Чаму афіцыйныя ўрачыстасці прымушаюць людзей бегчы з горада? Чым рэгіянальны кірмаш агуркоў пагражае дзяржаўнай сістэме? Як зрабіць Дзень горада святам для ўсіх? Пра культуру святкаванняў гутарым з Аляксандрам Васілевічам, дырэктарам рэкламнага агенцтва Publicis Hepta Belarus, партнёрам “Ў-галерэі”, “Ў-бара”. Чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”
— Арганізацыя масавых святаў у Беларусі сёння збольшага ў кампетэнцыі дзяржавы: псеўдафальклорныя ансамблі, жывая рыба ў цэнтры Мінска, сельскагаспадарчы рынак, канцэрт беларускіх «зорак», якіх ніхто не слухае… Так, такія мерапрыемствы ўносяць разнастайнасць у чыёсьці жыццё, але ў мяне такое выклікае няёмкасць і дыскамфорт.
А тое, як арганізаваныя нашы “Дажынкі”, дзівіць больш, чым любы гей-парад: жудасныя саламяныя монстры, нізкапробныя канцэрты, псеўданародныя касцюмы — і ўсё гэта з гарэлачкай і шашлыкамі… Пры гэтым увесь свет адкрыты нам: у інтэрнэце маса прыкладаў таго, як зрабіць свята. А мы ўсё роўна жывем у эстэтычным трэшы.
— Здавалася б, святы ўраджаю ёсць у розных культурах, няхай і са сваімі асаблівасцямі. Чаму ж таптанне вінаграду ў Італіі — душэўна, чаму за іспанскімі памідорнымі баталіямі “тамаціна” сочыць увесь свет, а беларускія “Дажынкі” — убога і смешна? У чым прынцыповая розніца?
— “Дажынкі” цэнтралізаваныя і ідэалагізаваныя. У дзяржавы сваё дзіўнае ўяўленне пра тое, якое свята патрэбнае людзям. А калі ініцыятыва па арганізацыі і правядзенні ідзе «знізу», такое свята задавальняе ўсю невялікую лакальную супольнасць. У Еўропе моцнае мясцовае самакіраванне, і кожны рэгіён шукае і культывуе сваю «разынку»: адны прысвячаюць свята ўраджаю клубніцы, іншыя сцвярджаюць, што толькі ў іх расце найлепшы шпінат або самая правільная рукала. Падстава для гонару і свята: шчыра і з душой.
Можна пашукаць рэгіянальныя «фішкі» і ў Беларусі: у Старых Дарогах, па чутках, робяць выдатны самагон, дзесьці яшчэ — самую смачную хатнюю каўбасу ці найлепшае сала. Вось пад Пінскам у нас масава вырошчваюць агуркі. Людзі любяць і ўмеюць гэта рабіць. Самі, а як уся краіна: ад безвыходнасці змагаецца за ўраджай, а потым гэтак жа па ўказцы святкуе. Зладзілі б кірмаш з дэгустацыяй, пагаманілі б пра ежу і кухню, паспрабавалі б што-небудзь, пазнаёміліся, пагутарылі. Няхай атрымалася б местачковае мерапрыемства, але такой местачковасцю можна ганарыцца — гэта не трэш і ня псеўдафальклорныя калектывы.
Вось толькі мясцовыя супольнасці ў нас адсутнічаюць або падушаныя. Пачнецца ўсё з агуркоў, а потым, таго і глядзі, стануць хорам мясцовую ўладу крытыкаваць ці акцыю нейкую зладзяць.
— У розных краінах ёсць святы, калі ўвесь народ разам збіраецца. У Індыі кідаюць адно ў аднаго фарбамі, у Еўропе — памідорамі. Чаму ў Беларусі няма такіх масавых святаў, каб усе выйшлі на вуліцу і радаваліся?
— Сістэма масавых святаў у нас заўсёды выконвала і да сёння выконвае ідэалагічныя задачы. У такіх мерапрыемствах нават культура выступае як кампанент ідэалогіі. Стаўленне грамадства да іх неадназначнае: з аднаго боку, у цэнтр Мінска з’язджаецца натоўп з ускраін, каб легальна бухнуть на вуліцы, а з другога, частка народа ліхаманкава пакідае горад, каб не трапіць у пекла параду, калі войскі выводзяць на цэнтральны праспект.
Ідэалагічныя святы з масавымі шэсцямі і парадамі заўсёды былі атрыбутам дыктатураў, нацыянал-сацыялізму, фашызму, камунізму — тым, каму неабходнае яднанне масаў.
— Але ў нас таксама ёсць святы, якія спакон веку былі агульнанароднымі, Купалле, напрыклад. Чаму дзяржава не ўкладае сродкі ў падтрыманне прыгожых нацыянальных традыцый?
— У савецкіх людзей няма Купалля.
— А можа, мы проста вельмі лянівыя, па інерцыі рухаемся, каб нічога не мяняць, «даўніны не рушыць»?
— Прыходзіць час, калі многае залежыць ад прыватнай ініцыятывы. Ёсць людзі, якім, як кажуць, больш за ўсіх трэба. Вось узяць хоць бы месца, дзе мы цяпер гутарым: не было тут ні бара, ні галерэі, магло і далей не быць. А хтосьці хварэў ідэяй і ствараў усё гэта. Павінныя існаваць грамадзянскія ініцыятывы, але ў іх больш за ўсё перашкод для развіцця.
— Бюракратыя, узгадненні…
— Менавіта. Пачынаюцца пытанні: а колькі чалавек будзе, а навошта ўсё гэта? Акрамя таго, на масавым мерапрыемстве павінныя дзяжурыць хуткая дапамога, міліцыя, МНС, што абыходзіцца ў велізарныя грошы. Выдаткі на арганізацыю святочнага мерапрыемства ў Беларусі, мабыць, вышэйшыя, чым у большасці еўрапейскіх краін. Ды і не ўсялякая прыватная ініцыятыва праб’ецца праз бюракратычную сцяну. Прызнацца, я разумею людзей, якія страчваюць матывацыю, абіваючы парогі кабінетаў і спрабуючы змагацца з неразуменнем чыноўнікаў, якія часцяком не проста не садзейнічаюць, а ставяць палкі ў колы. Пры гэтым у Мінску шмат нікому не патрэбнай інфраструктуры, якую патэнцыйна можна выкарыстоўваць для арганізацыі ўсялякіх карысных праектаў. Узяць тое ж старое тралейбуснае дэпо ў цэнтры горада.
Шмат хто кажа, што ў Мінску не ходзяць на канцэрты праз маркотную атмасферу. У нас жа абавязкова агароджы, АМАП дзяжурыць, такое адчуванне, што ўстанеш з крэсла — атрымаеш дубінкай. Безумоўна, бяспека вельмі важная. Але ж можна прыцягнуць прыватную ахову. Не хочаце, каб людзі напіваліся? Паглядзіце на досвед Нідэрландаў ці Германіі. Там дазволены продаж піва і віна на рок-канцэрце: ён прыносіць дадатковы даход арганізатарам і дазваляе акупіць частку выдаткаў, панізіць цэны на квіткі. Паставяць пазнаку на руку: выпіў чалавек два куфлі піва — і ўсё, досыць, такія правілы. Або прададуць замест квіткоў карткі з фіксаванай сумай, якую можна выдаткаваць у бары. Ёсць шмат варыянтаў цывілізаваных рашэнняў. Хочуць людзі прайсці ў зялёных шапках па праспекце — хай ідуць, хочуць геі зладзіць сабе свята — хай ладзяць. Усё, што дзяржава павінная рабіць, — гэта не лезці ў арганізацыю, а забяспечыць добрае святкаванне.
— А наколькі святочны ў нас народ? Беларусы выглядаюць вельмі панурымі і замкнёнымі.
— Гэта хутчэй ахоўная рэакцыя, цалкам зразумелая і вытлумачальная. Але памятаеце, як беларусы на «Betogether» ад душы забаўляліся? Ды і ў Мінску на канцэртах, у клубах і пога-дэнс можна ўбачыць усё што заўгодна: нашы людзі адпачываюць цалкам па-еўрапейску.
Так, у нашых гарадах шмат вяскоўцаў у другім пакаленні ці нават у першым. Ім не заўсёды арганічная атмасфера горада, яны хочуць жыць у цэнтры і пры гэтым спаць у цішыні, ім перашкаджаюць рэстараны і весялосць на вуліцы. Але пры правільным падыходзе і матывацыі іх стаўленне можна змяніць у пазітыўны бок.
— А якія папулярныя святы ў Беларусі вы б адзначылі?
— У нас прасочваецца гендарная тэма, звязаная з 8 сакавіка і 23 лютага. Love season, які да таго ж рэкламна падтрымліваецца разнастайнымі брэндамі. У многіх кампаній ёсць своеасаблівы батл: спачатку жанчыны для мужчын ладзяць весялуху, дораць падарункі, потым наадварот.
— А якога свята не хапае Беларусі? Можа быць, вы хацелі б прыўнесці нешта на нашу глебу звонку або зрабіць стаўку на небеларускае свята, якое было б прывабным і для нас, і для турыстаў?
— Давайце на Купалле раскладзем вялікае вогнішча ў цэнтры горада. На Кастрычніцкай плошчы, у якасці культавага збудавання. І побач меншае, каб людзі скакалі. Не Памплона, але ўсё ж.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)