Якуб Колас з агульным унукам Сяргеем. 1950-я гады

Каб дадаць беларускага каларыту, ён перарабіў імя на беларускі варыянт — Іван на Янка, а замест прозвішча накрэсліў Маўр. Слова з вядомай цытаты Фрыдрыха Шылера «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці», якую Іван Фёдараў, паводле ўспамінаў сучаснікаў, любіў паўтараць, скончыўшы заняткі з вучнямі.

Псеўданім не толькі прыжыўся, але і аказаўся трапным, бо пісаў Янка Маўр у асноўным пра далёкія экзатычныя краіны, дзе не бываў і сам, а ягоныя маленькія чытачы і пагатоў.

На творчай працы

З 1930 года Янка Маўр пайшоў цалкам на творчую працу. Гэта значыць займаўся выключна літаратурай. І тое не дзіва, бо ягоныя творы карысталіся шалёнай папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў.

Адна за адной выходзілі зборнікі аповесцяў і апавяданняў. У 1928 годзе пабачылі свет кнігі «У краіне райскай птушкі» і «Сын вады», а праз два гады раман «Амок». У тым жа 1930 годзе з’явіліся ў друку і легендарныя «Палескія рабінзоны», якія ў 1935 годзе будуць яшчэ і экранізаваныя.

Пасля вайны Янка Маўр будзе займацца ўкладаннем кнігі дзіцячых успамінаў аб ваенным ліхалецці пад назвай «Ніколі не забудзем», якая вытрымала не адно перавыданне і карыстаецца папулярнасцю ў наш час. А ў 1954−1955 гадах ён надрукуе ў часопісе «Маладосць» аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага».

6.jpg
Янка Маўр. 1950-я гады

Акрамя ўласна прозы Янка Маўр пісаў таксама і п’есы. Вядомыя тры з іх: «Памылка», «Хата з краю», «Балбатун». І займаўся перакладамі паасобных твораў Ганса Хрысціяна Андэрсена, Радзьярда Кіплінга, Марка Твэна, Жуля Верна, Віктора Гюго, Аркадзя Гайдара ды іншых вядомых пісьменнікаў.

Яшчэ пры жыцці аўтара ў 1952 годзе выйшаў том выбраных твораў, а ў 1960 годзе пабачыў свет збор твораў у двух тамах.

Пайшоў з жыцця Янка Маўр 3 жніўня 1971 года. Пражыўшы цікавае і насычанае падзеямі жыццё, ён пакінуў нам яшчэ і багатую літаратурную спадчыну, якая будзе доўга расчытвацца маленькімі беларусамі і беларускамі.

Архіўны артыкул. Упершыню апублікаваны 3.08.2022 г.

Л. Г., budzma.org