Адпачываць або звальняцца? Разбіраемся, што рабіць!

Алесь Тодараў разважае на budzma. org аб тым, калі дастаткова проста адпачыць, а калі дакладна прыйшоў час развітацца з працай, якая перастала прыносіць задавальненне.


3f88e0f22b9cb73120b2a83fda202e29.jpg

Ідэальная праца ў свеце калі і сустракаецца, то з’ява гэта досыць рэдкая. Колькі такіх шчасліўчыкаў вы ведаеце асабіста? А колькі разоў па выніку «праца мары» аказваецца фальшывым ідэалам, а ружовыя акуляры разбітымі?

Звычайна бывае так, што па першым часе ўсё нібыта і добра, але потым сыходзіць цудоўны кіраўнік, з’яўляецца таксічны калега, а ў кабінет падсяляюць якую-небудзь вечна хворую жанчыну. І ўсё, ранейшы свет праваліўся пад зямлю, утульнае царства разбурана.

А вось у суседнім офісе і людзі ўсе нібыта прыязныя са шчаслівымі тварамі, і вакансія ёсць і нават грошы добрыя абяцаюць. Час бегчы?

3188795.jpg

Усведамленне таго, што прыйшоў час кідаць працу, не прыходзіць раптоўна. Паступова буйныя і дробныя дэталі складаюцца ў пазл. Шэраг прыкмет сігналіць — пара развітацца з ранейшым працоўным месцам і выпраўляцца на пошукі лепшай долі.

На першым месцы звычайна стаіць — фізічнае і маральнае знясіленне, і насамрэч яшчэ невядома, якое з іх горш. Пры прыняцці рашэння не варта параўноўваць сябе з калегамі, параўнайце сябе цяперашняга з сабой ранейшым. Успомніце свае першыя працоўныя дні. З якімі эмоцыямі вы прыходзілі тады ў офіс і з якімі прыходзіце зараз? Што з вашым энтузіязмам? Ён усё яшчэ ёсць, або ад яго ўжо нічога не засталося? А што з крэатыўнасцю? Маеце нейкія новыя ідэі, або ідзеце правераным шляхам?

Калі разабраліся з гэтым, варта звярнуць увагу на прыкметы выгарання. Самыя простыя: адсутнасць жадання ўставаць па раніцах, цягнуцца на ненавіснае працоўнае месца, глядзець на абрыдлых калег.

Паступова нежаданне ўставаць з ложка пераходзіць і ў іншыя сферы, якія могуць быць і не звязанымі наўпрост з працай. Чалавек закідвае хобі, забівае на здаровы лад жыцця, губляе ўсялякі інтарэс. Адзінае чаго па-сапраўднаму хочацца — хутчэй вярнуцца дамоў і адпачыць. Але бывае так, што справа не толькі ў працы.

work_cover.png

Вось 3 прыкметы таго, што справа насамрэч у вас:

— Невялікі перапынак

Адпачынак дае вам новыя сілы. Пасля яго вы з вялікім задавальненнем вяртаецеся ў свой офіс, сумуеце па калегах і гатовыя да самых сапраўдных подзвігаў. Значыць, справа сапраўды не ў дрэннай працы;

— Дробязі выводзяць вас з сябе

Вы раздражняецеся ад таго, што не працуе інтэрнэт, папера захрасла ў прынтары, а ў кавамашыне скончылася зерне. Праўда, хутчэй за ўсё сёння — проста не ваш дзень.

— Праца — гэта вашае жыццё

Вы гэтым не проста ганарыцеся, але нават бравіруеце ў размовах з сябрамі. Але так доўга не працягнеш. Баланс паміж працай і асабістым жыццём проста неабходны. Нельга ўвесь свой час выдаткоўваць выключна на працоўныя моманты, варта мець і нейкія прыватныя інтарэсы.

Калі вы канчаткова разабраліся з прычынамі выгарання і апатыі, час задумацца і аб сваім месцы ў кампаніі. Не варта дзейнічаць выключна на эмоцыях. Выспіцеся, схадзіце ў адпачынак — магчыма, гэтага будзе болей чым дастаткова.

Адпачынак, адпачынак і яшчэ раз адпачынак

Ад стомленага супрацоўніка карысці будзе няшмат. Таму больш адпачывайце, каб набрацца сіл.

Калі вы адчуваеце, што не можаце нічога прыдумаць, ці праца неяк «не ідзе» — зрабіце сабе невялікі перапынак. Прайдзіцеся па офісе, дазвольце сабе падумаць аб старонніх рэчах.

690x380_0x0a330c2b_10976995321528442805.jpeg

Толькі не аб тым, што трэба купіць пасля працы ці як зрабіць з дзіцём алгебру. Калі дазваляе месца, разнявольцеся, паслухайце любімую песню.

Правядзіце інвентарызацыю кар’ерных мэтаў. Калі застылі як муха ў бурштыне ў сваім падраздзяленні — выйдзіце ў калідор. Пагутарыце з калегамі з іншых аддзелаў, са службай персаналу.

Праверце ўсе шанцы, перш чым устаць і сысці назаўжды.

Сканчайце працу своечасова

Бясконцыя думкі аб працы могуць знясіліць арганізм, прывесці да бяссонніцы і, як следства, — да стрэсу. Рэцэпт прадуктыўнасці — своечасова скончаны працоўны дзень і якасны адпачынак.

Пастаянная пагоня за вынікамі і адсутнасць адпачынку прыводзяць да моцнага выгарання.

pogonya-za-uspehom.png

— Складайце спіс спраў на заўтра.

У канцы працоўнага дня выдаткуйце 15 хвілін, каб запісаць, што плануеце зрабіць заўтра. Такое структураванне задач дапамагае разгрузіць галаву.

— Забудзьцеся аб працы

Усталюйце асабістыя межы, не правярайце ў выходны дзень працоўную пошту і не рэагуйце на ўсе сігналы працоўнага чата ў тэлеграме. Калі ваша пазіцыя дазваляе, пастаўце тэлефон на бязгучны рэжым.

Узгадніце гэта з начальнікам, паведаміце калегам. Яны зразумеюць, а можа, і самі возьмуць з вас прыклад.

Магчыма, менавіта дзякуючы гэтым простым маніпуляцыям вы зразумееце, што вам не трэба кідаць сваю працу прама зараз, а дастаткова проста адпачыць.

Калі рашэнне ўсё ж прынята — сыходзьце. Невядомасць палохае, але разам з тым дае пару новых крылаў.

Алесь Тодараў, budzma. org