Новы сынгл “Масьленіца” ад першых прадстаўнікоў Беларусі на “Эўрабачаньні” сьведчыць прынамсі пра тое, што Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза працягваюць сваю дзейнасьць. Няхай сабе і без асаблівага натхненьня.
Тое, што дуэт знаходзіцца ў творчым крызісе, стала ясна недзе па выхадзе іх трэцяга нумарнога дыску “Аўтаномная навігацыя” (2006), пасьля якога музыкі, па сутнасьці, толькі і рабілі, што перапісвалі ды па-новаму прэзэнтавалі збольшага вядомы матэрыял. Але рабілася гэта з упартасьцю, вартай павагі. Пасыл іх новай працы найперш у тым, што яны не зьбіраюцца нікуды сыходзіць. Праўда, у тым, што хочуць прапанаваць слухачу “Аляксандра і Канстанцін”, цяжка разабрацца паводле гэтага сынглу, у які ўвайшла “Масьленіца” з радыёміксам ды кліпам на яе, стары і вядомы “Арол”, парачка расейскамоўных нумароў ды адзін інструмэнтал.
Раздрай выходзіць поўны, такое адчуваньне, што на гэтым дыску прысутнічаюць песьні як мінімум трох розных выканаўцаў. Адзін зь іх працуе ў малаактуальнай ужо стылістыцы дэкаратыўнага фольк-мадэрну, што пасуе хіба якім афіцыёзным імпрэзам. Другі спрабуе знайсьці сябе ў “попе”, сьпяваючы каляэстрадныя песенькі на фарматнай расейскай (хоць назвы песьняў на вокладцы чамусьці пазначаныя на беларускай). А трэці дык наогул не пераймаецца ды спакойна сабе грае вясёлае бугі (“Arisha Boogie” прысьвячаецца сабаку, які жыве з Аляксандрай і Канстанцінам).
Безумоўна, ключавы нумар сынглу — зусім не рафінаваная “Масьленіца”, а “Арол”. Аляксандра мае проста фантастычна запамінальны голас, якім яна калісьці зачаравала ўсіх. Аздобіць бы прыгожа ды актуальна яе вакал у межах адзінай музычнай канцэпцыі — мог бы выйсьці цуд.
Варты адзначэньня крэатыў у аздабленьні дыску з дасьціпнай падачай назвы сынглу.
Ідэя: 5
Выкананьне: 6
Тэксты: 5
Запіс: 6
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін