Лепшы спосаб матываваць дзяцей на вучобу — даць магчымасць вучыцца цікава, бо цікавае запамінаецца лягчэй. Зрабілі для вас і вашых дзетак падборку праектаў на ютубе, якія дапамогуць засвоіць школьную праграму або стануць карысным дадаткам да яе.
Разумняты
Хто робіць? Першым нумарам не можам не ўзгадаць відэапраект ад BUDZMA, які выходзіць на ютуб-канале «Будзьма дзецям». Вядуць праграму Ала і Васіль.
Пра што відэапраект? Інтэрактыўныя і пазнавальныя відэаролікі ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове. У праекта выйшла ўжо тры сезоны — «Матэматыка і час», «Геаграфія Беларусі» і «Мая Радзіма Беларусь».
Невялічкія ролікі глядзяцца лёгка, дынамічна і пазнавальна. Прыемны дадатак — да кожнага выпуску можна спампаваць цікавыя заданні для самых кемлівых.
Каму глядзець? Першыя сезоны можна глядзець нават з дашкалятамі, а вось трэці цыкл створаны ў адпаведнасці са школьнай праграмай па прадмету «Чалавек і свет: мая Радзіма — Беларусь» для 4 класа. Але па шчырасці, цікава будзе не толькі вучням 4-ых класаў, але і ўсім дзецям.
Гісторыя за 5 хвілін
Хто робіць? На канале «Будзьма Беларусамі!» праграму стварае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
Пра што відэапраект? У выпусках, якіх у нашым плэй-лісце ўжо больш за 60 (!), прафесар распавядае пра гісторыю развіцця продкаў сучасных беларусаў, іх культуру, загадкі з жыцця вядомых асобаў ды дзеліцца аналітычнымі высновамі.
Каму глядзець? Школьнікам старэйшага ўзросту
Янахімічыла
Хто робіць? Аўтарка канала — Яна Карслян. Яна нарадзілася ў Гомелі, а ў 2020 годзе скончыла дактарантуру па хіміі ў ЗША, дзе зараз жыве і працуе. Яна кажа, што хімія ў нас паўсюль і ў любым звычайным працэсе. Гэта і натхніла на стварэнне праекта.
Пра што відэа? Пра складаныя рэчы простымі словамі. Навуковую мову аўтарка перакладае на чалавечую і тлумачыць хімічныя рэакцыі праз простыя рэчы. Напрыклад — што будзе, калі пакласці часнок у шкарпэткі. Або які вынік нас чакае, калі злучыць жуйку і шакалад. Пра ўсё гэта можна даведацца на канале.
Каму глядзець? Усім, каго захапляе сусвет хіміі.
English з Наталкай: урокі ангельскай па-беларуску
Хто робіць: Аказваецца, нават у беларускамоўных школах практыкі выкладання замежнай мовы праз родную не было і пакуль няма! Сітуацыю выпраўляе пісьменніца і выкладчыца Наталка Харытанюк. У 2007 годзе на філалагічным факультэце БДУ Наталка абараніла магістарскую дысертацыю па творчасці Джуліяна Барнза, а пасля выкладала ангельскую ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце, на курсах у школе замежных моў Streamline, а таксама дае прыватныя ўрокі.
Пра што відэа? Гэта той самы школьны інгліш і тыя самыя школьныя «юніты», але патлумачаныя проста, цікава і па-беларуску. Пасля праглядаў вы зможаце расказаць па-ангельску не толькі пра «лондан іс зэ кэпітал», але і пра беларускія лясы і вожыкаў з-пад возера Нарач, і нідзе не памыліцеся ані ў суфіксах, ані ў артыклях! Кожны ўрок англійскай мовы з Наталкай, няважна гэта граматыка ангельскай мовы ці лексіка, пераўтвараецца ў натхняльнае падарожжа!
Каму глядзець? Вучням 5-ых класаў. Відэаўрокі складзены ў адпаведнасці з праграмай паводле беларускамоўнага падручніка Лапіцкай. Аднак карысна будзе не толькі пяцікласнікам, але і школьнікам малодшых і сярэдніх, а нават і старэйшых класаў, бо на простых і цікавых прыкладах заўсёды можна падцягнуць свой інгліш.
Альгерд ужо ня той
Хто робіць? Вядучы падкаста — настаўнік гісторыі, блогер і стваральнік платформы Litara-A Дзяніс Бурко.
Пра што відэа? На канале можна знайсці займальныя ўрокі па гісторыі Беларусі ў адпаведнасці са школьнай праграмай.
У выпусках распавядаюць пра беларускую гісторыю, раскарываюць яе цікавыя і незвычайныя факты ды разважаюць, навошта нам увогуле патрэбна ўсё гэта ведаць. Раім падпісацца і на instagram праекта — там яшчэ больш цікавага і гістарычнага.
Каму глядзець? Мэтавая аўдыторыя — школьнікі 5-6 класаў, бацькі і іх настаўнікі.
Хто робіць? Каманда энтузіястаў, якія мараць пра тое, каб беларускія дзеткі ведалі сваю мову і гісторыю сваёй краіны.
Пра што відэа? Пазнавальна-забаўляльная праграма пра гісторыю Беларусі выходзіць на дзіцячым ютуб-канале «Люстэрка». Дзеці з задавальненнем паглядзяць відэа і даведаюцца пра новае і цікавае. Напрыклад, як чалавек здабыў агонь, або навошта людзям было вучыцца здабываць жалеза.
Апроч праграмы «У ларчыку», на канале можна паглядзець вясёлыя дзіцячыя мульцікі на роднай мове, а таксама пазнаёміцца з народнымі казкамі, звычаямі, абрадамі.
Каму глядзець? Дзецям 5-8 гадоў і ўсім тым, хто хоча вучыць родную мову і гісторыю з маленькага ўзросту.
Анёлкі з вясёлкі
Хто робіць? Вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі.
Пра што відэа? Праграма знаёміць дзетак і іх бацькоў з хрысціянствам, а таксама дапамагае правесці разам час цікава і з карысцю. Напрыклад, выправіцца ў вандроўку да велічнага касцёла ў Івянцы або паслухаць цікавосткі пра Вялікі пост.
Аўтары ствараюць добры настрой праз спевы, смачныя стравы, падарожжы і цікавыя апавяданні аб навакольным асяроддзі. У падкаста ёсць 7 раздзелаў-колераў вясёлкі: «Чароўныя вандроўкі», «Крочым да Бога», «Музычны куфэрак», «Сакрэты раслін», «Смачная хвілінка», «Вышэй неба», «Матуліны казкі».
Каму глядзець? Усім, хто хоча разам са сваімі дзеткамі цікава і карысна бавіць час. Выпускі спадабаюцца як дашкалятам, так і падлеткам.
Чытайце яшчэ: Вучыцца ці не: як зацікавіць сучасных дзяцей?