Адкрыццё выставы Фёдара Кісялёва “У глыбінях зямлі нашых душ карані…”

18.05.2017 17:00 - 17:00 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча,13) Бясплатнае

18 мая 2017 года а 17-ай гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрываецца мастацкая выстава Фёдара Кісялёва “У глыбінях зямлі нашых душ карані…”.

Беларускі акварэліст Фёдар Сцяфанавіч Кісялёў нарадзіўся 15 верасня 1946 года ў вёсцы Іванава Слабада Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1971 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Творчы шлях мастака Фёдара Кісялёва пачаўся з 1968 года, калі ўпершыню яго працы пачалі выстаўляцца на абласных выставах г.Віцебска, а потым г.Магілёва. З 1972 года ўдзельнічае ў рэспубліканскіх, а з 1975 года — ва ўсесаюзных выставах і ў працы ўсесаюзных суполак акварэлістаў. З 1978 года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў.

Фёдар Сцяфанавіч — прадстаўнік Віцебскай акварэльнай школы, вучань вядомых віцебскіх акварэлістаў Фелікса Гумена і Івана Сталярова. Асноўныя жанры творчасці мастака – пейзаж і нацюрморт. У сваіх карцінах Фёдар Кісялёў перадае асабістыя ўражанні. Яму ўдаецца ператварыць уласныя работы ў паэтычныя ноты. На ягоных палотнах, па словах самога мастака, можна назіраць прыроду праз “своеасаблівае” акно. Найбольш блізкія тэмы творчасці Фёдара Кісялёва – гэта Прыдняпроўскі край, Паазер’е, матывы Бацькаўшчыны з яе мяккім і складаным каларытам, помнікі гісторыі і культуры — прырода ва ўсіх яе праявах як найлепшы настаўнік і вечная крыніца гармоніі ды натхнення.

На выставе “У глыбінях зямлі нашых душ карані…” прадстаўлены акварэльны жывапіс Фёдара Кісялёва — мастацкія працы, дзе лірычнае цесна звязалася з рамантычным гучаннем. Тэма Радзімы, краявіды з помнікамі даўніны, дыханне часу, на задумку аўтара, знойдуць цікавасць ў наведвальнікаў музея. Серыя “Пасожская балада” прысвечана пiсьменнiкам Пасожжа – Віктару Карамазаву, Аляксею Пысiну, Міхасю Стральцову; мастацкі цыкл “З глыбiнь мiнулага” дае магчымасць узгадаць імя Адама Міцкевіча; серыя У краi азёрным” уключае мастацкую работу “Бычкi. На радзiме В.Быкава”; серыя “Шлях да паэта” прысвечана выдатнаму класіку беларускай літаратуры Янку Купалу і тым мясцінам, дзе жыў паэт.

Мастацкую выставу дапаўняюць музейныя прадметы, звязаныя з выдатнымі прадстаўнікамі беларускага слова: кнігі, фотаздымкі, рукапісы.


Вам можа быць цікава

Выстава «Акварэль. Варыяцыі» ў Мінску

24.07.2025 17:00 - 29.09.2025 19:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20)

Выстава «Васільковае трымценне» ў Мінску

05.09.2025 11:00 - 10.10.2025 19:00 Нацыянальны мастацкі музей, выставачны корпус (вул. Маркса, 24)

Восеньскі салон у Мінску

05.09.2025 18:00 - 19.10.2025 21:00 Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

«Ляпіс Трубяцкі» ў Варшаве

19.09.2025 (20:00 - 22:00) Proxima (Żwirki i Wigury 99A)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ