Мабільная фотавыстава «Разам да здароўя!»

29.11.2017 17:00 - 21:00 плошча каля Мінскага трактарнага завода (ст. м. Трактарны завод) Бясплатнае

29 лістапада на плошчы каля Мінскага трактарнага завода (ст. м. Трактарны завод) адкрыецца фотавыстава пад адкрытым небам «Разам да здароўя!». Ініцыятарам мерапрыемства выступае Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Героі фотапраекта – простыя жыхары невялікіх гарадоў і вёсак Беларусі.

Наведвальнікі фотавыстаўкі «Разам да здароўя!» пазнаёмяцца з гісторыямі жыхароў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, якім змяненне ладу жыцця ў бок здаровага  дапамагло не толькі ўмацаваць здароўе і справіцца з захворваннямі, але і развіць свой асабісты патэнцыял, а таксама натхніла падтрымліваць іншых. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены ініцыятыўныя валанцёрскія групы па ЗОЖ Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якія аб’ядноўваюць вакол сябе жыхароў гарадоў, вёсак і разам мяняюць жыццё ў мясцовых супольнасцях да лепшага.

 – З дапамогай фотавыстаўкі «Разам да здароўя» мы расказваем рэальныя гісторыі звычайных людзей, – адзначае Таццяна Святловіч, менеджэр праекта БТЧК «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця». – Нашы героі – не медыйныя персоны, а жыхары невялікіх гарадоў і мястэчак Беларусі. Але кожны з іх аднойчы знайшоў у сабе сілы пайсці па шляху пераменаў і абраў здаровы лад жыцця: адмовіўся ад курэння, злоўжывання алкаголем, змяніў звычкі ў харчаванні, стаў актыўна праводзіць вольны час. Наша выстава пра тое, як змены ў вобразе жыцця дапамаглі людзям умацаваць здароўе, і пра тых, хто іх падтрымлівае на гэтым шляху».

  З 29 лістапада па 17 снежня фотавыстава будзе па чарзе размешчана на пляцоўках перад буйнымі прадпрыемствамі Мінска. Адкрыццё выставы адбудзецца 29 лістапада на пляцоўцы каля Мінскага трактарнага завода. У адкрыцці прымуць удзел героі фотавыставы – удзельнікі ініцыятыўных груп БТЧК. Яны правядуць для ўсіх жадаючых майстар-класы па скандынаўскай хадзьбе, арганізуюць актыўныя народныя гульні. Наведвальнікаў выставы таксама чакаюць конкурсы і падарункі.

Затым з 3 снежня выстава пераедзе да Менскага аўтамабільнага заводу, дзе будзе знаходзіцца да 9 снежня. Выніковай кропкай размяшчэння стане пляцоўка перад Мінскім заводам колавых цягачоў. Тут экспазіцыя будзе прадстаўлена з 10 па 17 снежня. У далейшым выстава адправіцца ў падарожжа па рэгіёнах.

– Выбар такіх пляцовак не выпадковы. Мы вырашылі адысці ад стандартнага фармату – праводзіць мерапрыемствы ў цэнтры горада – і задзейнічалі скверы і пляцоўкі каля буйных заводаў Мінска ў розных сталічных раёнах. Хочам прыцягнуць увагу больш шырокай аўдыторыі і спадзяемся, што жыццёвыя гісторыі жыхароў нашай краіны натхняць многіх людзей выбраць больш здаровае і доўгае жыццё, – каментуе Таццяна Святловіч.


ДАВЕДАЧНА

БТЧК з 2014 года рэалізуе праект «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта – ўмацаванне здароўя і змяненне паводзінаў насельніцтва Беларусі ў бок здаровага ладу жыцця.

Створаны і паспяхова працуюць 14 ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама Магілёўскай вобласці. У склад ініцыятыўных груп ўваходзяць больш за 470 чалавек рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Гэта актыўныя людзі, захопленыя ЗОЖ і гатовыя дапамагчы іншым змяніць сваё стаўленне да здароўя. Ініцыятыўныя групы навучаюць насельніцтва асновам прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, ажыццяўляюць індывідуальнае суправаджэнне тых, хто імкнецца змяніць свой лад жыцця ў бок здаровага, праводзяць рэгулярныя заняткі і майстар-класы па розных відах фізічнай актыўнасці.


Вам можа быць цікава

Выстава «Вясновыя напевы» ў Брэсце

25.04.2025 17:00 - 11.05.2025 19:00 Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр (вул. Савецкая, 54)

Хакатон HackTheLibrary ў Гданьску

09.05.2025 09:00 - 10.05.2025 15:00 Fundacja RC (вул. Wita Stwosza 23)

Выстава Галіны Лазарчык і Вадзіма Сея на Кіпры

11.05.2025 18:00 - 25.05.2025 19:00 Aphrodite-Amathusia Cultural Center (Agios Tychon 4532)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ