Інтэрнэт-партал Tuzin.FM у партнэрстве з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» распачынае новы музычны сэзон. Цяпер канцэрты ў межах праекту «Жывы Тузін» будуць праходзіць штомесяц у менскім Loft cafe. На адкрыцьці 20 верасьня гурт HandmadE прадставіць свой дэбютны альбом, адзін з самых адметных беларускіх дыскаў 2012 году. У імпрэзе таксама возьме ўдзел Павал Кузіч з прэм’ерай свайго новага электроннага праекту.
Дэбютны альбом гурта HandmadE быў прэзэнтаваны ўвесну на Tuzin.fm, а цяпер яго ў рэальным выглядзе выдала кампанія BelTonMedia. Праўда пад іншай назвай – «На вачах тваіх…». «У той час, як мы запісалі ўвесь матэрыял, я ад’язджаў за мяжу, але з музыкай падвязваць не зьбіраўся, – тлумачыць лідэр гурта Яўген Валошын. – Таму і назва была падабраная такая больш намэнклятурная, якая пасуе пад замежжа. Калі ж мы сутыкнуліся з выданьнем альбому ў Беларусі, то ўзялі іншы загаловак, больш нэўтральны. Цяперашняя назва больш адпавядае сэнсу нашай працы». Перадпрэзэнтацыя новага альбому HandmadE адбылася ўлетку на фэстывалі «Пікнік.BY», а клюбная прэм’ера заплянаваная якраз на адкрыцьцё канцэртнага сэзону, які распачынае інтэрнэт-партал Tuzin.FM пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Цяпер канцэрты ў межах праекту «Жывы Тузін» будуць праходзіць штомесяц у Loft cafe. Стаўка гэтым разам будзе зроблена не на акустычныя выступы, як у мінулым сэзоне, а на эксклюзыўныя прэм’еры ад маладых і вядомых беларускамоўных выканаўцаў.
«На гэтым канцэрце можна будзе пачуць нашае новае гучаньне, якое заўважна зьмянілася з часу выхаду альбому. У нашых песьнях цяпер крыху іншая рытміка, яны нават сталі больш цяжкімі», – кажа Яўген Валошын і абяцае шэраг прэм’ераў. Сярод іх – зусім новая песьня «Сіньярыта з Коста-Рыкі» на верш Максіма Танка, якая была напісана падчас прыбываньня Яўгена ў Коста-Рыцы. Музыкант апынуўся ў гэтай краіне роўна праз 50 год пасьля славутага беларускага паэта і трапіў у тую самую сытуацыі, г.зн. закахаўся ў мясцовую дзяўчыну. «Толькі мне, відаць, пашанцавала больш, чым Танку, бо я ня быў абцяжараны дзяржаўнымі паўнамоцтвамі і выправіўся ў Лацінскую Амэрыку трошкі пажыць і зрабіў тое, пра што марылася нашаму паэту паўстагодзьдзі таму», – іранізуе лідэр HandmadE. Альбом «На вачах тваіх…» можна набыць праз інтэрнэт, а таксама на самім канцэрце 20 верасьня па самым дэмакратычным кошце.
Наведнікаў імпрэзы чакае яшчэ адзін сюрпрыз. У гэты ж вечар сваю новую праграму прадставіць Павал Кузіч, выканаўца, вядомы, як лідэр гуртоў UrbanLife, «Летні Song», «Існасьць». Цяпер Паша ўсур’ёз узяўся працаваць з электроннай музыкай, натхнёны перадусім французскім праектам M83. А вось тэксты па-ранейшаму выканаўца піша перш за ўсё па-беларуску. Адну з новых кампазыцыяў «Мяккай белай ватаю» ён прадставіў нядаўна на «Тузіне Гітоў». На канцэрце «Жывы Тузін» Паша пакажа і свае іншыя музычныя прыдумкі.
Весьці канцэрты «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў «Тузіна Гітоў» – кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Канцэрт пачнецца ў 19:00 20 верасьня (чацьвер) у Loft cafe (вул. П.Броўкі, 22).
Кошт квітка — 50 000 руб, 60 000 руб (столік).
Квіткі будуць прадавацца непасрэдна перад пачаткам канцэрту!
Замовіць столік можна загадзя па тэл. +375 29 38 000 10.
Іншыя пытаньні: + 375 29 6872093.