Сёння мы выпраўляем у доўгае падарожжа 34travel.by – новы інтэрнэт-часопіс ад стваральнікаў 34mag. На гэтай пляцоўцы ты зможаш даведацца, як, куды і навошта ездзіць, а таксама адсочыш, як на тваіх вачах змяняецца культура вандровак, а галоўнае – як яна змяняе цябе самога.
Навошта мы гэта робім?
Мы любім ездзіць. Мы любім рабіць часопісы. Мы любім даследаваць новыя тэрыторыі. Дарога – гэта не толькі скідоны і купоны. Гарады – гэта не толькі бары і хостэлы. Людзі – гэта не толькі «фізічныя асобы». Падарожжы – гэта не заўжды «ўтульна і зручна». Мы робім34travel.by для таго, каб табе было сорамна сядзець дома.
Што будзе на старонках 34travel.by?
Фірмовыя гайды па гарадах свету – адточаны фармат даведнікаў ад 34: падрабязная культурная праграма па незаюзаных месцах, карысныя парады, а таксама правільныя кавярні, бары, рэстрыкі і месцы для шопінгу. Усе нашы гайды ствараюцца людзьмі, якія альбо жывуць у горадзе, альбо па-сапраўднаму добра яго ведаюць. Ніякіх банальных ці выпадковых месцаў, ніякай «кампіляцыі з інтэрнэту» – толькі прачэканыя і дбайна адабраныя кропкі.
Гісторыі і рэпорты пра тое, як трэвелінг фармуе новую культуру чалавечых зносін, як змяняе людзей і гарады, як сцірае межы і ўмоўнасці. Гісторыі людзей у дарозе, калекцыя лёсаў, прыгодаў і новых досведаў. Прастора для эксперыментаў.
Візуал. Фотарэпорты і візуальныя гісторыі з месцаў, куды цябе, магчыма, занясе нялёгкая ўжо ў хуткім часе. Дзэн, інспірэйшн, сузіранне.
А таксама карыснае і штодзённае: лайфхакі, нагоды, навіны, спісы, гіды.
Нагоды для падарожжаў. Фестывалі, канцэрты, выставы, спартовыя мерапрыемствы, гарадскія дзвіжухі – усё тое, што прымушае задумацца пра букінг квіткоў і гатэляў. Шукаем, збіраем, падказваем. Навіны трэвелінга. Адмяняюць візу? Даюць два квіткі па кошце аднаго? Запускаюць новыя напрамкі? Абвесцілі крутога хэдлайнера на фестываль, на які ты і так збіраўся? Калі не прая*ем, напішам пра гэта першымі. Ну, ці аднымі з першых.
Ці можна паўдзельнічаць у стварэнні 34travel?
Так! Сяброў шмат не бывае, таму прапаноўваем табе ўлівацца ў нашу дзвіжуху. Мы шукаем блізкіх па духу людзей, якія сталі б нашымі экспертамі па гарадах Еўропы і свету. Мы заўсёды (окай, не заўсёды, але часцей за ўсё) адкрытыя для новых герояў і новых ідэяў. Пішы на[email protected] – пагутарым.
Ці можна запартнёрыцца ці прарэкламавацца на новым сайце?
Вядома, можна. Зазірні ў адмысловы раздзел для рэкламадаўцаў на сайце 34travel.by.
Дзе сачыць за абнаўленнямі?
Праз новыя старонкі 34travel у сацсетках: Facebook, VK, Instagram.
Здаецца, у вас там кнопачка не націскаецца…
Бывае і такое. Знойдзеш баг – пішы на [email protected]. Ідэальнага няма. Мы стартуем.