ІІІ выставы-біенале “Ліхтарт”

09.11.2017 19:00 - 19:00 Беларускі Саюз дызайнераў (вул. Брылеўская, 14) Уваход вольны

9 лістапада ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў адбудзецца адкрыццё ІІІ выставы-біенале “Ліхтарт”, прысвечанай святлу ва ўжытковым і філасофскім сэнсах.

У першую чаргу на выставе прадстаўленыя самыя разнастайныя аўтарскія свяцільні, аднак тут ёсць месца і жывапісу, і графіцы, і мастацкай фатаграфіі. Першае біенале “Ліхтарт” адбылося ў галерэі Універсітэта культуры ў лютым-сакавіку 2014 г. і ўжо тады сабрало больш за 60 удзельнікаў, сярод якіх такія вядомыя дызайнеры, як Марыя і Юрый Алехно, Павел Вайніцкі, Вадзім Качан, Muzhev(a)&Muzhev, Ігар Салаўёў, Уладзіслаў Стальмахаў, Максім Шняк, дызайн-студыі Fajno і Adliga.

Не менш паспяхова прайшоў і ІІ Ліхтарт, які сабраў амаль 60 удзельнікаў. Былі як ужо сталыя ўдзельнікі “Ліхтарта”, так і славутыя аўтары, якія паўдзельнічалі ў ім упершыню – Леў Агібалаў, Дзмітрый Беляковіч і Аляксандр Шыпілаў, Уладзімір Голубеў, Генадзь Кабец, Вадзім Красніцкі, Алена Рузава і шмат якія яшчэ, вядомыя і не вельмі аўтары.

Гэтым разам атмасфера была больш камерная, але святочная і разняволеная. Сярод цікавостак Ліхтарта-2015 можна ўзгадаць лекцыю Юрыя Гараноўскага, генератар Тэслы, электрасветлавы квест ад Эксперыментус і ІграRoom, маляванне святлом з тэатрам “Дом сонца”, чароўная музыка Lumiere Tales і нават трошкі стрыптызу.

Як гэта было, можна пабачыць тут: https://lichtart.unid.by

Што чакаць ад трэцяга “Ліхтарта”? Гэтым разам яго адкрыццё супадае з ХІІ Нацыянальным фестывалем архітэктуры, таму, калі засумуеце ў Палацы мастацтва (дзе будуць між іншым крэслы з іншага біенале БСД – “Пастулата”) – кідайце ўсё і прыязджайце на Брылеўскую, 14. Ужо зараз чакаецца ўдзел больш чым пяцідзесяці аўтараў – дызайнераў, мастакоў, графікаў, фатографаў, як ужо вядомых па папярэдніх біенале, так і новых для “Ліхтарта” –  Юліі Галавіной, Яўгена Залужнага, Уладзіміра Шчадрына, будзе таксама прадстаўлена прэзентацыя беларуска-канадскай лайт-дызайнеркі (або дызайнера, тут ужо каму як зручней) Наргізы Усманавай, якая, нажаль, па зразумелых прычынах, не можа прысутнічаць уласна. А што будзе яшчэ? Мы прыдумаем, чым вас здзівіць, прыходзьце!

Выстава адбудзецца пры любым надвор’і, калі толькі не адключаць электрычнасць

у цёмны-цёмны лістападаўскі дзень у галерэі Беларускага Саюза дызайнераў,

Брылеўская, 14, 19.00, уваход з двара (і ён – ВОЛЬНЫ).

Вось нуль, вось фаза, паехалі!


Вам можа быць цікава

Выстава “Яўхім Карскі: погляды, працы, спадчына” у Мінску

15.01.2026 09:00 - 02.04.2026 19:00 Музей кнігі (пр-т Незалежнасці, 116)

Спектакль «Ваўкі» ў Любліне

16.04.2026 19:00 - 18.04.2026 21:30 Centrum Kultury w Lublinie (Peowiaków 12)

«Irdorath» у Варшаве (6+)

24.04.2026 (19:30 - 22:00) Proxima (Żwirki i Wigury 99A)

«Relikt» у Кракаве

24.04.2026 (20:00 - 22:00) GARAGE PUB (Marszałka Józefa Piłsudskiego 27)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ