14 траўня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” беларуская паэтка і бард Таццяна Беланогая ўпершыню ў сваей кар’еры наведала Лагойск. Сваю творчую імпрэзу Таццяна апісала так:
“Ёсць мясціны Беларусі, дзе творчы дух паэта знаходзіць гармонію з навакольным асяроддзем і прыродай. Менавіта такой мне падаецца Лагойшчына. Спалучэнне гор і вады робіць гэты куток асабліва прывабным для мяне. Мне вельмі было прыемна спяваць у такіх маляўнічых мясцінах. Дарэчы, шмат пытанняў, якія я задавала на конкурсах, падчас якіх я разыгравала падарункі ад кампаніі “Будзьма”, былі звязаныя з назовамі мясцовых гор. Так, у іх вельмі маляўнічыя назвы, напрыклад Паненская.
Выступ адбыўся ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На гэтай сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі цэнтру, дзеці і бацькі шматдзетных сем’яў. Я думаю, што на канцэрце ў такіх месцах кожнае слова ўспрымаецца больш сур’ёзна і адказна. І ведаеце, калі я казала пра адментасць і ўнікальнасць беларусаў, я адчувала, што мяне разумеюць. А гэта, я лічу, самае галоўнае.”