Творчы вечар “Ніна Лістота. Нараджэнне паэта”
Пачатак: 03.11 (18:30)Канец: 03.11 (19:00)
Дзяржаўны літаратурны музеі Янкі Купалы
У чацвер 3-га лістапада ў 18.30 у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца творчы вечар “Ніна Лістота. Нараджэнне паэта”.
Маладая паэтка ўпершыню выступіць з уласнай праграмай. Госці імпрэзы пачуюць вершы ў выкананні аўтаркі і некаторых іншых запрошаных выступоўцаў. Жывое музычнае суправаджэнне забяспечыць гітарыстка Надзея Барысава. Разам з ёй адмысловы рытм для вершаў на барабане думбека будзе ствараць Віталь Акімаў.
Бард з Маладзечна Марыя Гаўрыленка праспявае некалькі ўласных песень, напісаных на словы Ніны Лістоты.
Творы аўтаркі друкаваліся ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Маладосць”, “Бярозка”. Падборкі вершаў змяшчаліся ў зборніках моладзевай літаратуры “Час жыць!”
Цыкл твораў Ніны Лістоты пераведзены на ўкраінскую мову Пятром Сялецкім і апублікаваны ва ўкраінскім літаратурным часопісе “Киів”.
Ніна Лістота жыве і працуе ў Мінску. Аднак яе паэтычную творчасць добра ведаюць у родным Маладзечне. Там яе творы гучалі на многіх пляцоўках і займелі сваіх прыхільнікаў.
Пра тое, чаму нарэшце вырашыла зладзіць паэтычны выступ у Мінску, аўтарка кажа так:
Паэзія – тая жанчына, з якой мы былі верныя адна адной усё жыццё. Колькі сябе памятаю – пішу вершы. Вялікіх перапынкаў у нашых адносінах не здаралася… Аднак доўгі час я лічыла, што паэзія – гэта вельмі асабістае, тое, што з’яўляецца выключна тэрыторыяй маёй душы. Таму пускаць туды некага старонняга не хацелася. Але з часам я прыйшла да разумення, што здольнасці дадзеныя нам не проста так. Яны могуць крыху аздобіць жыццё тых, хто апынаецца побач. Таму пачала публікаваць свае вершы, часам выступаць. Адразу атрымала шмат станоўчых водгукаў. А гэтай восенню вырашыла зладзіць творчы вечар, сваё “Нараджэнне паэта” для публікі.
Арганізатары вечарыны абяцаюць, што зробяць усё, каб госці адчувалі сябе ўтульна і крыху адпачнулі ад асенняй непагадзі.
На ўваходзе кожны бясплатна атрымае салодкі пачастунак, адмыслова зроблены кандытарам.