Абрад Жаніцьбы Коміна — гэта абрад першага запальвання святла ў хаце пасля засевак азімага жыта. Для Усходняга Палесся ён з”яўляецца традыцыйным, але страчаным у жывой традыцыі, сёння яго можна ўбачыць толькі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Захавальнікамі яго з”яўляюцца ўдзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча”, старэйшыя з якіх памятаюць гэты абрад з дзяцінства. Іх звесткі адрывачныя, але ў калектыве яны гэты абрад аднавілі і спраўляюць ужо больш за 30 гадоў. Калектыў існуе з 1980 года.
На Тураўшчыне лічылі, што калі пасеяць жыта на Галавасека, яно будзе каласістым і дасць багаты ўраджай. Каму сеяць першаму — вызначалі па вараных яйках: трапілася яйка без пяткі, поўнае, значыць, ад цябе і ўраджай будзе поўны, ты першым будзеш сеяць, астатнія за табой. (Гэтыя звесткі запісала на Тураўшчыне расійская даследчыца Палесся Святлана Талстая. Яна піша па звестках, атрыманых ад старэйшага пакалення, што стараліся завяршыць сяўбу за дзень, а вечарам дзяўчаты выходзілі віць вянкі, спявалі песні. (Толстая С.М. Полесский народный календарь. «Славянское и балканское языкознание», М, 1986. Вянкі хутчэй за ўсё вілі для коміна, які запальвалі ў першы раз у той хаце, дзе зімой збіраліся на вячоркі. Да таго ж гэта маглі быць вянкі для дзяўчынак 7-8 гадоў, якія першы раз запрадалі ў гэтым годзе. Гэта быў увод іх у вясковае жаночае асяроддзе, дзе яны павінны будуць навучыцца рамёствам па вырабу адзення і пасцельнай, сталовай бялізны, навучыцца спяваць, танцаваць, бо ў гэтай жа хаце праводзіліся святочныя вечарыны моладзі з танцамі. Падчас прадзення старэйшыя жанчыны загадвалі загадкі, расказвалі казкі, легенды, паданні, спявалі песні, перадаючы вусным шляхам разам з традыцыйнымі рамёствамі духоўную спадчыну тым, хто даваў працяг роду. На вячорках хлопцы знаёміліся бліжэй з дзяўчатамі, а жанчыны прыглядалі сабе будучых нявестак.
У “Беларускім народным календары” Алеся Лозкі адзначаецца, што на Галавасека на Тураўшчыне збіралі ягады каліны і журавін, якія потым выкарыстоўвалі ад болю галавы. Хутчэй за ўсё гэтым займаліся тыя жанчыны і дзеці, якія не ўдзельнічалі ў засеўках).
Захавалася поўнае апісанне абраду, запісанага выкладчыкам пінскаг рэальнага вучылішча і надрукаванае ў 1883 годзе Шэйнам. Тэкст песні, змешчанай там з нотамі, сведчыць, што гэты варыянт абраду запісаны ў багатай сям’і на Тураўшчыне, а жэняць Коміна з Працай: “Праца наша — дзеўка гарненька, палюбіці Коміна радзенька”.
Перад святам Галавасека жанчыны прыбіралі хату, гатавалі на заўтра святочны абед. Мужчыны раніцай апраналі чыстае адзенне і працавалі ў полі нашча, а ўвечары сям’я збіралася ў хаце на ўрачыстую вячэру, якая складалася са страў, згатаваных з чорнага пеўня і мукі новага ўраджаю, а таксама садавіны і гародніны.
Поле і ніва ўспрымаліся ўсходнімі славянамі, нашымі продкамі, як двуадзіная іпастась, таму агонь у хаце шанаваўся ў халодную пару года так, як сонца ў цёплую пару, бо быў яго заменнікам, даваў цяпло і святло, карміў і лячыў. Свяцільнік у хаце звычайна быў такой жа формы, як пячны комін: усечанай піраміды або усечанага конуса. Самы старажытны, пэўна, гэта комін з мешкавіны, які сцягваўся ўверсе і мацаваўся да адтуліны ў столі, праз якую дым ішоў на гарышча. Яго абмаквалі ў гліну і бялілі звонку, надаючы яму форму усечанага конуса. Унізе да яго прывязвалі рашотку або патэльню (пасвет), на якую клалі лучыну. Лучыну палілі ўсю зіму, пры яе святле працавалі ля коміна.
Першае запальванне святла адбывалася ўрачыста ў шчодрага і багатага суседа, добрага гаспадара. Стваральніца гурта “Міжрэчча” Кацярына Аляксееўна Панчэня бачыла гэты абрад у сваёй хаце, бо бацька быў знакамітым гарманістам, і ў іх хаце збіраліся на вячоркі. Некаторыя памятаюць, што коміна жанілі толькі сваёй сям’ёй, без удзелу суседзяў, бо сем’і былі вялікія.
Комін апярэзваюць барвінкам, хмелем, садовымі кветкамі, на пасвет кладуць лучыну і запальваюць урачыста. Упрыгожваюць і пячны комін, ліюць туды гарэлку і просяць, каб агонь у хаце адганяў шуры-буры, свяціў добра, дапамагаў прасці і ткаці. Гаспадар і гаспадыня кладуць на пасвет мёд у сотах, печыва, сала — хто што меў, гаспадыня абсыпае Комін семкамі-гарбузікамі, а дзеці збіраюць.
Вакол Коміна жанчыны заводзяць карагод, спяваюць:
“У нашага суседа веліка семейка. Ой, люлі-люлі, веліка семейка!
Веліка семейка села вечэраці. Ой, люлі-люлі, села вечэраці.
Села вечэраці, стала размоўляці. Ой, люлі-люлі, стала размоўляці.
Што наш заўтра бацька во полечко едзе. Ой, люлі-люлі, во полечко едзе.
Во полечко едзе жыто засеваці. Ой, люлі-люлі, жыто засеваці.
А цяпер мы будам коміна жаніці. Ой, люлі-люлі, коміна жаніці.
Коміна жаніці дай Бога прасіці. Ой, люлі-люлі, дай Бога прасіці:
Радзі, Божа, жыто на новае лето. Ой, люлі-люлі, на новае лето.
Жыта і пшэніцу і ўсяку пашніцу. Ой, люлі-люлі, і ўсяку пашніцу”.
Жанчыны ўторкваюць у барвінак на коміне каласкі жыта, а потым спяваюць песню “За моім садом пшэнічэнька росла”, затым заводзяць вакол коміна танец па кругу “Ой, музыкі мае, заіграйце вы мне”, пасля чаго адна з іх звяртаецца да Коміна са словамі (гэта можа быць і перад карагодамі):
“Каміночку, ты нам спагадай, кручы, буры, ветры ад нас адганяй. Дым і сажу пашлі варагам, а свет, ахвоту пашлі нам!”
Гаспадары запрашаюць за стол, наліваюць гарэлкі — чарачка ідзе па кругу, кожная з жанчын нешта жадае. Затым гурт спявае, старэйшыя расказваюць дзецям розныя гісторыі пра вёску, пра Тур-пратоку, пра каменны крыж, які захоўваецца ў іх царкве —— як ён калісьці прыплыў супраць цячэння і прыстаў ля Дзедавай Даліны, пра тое, як самі яны калісьці хадзілі на вячоркі і слухалі розныя байкі — пра буркун і тою, пра Бел-бога і іншыя.
Песні за сталом:
“Чарочка моя віновая”
“Ой, зялёна жыта, зялёна”
“Жонка ў хаце расхадзілась”
“З-под явора вецер не вее”
Аўтар: Рэгіна ГАМЗОВІЧ, журналістка, грамадскі эксперт па нематэрыяльнай культурнай спадчыне
Фота: Аляксей Сталяроў