Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 19-20 жніўня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Джаз у Гародні, фэст нямога кіно ў Брэсце, васільковы плэнер на лецішчы Быкава, а яшчэ тэатральныя прэм’еры, гістарычныя фестывалі, канцэрты — выбірайце мерапрыемствы ў сваім горадзе і на свой густ!


afisha

Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Васільковы пленэр у музеі-дачы Васіля Быкава пад Мінскам

20 жніўня ў музеі-дачы Васіля Быкава ў Ждановічах зноў ладзяць мастацкі васільковы пленэр! Тэматыка — адлюстраванне вобразаў Васіля Быкава праз наіўнае (інсітнае) мастацтва. Для вас правядуць экскурсію па музеі, а пасля пад шатамі славутых «быкаўскіх» бяроз пройдзе майстар-клас па роспісе сумак-шопераў у стылі беларускай маляванкі.

Vasilkovy-plener

Спасаўка-ласаўка ў Азярцы

У суботу, 19 жніўня, у Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы адсвяткуюць Мядовы, Яблычны і Хлебны Спас!

Нашыя продкі верылі, што асвечаны мак меў уласцівасць абараняць ад ведзьмаў, а святая вада была гаючай: пра народныя прыкметы і традыцыі на Спас вы і даведаецеся на свяце. Таксама ў Азярцы можна будзе далучыцца да беларускіх танцаў ды гульняў і асвяціць яблыкі, мёд, хлеб і зерне.

Spasauka-lastauka

Віцебская вобласць

Фэст славянскай міфалогіі «Шлях Цмока»

У цэнтральнай сядзібе Бярэзінскага запаведніка 19 і 20 жніўня пройдзе чацвёрты фестываль, прысвечаны нашым міфам і легендам. Беларускі Цмок і яго світа чакаюць вас ва ўнікальным месцы ў кампаніі таямнічых істот славянскай міфалогіі! У праграме:

  • навуковыя лекцыі і дыспуты ад слынных знаўцаў беларускай міфалогі;
  • шаманская лакацыя і этнічнае танцавальнае шоу ад студыі этнапластыкі «Кетры/Ketri» фестывальны квэст;
  • open-air беларускіх гуртоў;
  • і гэта — толькі невялікая частка імпрэз, якія для вас падтрыхтавалі на фестывалі!

Cmok

Гродзенская вобласць

Джаз у Гародні

20 жніўня ў дворыку Музея гісторыі рэлігіі пройдзе заключны канцэрт серыі летніх джазавых вечарын Jazz & Family Grodno Summer 2023. На фінал абяцаюць надзвычайны канцэрт аўтарскай музыкі скрыпача Карэна Карапецяна.

Таксама для вас зайграюць: Андрэй Ускоў (гітара), Ігар Бранкоўскі (клавішы), Вячаслаў Сяргеенка (бас), Ілля Сцяпанаў (барабаны).

Dzaz-u-Harodni

Крэва 

Фэст «Кераміка Крэва»

У суботу, 19 жніўня, у Крэве збяруцца аматары гістарычных падарожжаў, рыцарскіх забаў і народных песень. Ад 14.00 і да самай поўначы на пляцоўках перад брамай Крэўскага замку і ў яго ўнутраным дворыку можна будзе паглядзець на фестываль-кірмаш керамістаў, паслухаць канцэрты з удзелам фолк-гуртоў, паўдзельнічаць у майстар-класе па сярэднявечных танцах, схадзіць на аглядную экскурсію «Гістарычнае Крэва», і гэта — толькі невялічкая частка імпрэз, якія будуць адбывацца на фэсце.

keramika-kreva

Гомельская вобласць

Яблычны спас у Неглюбцы

У суботу, 19 жнўіня, Веткаўскі музей запрашае ў Неглюбку на імпрэзы ткацкага летніка. На сам летнік вольных месцаў ужо няма, але ж у апошні святочны дзень да актыўнасцяў можа далучыцца кожны ахвотны. Глядзіце, колькі ўсяго будзе:

  • наведванне святочнай службы на «Спаса» ў Мікольскай царкве, асвячэнне яблыкаў і мёду (служба пачынаецца а 8-й раніцы);
  • абраканне ля крыніцы;
  • святочны абед;
  • лекцыя-практыкум «Каляндар традыцыйнага ткацтва»;
  • традыцыйныя танцы пад гармонік.

Neglubka

Брэст

Напрыканцы тыдня ў Брэсце адбудуцца паказы фэста нямога кіно і сучаснай музыкі КІНЕМО. Да паказаў штораз ствараюць арыгінальнае музычнае суправаджэнне і прэзентуюць яго ўжывую ў фармаце перформансаў, якія аб’ядноўваюць у сабе кінапаказ і музычны канцэрт.

У суботу, 19 жніўня, убачым фільм «Рукі Орлака» Роберта Вінэ.

Піяніст Орлак страчвае свае рукі падчас катастрофы на чыгунцы. Яму перасаджваюць новыя: некалі яны належалі забойцу. У Орлака з’яўляецца адчуванне, што яны цягнуць яго на здзяйсненне злачынстваў...

kinemo

Польшча

Варшава

Народзіны Юрыя Стыльскага ў Варшаве

19 жніўня (у суботу) гурт «Дай дарогу» і асабіста Юры Стыльскі з нагоды сваіх народзінаў грае вялікі электрычны канцэрт у Варшаве. Абяцае зорных гасцей! (Трымае ў сакрэце, хто! Таму трэба ісці-))

Stylski

Беларускамоўны дзіцячы спектакль «Угу! Навіны лесу» ў Варшаве

У суботу, 19 жніўня, беларускі Тэатр_безназвы разам з тэатральнай ініцыятывай «Дзея другая» ладзіць у Варшаве прэм’еру дзіцячага лялечнага спектакліка «Угу! Навіны лесу» на беларускай мове. 

Інакшасць і непаразуменне — гэта тое, з чым беларускім дзеткам прыходзіцца сутыкацца ў эміграцыі. Разабрацца ў пытанні дапамогуць Пугач і Вавёрка. Вас чакае ўтульная гісторыя пра тое, як пераадольваць складаныя сітуацыі і спрабаваць сябраваць з тымі, хто лічыць цябе ворагам.

Ugu-Naviny-lesu

Уроцлаў

Алесь Лютыч (:B:N:)

У суботу, 19 жніўня, ва Уроцлаве грае канцэрт лідар гурта :B:N: Алесь Лютыч. Рыхтуйцеся да драйвовага міксу рока, лірыкі, моцнага і ў той самы час меладычнага вакалу.

Ales-Lutych

Аўстрыя

Вена 

KOOB у Вене!

У суботу, 19 жніўня, беларуская соўл-прынцэса Валерыя Дэле з сольным электронным праектам KOOB грае канцэрт у Вене! Вас чакае мікс джазу, авангарду і соўла, сучаснасці і традыцыі, памножаных на па-сапраўднаму цікавы вайб, бездакорны стыль і вялікі досвед.

Склад:

KOOB — Вакал (BY)

Lenny Rehm — Барабаны (DE)

Oto Gvardjancic — Клавішы (DE)

Jarrah Dhyan — Гітара (AU)

Seth Sjöström — Электра-бас (SE)

koob

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў. Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.