— Як я стаў беларусам? На пытаньне, сфармуляванае такім чынам, адразу ж хочацца запярэчыць: маўляў, беларусамі не становяцца, імі нараджаюцца, дый што гэта за народ такі, прыналежнасьць да якога трэба здабываць. Але ж не: у самым канцы васьмідзясятых гадоў у горадзе Менску беларусамі менавіта станавіліся.
Гэта быў час, калі дарослыя навокал фактычна наноў адкрывалі для сябе сьвет. Зьнікалі белыя плямы гісторыі – айчыннай, савецкай, сусьветнай; на нас абрынулася мора дагэтуль забароненай інфармацыі; старыя аўтарытэты з грукатам падалі нам пад ногі, а новыя падымаліся з магілаў і іх талакою цягнулі на апусьцелыя пастамэнты. Дарослыя шмат чыталі, штовечар глядзелі тэлевізар і жахаліся: як высьветлілася, усё было ня так, як іх вучылі – высьветлілася, што іх падманвалі, як дзяцей, нашых зьбянтэжаных дарослых. І калі ты, падлетак, любіў чытаць і ўмеў слухаць – табе было чым заняцца. Мяне ў той час найбольш цікавілі мастацтва, гісторыя і палітыка. Празь іх, паступова, але даволі хутка, я зразумеў, што мы – дзеці людзей, якіх падманулі самым падступным чынам: нашых бацькоў вучылі глядзець на сьвет чужымі вачыма, гаварыць чужой моваю, думаць чужымі мазгамі – навучылі пачувацца вечнымі гасьцямі там, дзе яны былі дома. Я добра памятаю гэтае пачуцьцё несправядлівасьці і тое адчуваньне задаволенасьці, якое даваў мне працэс рэканструкцыі сьвету.
Бацька штодня езьдзіў на працу ў Жодзіна, а ў электрычцы неяк раздавалі бээнэфаўскія газэткі. Адну ён прыцягнуў дамоў. Я чытаў тады ўсё запар, ад Шапэнгаўэра і Сартра да сумнеўных парнаграфічных брашурак; прачытаў і тую газэтку – і быццам плеўку сарвала з вачэй. Я зразумеў, што жыву не ў СССР, а ў Беларусі. Як і большасьць аднагодкаў, я хварэў тады на рок-музыку: высьветлілася, што рок магчымы па-украінску – сапраўдным культурным шокам было для мяне знаёмства з творчасьцю “ВВ”, “Вопляў Відаплясава”. Вось жа, украінцы, літоўцы, латышы свайго не саромеюцца, а мы? Зразумела, што мне заставаўся адзін крок да “Мроі”, якая мяне так уразіла, што я наклеіў на сьцяну пакоя іхнае фота і ўсім тлумачыў: існуюць і нашы, беларускія рокеры. Узгадаваныя на Грабеншчыкове сябры слухалі зь недаверам… Потым, пазьней, былі “Уліс”, “Мясцовы час”… Ужо тады я страшэнна захапляўся літаратурай, папісваў вершыкі – і калі стаў чытаць “Тутэйшых”, вырашыў, што пісаць сам буду толькі па-беларуску. “Тутэйшыя” не адпавядалі стэрэатыпам пра беларускую літаратуру, іх беларуская мова не была школьнаю, іх цікава было чытаць, іх не любілі настаўнікі – што яшчэ трэба было, каб адчуць да іх сымпатыю? Наогул, мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсьце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўсьлед, мова шакавала – а мне гэта і было трэба.
Я быў тады вельмі палітызаванай асобай. Ужо ў трынаццаць гадоў я быў перакананы антысаветчык. Я насіў на штрыфлі пінжака бел-чырвона-белы значок. Мой дзёньнік стракацеў надпісамі “Хай зьнікне Савецкая імпэрыя!”, “Сьмерць камуністам!”, “Маскалі, дамоў!”, “Жыве незалежная Беларусь!”. Я пісаў сачыненьні тарашкевіцай і ўсю праблематыку твораў белсавецкіх пісьменьнікаў зводзіў да таго, што камуністаў чакае Нюрнбэрг. Потым я вышыў на пінжаку зялёнымі ніткамі загадкавыя слова “Так нельга” і хадзіў у школу ў такім выглядзе. Я адказваў ля дошкі па-беларуску: спачатку на ўроках гісторыі, потым і на іншых. Я нахабна навязваў усім беларусацэнтрычны погляд на сьвет. У пачатку дзевяностых я ўжо наведваў палітычныя мітынгі, адкуль прыносіў розныя катэхізысы кшталту “Што трэба ведаць кожнаму беларусу”. Са мной праводзілі нудныя, строгія размовы, стаўленьне, аднак, было на дзіва лібэральнае, бо вучыўся я някепска і эпоха была ўжо ня тая, лютаваў хіба настаўнік вайсковае падрыхтоўкі. Час быў такі: дарослыя азадкамі адчувалі, што Савецкі Саюз імкліва коціцца да свайго канца. Яны проста ня ведалі, што рабіць. Здаецца, яны і цяпер ня ведаюць, тыя пастарэлыя дарослыя з майго 1990 года.
У мэнталітэт і голас крыві я ня веру. Я веру ў мову і сьвядомасьць. Пытаньне беларускай ідэнтычнасьці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаньнем гармоніі з іншымі і з самім сабой. Беларускамоўны беларус – гэта не этэрнае, празрыстае, безаблічнае стварэньне, завіслае паміж небам і зямлёй, якое невядома адкуль узялася і невядома чаму атрымала ўласную дзяржаву і хоча пры гэтым, каб яго прызнавалі за чалавека, за асобу, за роўнага. Беларускамоўны беларус ведае, хто ён, ведае, што мае такое ж права быць роўным сярод роўных, як і іншыя, ведае, што ён эўрапеец, ведае, адкуль ён і дзе яго дом. Беларускамоўны беларус мае грунт для свайго існаваньня і здольны яго абараніць. Бо насамрэч “я” – гэта тое, чым я адрозьніваюся ад астатніх.
Альгерд Бахарэвіч, пісьменьнік