Археалагічны летнік пад Полацкам. Частка 1. Невядомая зямля – “Палатыда”

22.07.2010 У краіне

fota3

Больш за дзесяць гадоў археолагі-валанцёры шукаюць таямнічую зямлю «Палатыду». Іх пошукі займелі за гэты час свае традыцыі і міфалогію. Пра тое, ці атрымалася адшукаць схаваную спадчыну, пра побыт і працу археолагаў чытайце ў матэрыяле сведкі і ўдзельніка раскопак.

Экспедыцыя археалагічнага легіёна «Палатыда» на чале з шэфам-археолагам Маратам Клімавым у складзе пяці чалавек аўтобусам, нагружаным рэчамі і ежай, выправілася ранкам 2 ліпеня з Полацка — на пошукі сядзібы невядомага феадала ў вёску Лучна.

fota1
Залева у намётавым лагеры

Больш за дзесяць гадоў археолагі-валанцёры шукаюць таямнічую зямлю «Палатыду», што мроіцца ім то гарадзішчам, то селішчам, то ў вобразе феадальнай сядзібы — як цяпер. Іх раскопкі памятаюць сяляне вёскі Лісна і ракі Дзясна, але пачалося ўсё тут — у Лучне.

fota2
Фрагмент старога раскопу

Яшчэ ў 1998 годзе ў гэтых мясцінах высадзілася пяць капальнікаў-валанцёраў пад кіраўніцтвам Марата Клімава, з ініцыятывы якога і ўтварыўся Полацкі археалагічны легіён.

Так у пошуках феадальнай сядзібы ў вёсцы Лучна з’явіліся першыя насельнікі «Палатыды». У непакоры надвор’я археолагам спатрэбіўся заступнік, якога яны адшукалі далёка ў гісторыі, міфалагізаваўшы сваю справу.

fota4
Будучы раскоп, не крануты рыдлёўкай

Місіянер Торвальд Вандроўнік непадалёк ад буйнога ў тыя часы Полацка змагаўся за распаўсюджанне хрысціянства. Ягоны карабель па вяртанні з паломніцтва занесла акурат у паўночна-беларускія землі, дзе ён памёр ад хваробы і быў пахаваны на адзінокай гары каля царквы. Некаторыя вераць, што яго здань да сёння лунае недзе ў гэтых мясцінах. Яго постаць археолагі і ўзялі на ўзбраенне ў ролі нябеснага заступніка: наша экспедыцыя таксама не раз згадвала пра яго, ставячы лагер.

fota5
Частка рэчаў археолагаў

fota6
Намётавы лагер

fota7
Стратэгічны стол шэфа

З часоў прыгодаў археолагаў-першаадкрывальнікаў гатунку 1998 году ПАЛ (Полацкі археалагічны легіён) значна пашырыўся ў складзе, займеў уласныя легенды, рэкорды і прыколы.

fota8
Працэс гатавання ежы

Кожны сезон мае сваіх герояў. Тутака клаліся спаць у раскопачным квадраце нумар пяць, абгортваліся белай прасцінай, каб пужаць у лесе дзяўчат, гулялі ў вікінгаў, святкавалі афрыканскі Новы год, нават гралі Шуберта на фартэпіяна і палявалі на маманта. Аднойчы музыка Зміцер Сасноўскі паставіў рэкорд хуткасці ранішняй пабудкі, пранікаючы ў намёты валанцёраў і гучна выконваючы на дудзе адну са сваіх кампазіцый.

fota9
Начное фаер-шоў

З іншага ж боку, ПАЛ — гэта зіхатлівыя агеньчыкі вогнішча і куфаль археалагічнага напою — архелы, нетаропкія начныя размовы і ўнутраныя жарцікі, рамантыка вандроўкі і жыццё ў лясной камуне, дзе кожны наноў адкрываецца сабе і свету.

fota11
Перапраўка праз Дзьвіну

fota12
Начное вогнішча

fota13
Ноч у лагеры

Хутка з сямі чалавек нас мусіла зрабіцца пад сотню, бо ў студэнтаў БДУ і ВДУ распачыналася практыка. Да таго ж, раскопкі вабілі сюды буйныя валанцёрскія галовы. Нас чакалі: тры розныя лагеры са сваімі межамі і законамі, чэмпіянат па футболе па Лучна ЦіВі, сядзіба невядомага феадала пад культурнымі слаямі, карнавальны прыезд аўталаўкі і вялікі Грунвальд.

на першым фота – Археолаг Марат Клімаў

Працяг будзе…