Выстава “Апосталка беларускага адраджэння”

Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30) Уваход вольны

У аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь Год культуры выпала значная падзея – 140-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч. Талент гэтай жанчыны непарыўна звязаны з гісторыяй развіцця беларускага грамадства і нацыі, гуманізацыяй і дэмакратызацыяй жыцця нашай краіны, узбагачэннем літаратуры рэвалюцыйна накіраванымі і філасофскімі творамі. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры мае багатыя фондавыя матэрыялы, якія паэтапна раскрываюць дзейнасць і творчасць гэтай дзяячкі. На выставе “Апосталка беларускага адраджэння”, якая распачынае сваю дзейнасць з 15 ліпеня 2016 года ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (вул.Карла Маркса, 30), паказ асобы Цёткі і яе ўклад мае сучасны аналітычны характар, які выяўляецца праз дэманстрацыю адначасова прадметаў быту, кніг і фотаздымкаў як канца ХІХ – пачатку ХХ стст. (часу жыцця пісьменніцы), так і матэрыялаў мастацкай і навуковай накіраванасці, створаных у сяр.ХХ – пач.ХХІ стст.

Адзін з комплексаў экспазіцыйнай прасторы дэманструе матэрыялы, якія з’яўляюцца сведчаннямі фарміравання і станаўлення асобы Алаізы Пашкевіч. Наведвальнік зможа ўбачыць прыжыццёвыя выданні аўтаркі – “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду”, “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, дакументы, якія суправаджалі пачатковы этап жыцця жанчыны, габелен канца ХІХ ст. прыналежнасцю сям’і Пашкевічаў і інш.

У літаратурнай скарбонцы краіны налічваецца шмат твораў, прысвечаных апосталцы адражэння. Лідзія Арабей, Валянціна Коўтун, Рыгор Барадулін, Данута Бічэль-Загнетава, Алег Лойка і інш. спрычыніліся да глыбокага аналізу шматграннай натуры Цёткі і прысвяцілі частку свайго жыцця і душы прапагандзе і аналізу дзейнасці гэтай незвычайнай жанчыны. Ужо на сённяшнім этапе развіцця культуры мастацкія і навуковыя працы новых пакаленняў даследчыкаў дапамагаюць успрыняць гістарычныя факты і асабістыя памкненні пісьменніцы-змагаркі вачыма сучасніка, прадвызначыць тыя агульнанацыянальныя факты і памкненні, што яднаюць народ на працягу ўсяго яго часу існавання і развіцця ў розных палітычных і грамадскіх умовах. Гэту тэму на выставе ілюструюць рукапісы твораў, выданні кніг, навуковыя матэрыялы і даследаванні, прысвечаныя асобе Алаізы Пашкевіч, аўтарства якіх належыць літаратурнай і навуковай інтэлігенцыі.

Да інтэрпрытацыі вобразаў, створаных словамі пісьменніцы ў яе ўласных творах, і іх візуалізацыі прыклалі намаганні і беларускія мастакі. Графічныя працы Міколы Купавы і Анатоля Волкава, прадстаўленыя ў асобным экспазіцыйным комплексе, з’яўляюцца рэальным ўвасабленнем герояў, пейзажаў, дзеянняў і нават думак, агучаных і раскрытых у вершах і апавяданнях Цёткі.

Даведкі па тэлефоне: 335-44-47; 334-56-21

Эл.пошта: bellitmuseum@tut.by. Сайт: http://bellitmuseum.by


Вам можа быць цікава

Ускладанне кветак на магілу Клаўдзія Дуж-Душэўскага ў Коўне

25.03.2026 (18:30 - 20:00) ля магілы Клаўдзія Дуж-Душэўскага (Петрашунскія могілкі)

Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску

26.03.2026 (10:00 - 12:00) Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)

Iva Sativa ў Батумі

28.03.2026 (21:00 - 23:00) Circus Arena (23 Nikoloz Baratashvili Street)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ