У экзатычных танцах, авангардных спевах, тэатралізаваных шоў і экстравагантных паказах патанула адкрыццё фэсту моладзевых эксперыментальных арт-праектаў “FUN HOUSE”, які стартаваў рознакаляровымі фарбамі вясёлкі талентаў у клубе “BROADWAY” 30 сакавіка.
Урачысты пачатак 5-дзённага арт-драйву распачалі касмічна-музычным, тэатралізаваным і цалкам бескампрамісным відовішчам у мяшанцы культурніцкіх вобразаў. Эксперыменты з формай, гукам і гульнёй здзяйснялі ўтрох гурт Fratrez, тэатр “Без шума и пыли” і вогненны эксклюзіў – цырк “Kresiva”.
Тэатр “Kresiva”
Упершыню фэст “FUN HOUSE” пацешыў беларускага гледача творчымі дэвіяцыямі ўвесну мінулага году, калі на адной пляцоўцы выступілі больш за 90 талентаў розных кірункаў мастацкага пошуку.
Дырэктар фестывалю Марына Гаеўская:
– Аднойчы я вярнулася з Фінляндыі, дзе наведала музей «Кіясма», які прысвечаны сучаснаму мастацтву. Мне спадабалася ідэя інтэграцыі розных відаў мастацтва, і захацелася зрабіць штосьці падобнае ў Беларусі. Мяркую, што цяпер у Мінску не стае пляцоўкі ў выглядзе культурніцкага цэнтру моладзевага эксперыментальнага мастацтва.
Аўтарскія дызайн-распрацоўкі і калекцыя вобразаў Вольгі Крывец
Прыемна, што ў гэтым годзе фестываль вырас з пункту гледжання яго арганізацыі і ўзроўню правядзення і праходзіць на дзвюх пляцоўках.
“FUN HOUSE” – пляцоўка для рэалізацыі маладых талентаў у розных аспектах творчасці – ад дызайну і харэаграфіі да музыкі і фатаграфіі.
Куратар мастацкай выставы, што пройдзе ў Палацы мастацтваў, Андрэй Самародаў:
– Асаблівасць гэтай выставы ў тым, што аб’екты паўстаюць разам – скульптура, дызайн, упрыгожанні і нават вопратка знаходзяцца ў адной залі.
Куратар мастацкай выставы Андрэй Самародаў
Наватарства і палёт аўтарскай думкі мільгацелі на сцэне шырынёй творчых рашэнняў з першага дня фэсту. Ультрафіялетавым салютам авангарду, нібы свет далёкіх планет, блішчэла ў клубнай цемры калекцыя дызайнера Вольгі Крывец. Выконваць ролі яшчараў, драконаў і індыйскіх шаманаў і рэалізоўваць касмічную задуму аўтаркі давялося цырку “Kresiva”. Як “50CENT” і “Хава Нагіла”, сумясціў у танцы брэйк і балет Валянцін Ісакаў. А тое, як мусяць выглядаць “Валацугі”, прадэманстравала ў сваёй калекцыі Святлана Гнядзёнак.
Дырэктар фестывалю Марына Гаеўская
– Не ўсе здольныя быць самамэнэджэрамі сваёй творчасці, таму фэст – мажлівасць для творчай рэалізацыі моладзі.
На моладзевыя эксперыменты звярнулі ўвагу замежныя прадстаўнікі ў Беларусі. На адкрыцці прысутнічалі госці з Венгрыі, Грузіі, Арменіі, Карэі.
Жывы гук шоў-адкрыцця паўстаў у рокавых і блюзавых акордах гурта “Бульваръ”, музычнай тэрарыі і рэлаксацыі ад “Зімовай вайны ў Тыбеце” і песнях Клаўдыі Шыфер у выкананні Юліі Назарэнка.
Вакалістка Юлія Назарэнка
Свята мастацкіх прекатаў “FUN HOUSE” абяцае быць багатым на конкурсы ды віктарыны. Першая з іх выбухнула адчайнымі спаборніцтвамі ў танцы на прызы ад арганізатараў фэсту. Апроч іншага, ініцыятары вясёлага дому абвясцілі фотапаляванне на культурную спадчыну краіны, вынікі якога мусяць быць падведзеныя пры канцы фестывалю.
Першы дзень фэсту завяршыўся харэаграфічнымі практыкаваннямі ад дзяўчат з “Танцавальнага марафону” і акрабатычнымі нумарамі цырку “Kresiva”
“FUN HOUSE” арганізаваны аб’яднаннем “Азбука прадпрымальніцтва” ў межах праекту “Развіццё”, што дзейнічае пры падтрымцы Амбасады ЗША і пройдзе цягам пяці дзён у Мінску.
Фестываль моладзевых праектаў праходзіць пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”