“Усе мы добра ведаем, што вельмі кепска, калі чалавек выходзіць з сябе, а вось калі ён выбягае з сябе, гэта вельмі добра. Я вось выбягаю з сябе — з сябе п’яніцы я выбег, з сябе курца, што курыў доўгі час цыгарэты. Я выбег з сябе таўстуна, раблю гэта кожную вясну, бо ўзімку крышку набіраю, а потым выбягаю. І гэта вельмі класна”, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Адам Глобус ад ранішняй суботняй прабежкі разам з сябрамі #followminsk — бегавога руху, што ставіць сабе мэтай падняць мінчукоў з канапаў і вывесці на прабежку. Наперад, да здароўя і бадзёрасці.
У папярэднія сустрэчы ініцыятыву падтрымалі гімнастка Меліціна Станюта, музыка Аляксандр Патліс і бізнесоўца Святлана Шэўлік.
Існуюць два маршруты — 3 і 6 кіламетраў, так што далучыцца да бегуноў можа кожны.
А знайсці суполку ў інтэрнэце можна тут.
І напрыканцы крышачку з неапублікаванага ад спадара Адама.
Сябры
Каб недарэмна чалавечы век
Пражыць пад сінім купалам нябёсаў,
Мае сябры працуюць у царкве,
Такая праца ў іх, такія лёсы.
Сябры мае малююць на сцяне:
Цяжарную Марыю з Лізаветай,
Анёла ў прыадчыненым акне
І голуба ў аблоках светла-ветлых…
Зарына Кандрацьева