Адам Глобус расказаў пра Караткевіча і тое, чаму няма працягу «Каласоў пад сярпом тваім»

Мастак і літаратар згадаў пра побытавыя звычкі Караткевіча, яго алкагольную залежнасць і сваю ўласную барацьбу з ёй. А таксама падзяліўся, як атрымаў прэтэнзію ад Джаан Роўлінг.

Пісьменнік і мастак Адам Глобус у падкасце Natatnik расказвае, што яму пашчасціла двойчы жыць на адной пляцоўцы з Уладзімірам Караткевічам. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва». На падставе запісаў, якія пісьменнік пачаў весці яшчэ пры жыцці класіка, амаль год таму ён выпусціў кнігу «Наш сусед Караткевіч».

Uładzimir KaratkievičУладзімір Караткевіч

Глобус меў ключы ад кватэры Караткевіча і яго жонкі Валянціны Браніславаўны. Калі тыя з’язджалі, ён прыходзіў паліваць кветкі, а таксама пачытаць часопіс «Амерыка» ў яго ў кватэры ці нейкі дэтэктыў.

У Караткевіча, кажа Глобус, былі два асноўныя сябры, якія яго «проста на руках насілі»: фатограф Валянцін Ждановіч і мастак Пётр Драчоў.

Раскрыў Глобус і некаторыя «дзівацтвы» Караткевіча, якія рабілі яго вобраз жывым. Напрыклад, расказаў пра знакамітую каву па-караткевіцку: пісьменнік дадаваў у кубак дзве разрэзаныя напалам гарошыны чорнага перцу. Таксама Глобус згадвае ў кнізе, як Караткевіч мог крычаць па тэлефоне на ўвесь пад’езд: «Дайце мне спакойна памерці!».

Аўтар тлумачыць, што свядома пазбягаў стварэння ідэалізаванага «балванчыка», імкнучыся зафіксаваць максімальна рэалістычны партрэт.

«Мне хацелася, каб літаратурны персанаж дзейнічаў, дыхаў, гаварыў, згадваў, пісаў вершы, курыў, піў каву, частаваў кавай. І для мяне вось гэта каштоўнасць — каштоўнасць рэальнасці, якая захоўваецца ў маёй памяці», — даводзіць Глобус у падкасце.

У яго кнігу не ўвайшлі некаторыя дзённікавыя запісы і ўспаміны, якія ён вёў на працягу 40 гадоў. Так, па-за старонкамі выдання засталіся драматычныя ўспаміны пра тое, як Караткевіч перажываў смерць сваёй жонкі Валянціны Браніславаўны, якой было толькі 49 гадоў.

Adam Hłobus
Адам Глобус трымае ў руках новую кнігу. Фота Алены Адамчык у сацсетках

«Калі я напісаў першы раз, што Караткевіч співаўся, то мяне ледзь не здалі ў Чарнобыль»

Пісьменнік згодны з заўвагай аб тым, што амаль траціна кнігі — гэта гісторыі, звязаныя з алкаголем. Глобус згадвае:

«Калі я напісаў першы раз, што Караткевіч співаўся і што мы лекавалі, дапамагалі яму выйсці з гэтай сітуацыі, то мяне ледзь не здалі ў Чарнобыль».

З ягоных слоў, сястра Уладзіміра Караткевіча — Наталля Сямёнаўна — працавала ў ваенкамаце і папрасіла выпісаць позву, якую ён атрымаў а шостай гадзіне вечара. А на наступны ранак а шостай ён павінен быў «з рэчамі ехаць у Чарнобыль».

«Я ўзяў таксоўку, прыехаў у паліклініку Саюза пісьменнікаў, папрасіў галоўнага доктара, каб ён мне даў даведку, каб я разабраўся, што здарылася. А потым я прыйшоў на працу да Паўла Якубовіча і кажу: «Вось такая справа». Ён пазваніў генералам і кажа: «Нейкая Кучкоўская на цябе ўз’елася». Я кажу: «Павел Ізотавіч, гэта яна ўз’елася на нас, таму што мы напісалі ў часопісе «Крыніца» пра праблему Караткевіча». А Кучкоўская — гэта прозвішча Наталлі Сямёнаўны».

Як адзначае Глобус, сястра была адной з трох галоўных жанчын у жыцці пісьменніка побач з жонкай і маці. Таксама ён дадае, што алкагалізм быў трагедыяй як многіх знакамітых пісьменнікаў, так і цэлага пакалення. Аўтар не хавае і ўласнай гісторыі: ён прызнаўся, што выпіваў па бутэльцы гарэлкі ў дзень, але потым кінуў.

«Караткевіч мне заўсёды казаў: «Не пішы п’яным». Не сумяшчай гэта. (...) Я піў, каб весяліцца. Піў дзеля задавальнення», —

кажа пісьменнік і сцвярджае, што п’янства — гэта «грэх ненажэрнасці, смяротны грэх», «форма самазабойства» і «праява такога экстрэмальнага эгаізму, калі табе добра, а тое, што адбываецца навокал — гэта неістотна».

«Каб выйсці з п’янства, трэба палюбіць некага яшчэ акрамя сябе. (...) Першае — адмовіцца ад такога страшнага сябелюбства. І таму, напрыклад, для Караткевіча, Сыса, многіх людзей... Яны так і не змаглі, на мой погляд, адмовіцца ад гэтага. У іх не было дзеля каго жыць», — лічыць Глобус і дадае, што пісьменнікі разумелі, што робяць.

«Гэта праблема не толькі беларусаў, гэта праблема сусветная. І калі там з’явіўся які-небудзь «сухі закон»... Я таксама лічу, што трэба кантраляваць увесь гэты працэс, што дзяржава павінна не прадаваць, напрыклад, пасля шасці вечара», — выказвае свой погляд Глобус. «Зараз, калі пакаленне майго ўнука перастае піць, то я вельмі радуюся».

«Kałasy pad siarpom tvaim»
Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», выданне 1968 года. Фота: ay.by

Што з працягам «Каласоў пад сярпом тваім» і як беларускія аўтары свайго Гары Потэра пісалі

Як сцвярджае Глобус, Караткевіч не пісаў другой часткі «Каласоў пад сярпом тваім». Па яго словах, сам Уладзімір Караткевіч яму тлумачыў, чаму не рабіў працяг: «яму не хацелася забіваць героя».

На погляд Глобуса, Караткевіч стварыў тып «серыяльнага героя», падобнага да Шэрлака Холмса ці камісара Мэгрэ, якія павінны заставацца несмяротнымі і нязменнымі.

«І я яго разумею. Шэрлак Холмс павінен жыць. Герой-паўстанец павінен жыць. Усе павінны жыць. (...) І гэтым ён адрозніваецца — серыяльны герой ад раманнага героя. Разумееце? Мы сядаем глядзець серыял, таму што мы ведаем, што Мэгрэ заўсёды раскрые злачынства, і таму Мэгрэ заўсёды будзе аднаго ўзросту».

Аўтар даводзіць, што гэта агульналітаратурная праблема, параўноўваючы сітуацыю з Гары Потэрам:

«Колькі ні тлумачылі гэтай жанчыне (Джаан Роўлінг. — НН), што, слухай, Гары Потэр не павінен вырастаць. А яна кажа: «А я хачу». Ёй кажуць: «Слухай, калі ты не зразумееш, то другія людзі напішуць без цябе». — «Ну хай пішуць».

Па словах пісьменніка, калі ён з іншымі аўтарамі напісаў кнігу (на рускай мове пад псеўданімам Яраслаў Марозаў) «Ларын Пётр і Фабрыка чараўніцтва» і яшчэ восем працягаў пра Ларына Пятра, Роўлінг «даслала прэтэнзію (...), што гэта непрыстойна».

«Чытачу трэба гэта. Ён хоча, каб герой жыў. І каб Гары Потэр быў вось такі ідэальны хлопчык вечна, каб ён не вырас і не пайшоў у войска. (...) Пра Шэрлака Холмса напісана Конан Дойлам чатыры тамы, а яшчэ 24 напісалі іншыя пісьменнікі. І добра! Калі чытач гэта чытае, любіць гэтага героя, ён хоча працяг», — даводзіць Глобус.

Пісьменнік не выключае, што легенда пра другі том будзе існаваць і далей, і нават дапускае магчымасць з’яўлення працягу «Каласоў» ад іншых аўтараў.

«Мне надакучыла разбураць гэту інтрыгу. Я кожны раз адказваю, што няма. І кожны раз мне задаюць гэтае пытанне: «А можа ўсё ж ёсць?» Давайце вось у гэты раз я скажу, што я яе не бачыў. І я не буду больш разбураць гэту інтрыгу. Калі людзям прыемна мець такую інтрыгу — што вось недзе некалі знойдзецца... А можа яшчэ недзе знойдзецца нейкі такі чалавек, які напіша яе — хай фальшывую, хай не па-караткевіцку, але амаль як Караткевіч. Хай будзе гэта легендай», — кажа пісьменнік.