Re1ikt выступіць разам з фіналістамі «Заспявай 3.0»

05.08.2016 19:00 - 22:00 Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык) 10-15 руб.

Гурт Re1ikt выступіць 5 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 разам з фіналістамі конкурсу «Заспявай 3.0» – Янам Жанчаком, Яўгенам Цярэнцьевым і гуртом Teleport ды гуртом U.G.Oslavia

Гурт Re1ikt сабраў усе магчымыя ў Беларусі ўзнагароды ў апошнія гады. Cёлета іх праца “Лекавыя травы” была названая іншымі беларускімі музыкамі “Альбомам году” на прэміі Rock Profi, а сам гурт названы “Артыстам году”. На ўзнагародах Experty.by гэты ж альбом быў прызнаны найлепшым рок-альбомам, а таксама альбомам году па версіях штатных экспертаў і народных экспертаў. А да гэтага гурт перамог у шэрагу беларускіх і польскіх фэстаў, а таксама атрымаў званне “Герояў году” ад Tuzin.fm. 5 жніўня музыкі сыграюць акустычную праграму поўным складам, якая складаецца як з добра вядомых песень, так і нечаканых і рарытэтных трэкаў. Адмыслова да гэтага выступу Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананні самай магічнай рок-каманды краіны.


У гэты вечар выступіць адзін з фаварытаў у намінацыі “Спяваная паэзія” Ян Жанчак. 32-гадовы выканаўца вядомы з удзелу ў такіх гуртах як “Песняры” (п/к Барткевіча), In Search For, Яnkey. Сёлета ён дэбютаваў з сваім сольным праектам. На конкурс спявак падаў песню “Ўспаміны”, напісаную на верш бацькі, паэта Барыса Жанчака. Сярод фаварытаў конкурсу яе назвалі сябры журы Алег Хаменка і Яўген Карпаў. У выпадку перамогі, Ян хацеў бы ўкласці грошы, атрыманыя ў якасці прызу, у свой дэбютны сольны альбом.


5 жніўня выступіць з сэтам таксама адзін з прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі “Замежны пераклад” Яўген Цярэнцьеў з гуртом Teleport. Летась выканаўца ўжо ўдзельнічаў у конкурсе і быў адзначаны ў ліку лаўрэатаў у намінацыі “Беларускі кавер” за інтэрпрэтацыю “песняроўскага” шэдэўра “Зачараваная”. Гэтым разам Яўген падаў заяву адразу ў дзве намінацыі – у “Беларускі кавер” песню “Вераніка” (зусім крыху ёй не хапіла, каб трапіць у фінал), а ў “Замежны пераклад” – беларускамоўную версію песні расейскага гурта “Кипелов” – “Ноч у ліпні”, дзякуючы якой і трапіў у другі раўнд конкурсу. Cярод найлепшых гэтую песню назвалі Сяргей Пукст і Павал Бераговіч. У выпадку перамогі Яўген хацеў бы ўкласці прызавыя грошы ў развіццё свайго гурта.


Трэцім з фіналістаў “Засьпявай 3.0” у гэты вечар выступіць гурт, які прэтэндуе на перамогу ў намінацыі “Беларускі кавэр” – U.G.Oslavia, якія зрабілі сваю версію знакавай песні N.R.M. – “Фабрыка”. Сярод сябраў журы яна надзвычай захапіла Глеба Лабадзенку і Ганну Янкуту. Сваю творчасць музыкі пазіцыянуюць як “рок-н-рол і бла-бла-бла”, актыўна выступаюць, а летась былі намінаваныя ў намінацыі “Дэбют году” на прэміі Rock Profi. У выпадку перамогі ў конкурсе, музыкі мяркуюць зняць кліп.


Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.
За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэнне найлепшага на меркаванне народнага журы.
Набыць квіткі – bezkassira.by
5.08. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19.00-22.00. Re1ikt + фіналісты «Заспявай 3.0»: Ян Жанчак, Яўген Цярэнцьеў і Teleport, U.G.Oslavia. Кошт квіткоў: 10 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.


Вам можа быць цікава

Фотавыстава Віталя Ціхамірава «Homo Verus» у Мінску

25.04.2025 18:00 - 17.05.2025 19:00 галерэя «Універстэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1)

Выстава Галіны Лазарчык і Вадзіма Сея на Кіпры

11.05.2025 18:00 - 25.05.2025 19:00 Aphrodite-Amathusia Cultural Center (Agios Tychon 4532)

tochka K у Варшаве

22.05.2025 (20:30 - 22:00) галерэя «Septem of Swords» у бары «Карма» (Aleja 3 Maja 5)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ