У сераду, 15 красавіка, даследчык Зміцер Юркевіч чытае ў музеі гісторыі беларускай літаратуры лекцыю «Вінцэнт Марэвіч: вяртанне недарэчнага генія».
Імя Вінцэнта Марэвіча досыць доўга не трапляла ў поле ўвагі даследчыка Змітра Юркевіча. Хоць многія героі яго папярэдніх лекцый жылі ў адзін час з пісьменнікам, хадзілі аднымі сцежкамі, дыхалі адным паветрам.
Часам узнікае думка, ці не быў гэты «невядомы літаратар» містыфікацыяй?
Існавала таксама даследчыцкая гіпотэза, што гэта быў «двайнік» Францішка Карпінскага, знакамітага паэта і бацькі сентыменталізму ў Рэчы Паспалітай.
Дык што ж вядома пра Вінцэнта Ігнацы Марэвіча?
Плённы і шчыры паэт-эксперыментатар, патрыёт, аўтар значнай колькасці кніг, у якія ўвайшлі опера, дзясяткі вершаў, камедый і лістоў.
Ротмістр троцкага ваяводства, які ганарыўся сваім пачэсным тытулам больш, чым любы сапраўдны ўраднік.
Драматург, чые п’есы ішлі на сцэнах Вільні, Варшавы і Львова і ў якіх ён нярэдка граў сам разам з жонкай.
Публіцыст, які сваімі праектамі і вершамі ўмешваўся ў вялікую палітыку Чатырохгадовага сойма.
Чалавек, які не проста назіраў за гісторыяй, а спрабаваў яе ствараць — сваім пяром, сваімі ўчынкамі, сваёй неверагоднай настойлівасцю.
Ён пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну і ніводнага помніка, нават магільнага каменя.
Яго сучаснікі — Карпінскі, Князьнін, Трамбэцкі, Нарушэвіч, Красіцкі — сталі класікамі. А ён стаў анекдотам, бо ў ХІХ ст. імя Марэвіча стала сінонімам «дрэннага паэта».
Пры гэтым, некаторыя яго творы памылкова прыпісвалі генію Карпінскаму, а Станіслаў Трамбецкі нават выкарыстоўваў псеўданім «Марэвіч».
Але гэтая «дрэннасць» ў наш час падверглася капітальнаму перагляду.
Праўда, нягледзячы на тое, што ў апошняе дзесяцігоддзе ўвага да яго з боку замежных даследчыкаў значна вырасла, а літаратурны складнік яго біяграфіі стаў прадметам сур’ёзнага вывучэння, жыццяпіс самога творцы фактычна не пашыраецца.
Квіткі — 8 рублёў.