Лета — самы час для вандровак. Падарожнікаў, што завітаюць у Слонім, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў у Слоніме.
Фота: budzma.org
Фота: planetabelarus.by
Слонім атрымаў Магдэбургскае права ў 1531 годзе, у сувязі з гэтым на цэнтральнай плошчы была ўзведзена ратуша, першапачаткова драўляная. Сённяшні будынак ратушы быў закладзены ў ХVІІІ стагоддзі. Будынак сціплы, барочны, двухпавярховы, адрозніваецца ад іншых ратушаў Беларусі адсутнасцю вежы. Ратуша выкарыстоўвалася па прызначэнні і за савецкім часам: тут размяшчаўся райвыканкам. Пасля перабудовы яна мала чым адрозніваецца ад суседніх будынкаў, аднак пілястры, што дэкаруюць фасад, нагадваюць пра даўнішнія традыцыі самакіравання ў Слоніме.
Чытайце яшчэ: 7 цудаў Іўя: гайд ад «Будзьма!»
Фота: planetabelarus.by
Фота: budzma.org
На планіроўку ды абрысы Слоніма моцна паўплывала контррэфармацыя, калі каталіцтва стала самай уплывовай рэлігіяй у дзяржаве. У ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях у цэнтры Слоніма з’явіліся шматлікая барочныя культавыя будынкі, якія і сёння ажыўляюць цені далёкай мінуўшчыны. Адным з прыкладаў з’яўляецца Троіцкі сабор, колішні бернардзінскі касцёл, які пасля паўстання 1863–1864 гг. быў перададзены праваслаўным. Гэта не толькі самы стары, узведзены з 1639 па 1645 гг., але і самы цікавы будынак Слоніма. Захаваўся ў добрым стане і колішні кляштар бернардзінцаў.
Фота: budzma.org
Сам будынак касцёла, сёння царквы, раннебарочны, узведзены як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых умацаванняў, адсюль ягоная знешняя масіўнасць, суворасць, сціпласць. Першапачаткова храм унутры быў аформлены ў стылі ракако. Пасля перадачы праваслаўным тут з’явіўся іканастас з цэнтральным абразам Святой Троіцы ХVІІІ стагоддзя. А ў 2015 годзе было прынята рашэнне на галоўную вежу-званіцу ўсталяваць «цыбуліну», характэрную для расійскіх праваслаўных цэрваў, што моцна перайначыла выгляд храма і абрысы горада.
Фота: planetabelarus.by
Кляштар бернардзінцаў, пабудаваны ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя, захаваў сваю першапачатковую ўнутраную планіроўку з характэрнымі крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі. Цяпер тут знаходзіцца інтэрнат Слонімскага медкаледжа.
Фота: budzma.org
Важнай забудовай, што фармуе аблічча Слоніма, з’яўляецца кляштар бернардзінак і касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, закладзены напрыканцы ХVІІ стагоддзя. Архітэктурны ансамбль бернардзінак сёння размяшчаецца сярод шчыльнай забудовы цэнтра Слоніма. Дадзены храм — помнік архітэктуры барока, але знешне вельмі аскетычны, што характэрна для мясцовай версіі стылю барока. Унутры касцёл аздоблены ў стылі ракако.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
У ХІХ стагоддзі да храма быў дабудаваны кляштар. Унутры касцёла варта звярнуць увагу на інтэр’еры, спраектаваныя вядомым архітэктарам Янам Глаўбіцам, а таксама на арган 1909 года.
Фота: planetabelarus.by
Стыль барока дамінаваў і сярод іншых канфесій, пра што сведчыць ацалелая слонімская сінагога. Мясцовая сінагога — адзін з самых старых архітэктурных помнікаў Слоніма, узведзены ў 1642 годзе. Будынак высокі, з масіўнымі сценамі і барочным франтонам, з’яўляецца адной з дамінантаў знешняга выгляду Слоніма і сёння. Унутры захаваліся рэшткі роспісаў і аўтэнтычная біма — месца на ўзвышэнні ў цэнтры сінагогі ў выглядзе альтанкі з балюстрадай, з якога чытаецца Тора.
Фота: planetabelarus.by
Фота: budzma.org
Доўгі час сінагога была галоўным малітоўным домам слонімскіх яўрэяў. Але за Другой сусветнай вайной амаль уся слонімская яўрэйская супольнасць была знішчана. Пасля вайны будынак выкарыстоўваўся пад розныя гаспадарчыя патрэбы. Апошнія гады сінагога пустуе і паступова занепадае.
Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org
Сапраўднай візітоўкай Слоніма з’яўляецца касцёл Св. Апостала Андрэя, узведзены напрыканцы ХVІІІ стагоддзя, а больш дакладна, у 1775 годзе. Будынак касцёла таксама барочны, але гэта ўжо больш вытанчанае позняе барока, калі параўноўваць з бернардзінскім касцёлам, сёння праваслаўнай Траецкай царквой. Унутры касцёла буяе ракако, што тыпова для беларускіх каталіцкіх храмаў гэтага перыяду пабудовы. Арыгінальныя фрэскі касцёла моцна пацярпелі, бо за савецкім часам тут было сховішча солі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: budzma.org
Варта наведаць прыгарад Слоніма, дзе знаходзіцца колішні маёнтак ХІХ стагоддзя, які належаў слыннаму роду Пуслоўскіх. Тут Войцэх Пуслоўскі, якога можна лічыць адным з найлепшых прадпрымальнікаў свайго часу, заклаў палац, флігель, стайню, парк, запусціў некалькі прадпрыемстваў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: 8 архітэктурных цудаў Наваградка: гайд ад «Будзьма!»
Колішні сядзібны комплекс складаўся з трох палацаў: зімовага, урачыстага і летняга. Сёння ў будынку ацалелага зімовага палаца змяшчаецца спартовы клуб, у былым урачыстым палацы — Дом культуры, моладзевы цэнтр і бібліятэка. Будынак стайні таксама захаваўся ў выдатным стане. Увесь ансамбль спалучае ў сабе рысы розных архітэктурных стыляў да позняга класіцызму да мадэрну. На парк, возера, браму таксама варта звярнуць увагу — яны засталіся на сваіх першапачатковых месцах з часоў Пуслоўскіх.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Абавязкова, наведваючы Слонім, трэба завітаць у Жыровічы, дзе знаходзіцца ўнікальная культавая забудова, пачатак якой быў закладзены ў 1470 годзе. Да нашага часу тут захаваўся комплекс колішняга базыльянскага манастыра, узведзенага ў XVII стагоддзі з саборнай царквой Прачыстай Багародзіцы ў стылі барока і класіцызму, цэрквамі Узвіжання Святога Крыжа і Божага Яўлення ў стылі віленскага барока, а таксама з драўлянай могілкавай капліцай Святога Юрыя. Да скасавання ўніяцтва Жыровічы былі цэнтрам грэка-каталіцкай веры на беларускіх землях.
Фота: planetabelarus.by
Каб наведаць усе цэрквы, варта замовіць экскурсію (працягласць — каля гадзіны). Ва Успенскі сабор можна патрапіць самастойна — там і захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай.
Фота: planetabelarus.by
Фота: budzma.org
Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ