Творчая сустрэча з Міхалам Бараноўскім у Замасточчы колькі разоў пераносілася, і вось, 8 красавіка паэт усё ж такі дабраўся да мясцовай бібліятэкі, каб прадставіць сваю кнігу «Volumen.1», ды распавесці пра юбілей беларускага кнігадрукавання.
Само мерапрыемства было вырашана праводзіць у школе, што знаходзілася непадалёку. Думалі ці не сабрацца ў адным з класаў, для больш утульнай атмасферы, але загадчына бібліятэкі Вікторыя Туравец, упэўніла, што звычайна дзеці на мерапрыемствы адгукаюцца хораша, і сапраўды актавая зала, амаль цалкам запоўнілася вучнямі, што бавілі ў школе свой шосты “навучальны” дзень.
На пачатку сустрэчы Міхал Бараноўскі запытаў, ці ведае публіка якую дату ў гэтым годзе адзначае беларускае кнігадрукаванне, а пасля распявоў пра акцыю “500-годнасць” кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Наступнае пытанне было правакацыйнае. За гэтыя 500 гадоў выйшла безліч паэтычных кніг, і ці не дзіўна, што людзі столькі высілкаў і часу згубілі на такі недарэчны занятак як напісанне вершаў і выданне кніжак? На што адзін з вучняў адказаў, што вершы ўсё ж патрэбны, бо яны ўмець запальваць агонь унутры, даваць сілы чалавеку.
Разважалі, як паэзія з’явілася ў старажытныя часы, як зараз незаўважна яна знаходзіцца побач у выглядзе песен, якія мы слухаем па дарозе на працу ці вучобу, альбо пад час заняткаў спортам.
Міхал распавёў, якія беларускія пісьменнікі і паэты паўплывалі на яго як аўтара вершаў, а таксама выканаў колькі песен на ўласныя словы і адказаў на пытанні навучэнцаў, пра свае першыя спробы ў вершаскладанні і пра тое, як прыйшоў да беларускай літаратуры ўвогуле.