На Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі, які праходзіў 16-17 верасня ў Варшаве, адбылася дыскусія «Культурная эміграцыя — мінулае i сучаснасць». Спікеры абмеркавалі, што агульнага і адрознага ў эміграцыі розных часоў, і як беларускія творцы могуць заявіць пра сябе за мяжой. Budzma.org распавядае самыя важныя тэзісы.
Прафесарка ўніверсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы Алена Глагоўская і даследчыца гісторыі эміграцыі, галоўная рэдактарка альманаха «Запісы БІНіМ» Наталля Гардзіенка распавялі пра лёс беларускага мастацтва ў эміграцыі за апошнія сто гадоў. У першай палове 20 стагоддзя краіна была ахоплена войнамі і рэвалюцыямі, перажывала цяжкія часы. Таму многія беларускія дзеячы з’яджалі за мяжу. І хоць інтэграцыя праходзіла складана, у еўрапейскіх краінах пачалі з’яўляцца беларускія культурныя суполкі.
Пасля Другой сусветнай вайны была другая хваля эміграцыі. У 1945 годзе ў Нямеччыне з’явіліся лагеры для перамешчаных асоб (у асноўным туды траплялі былыя ваенныя вязні з канцлагераў, ці ўцекачы з Савецкага саюза — ад рэдакцыі). Пасля гэтыя ўцекачы раз’ехаліся па ўсім свеце. У Амерыцы, Канадзе, Вялікабрытаніі і нават Аргентыне пачалі з’яўляцца беларускія дыяспары, распавяла Наталля Гардзіенка.
Першы кангрэс беларускай эміграцыі ў Варшаве
«У сярэдзіне 20-га стагоддзя ў Еўропе пра Беларусь амаль нічога не ведалі. Яны (беларускія эмігранты) імкнуліся паставіць Беларусь на мапу свету. Гэтую дзейнасць фактычна працягвае сённяшняя эміграцыя», — распавяла Наталля
Беларускія асяродкі займаліся культурнымі мерапрыемствамі, паўстала вялікая суполка творчых людзей. Выдаваліся газеты, літаратурныя часопісы.
Зміцер Чарткоў, Таццяна Нядбай, Андрэй Дурэйка
«Сітуацыя вымушанай эміграцыі заўсёды, безумоўна, асабліва складаная для дзеячаў культуры, якія звычайна больш запатрабаваны ў нацыянальнай аўдыторыі.
Але досвед пасляваеннай эміграцыі беларусаў сведчыць аб тым, што магчымасці працягваць працу знаходзяцца. Значную ролю для стварэння гэтых умоваў іграе дыяспара», — адзначыла Наталля Гардзіенка.
Мастак і куратар Андрэй Дурэйка прыгадаў, што за апошнія 20-30 гадоў з’ехалі дзясяткі мастакоў. Аднак яны маглі выстаўляцца як у краінах, дзе яны жывуць, так і на Радзіме, у Беларусі, напрыклад, у галерэі «Ў». Пасля 2020-га гэтая магчымасць была страчана, і мост паміж культурай у Беларусі і ў эміграцыі фактычна разбураны.
На думку выступоўцы, важна памятаць не толькі пра ўласны, беларускі кантэкст. Па яго назіраннях, індывідуальныя творцы, якія ўзаемадзейнічалі з іншаземнымі інстытутамі аказаліся больш паспяховымі. Яны не абмяжоўваліся толькі нацыянальнымі пытаннямі, а былі людзьмі свету, рабілі акцэнт на сучасным мастацтве. Пры тым беларускія суполкі за мяжой, аказаліся менш паспяховымі.
У эміграцыі ў беларускім мастакам адчыняецца больш магчымасцяў, у той жа час, як у Беларусі дзяржава шмат год блакавала развіццё мастацкіх інстытуцый.
«Многія мастакі, якія з’ехалі, стварылы мастацтва, якое невядома ў Беларусі. Напрыклад, Эвеліна Домніч і Дмітрый Гефальд. Гэта мастацтва, якое звязана з навукай, і нічога падобнага ў Беларусі няма(...)
У Беларусі нават няма музею сучаснага мастацтва (...). Гэта трагедыя і драма, толькі каланіяльная ўлада можа так ставіцца да свайго насельніцтва», — падкрэсліў Дурэйка.
Мастак і куратар Андрэй Дурэйка
Неабходна ўзаемадзеянне з міжнароднымі інстытутамі, без гэтага беларуская культура будзе існаваць толькі ў межах дыяспары, лічыць спікер. Таксама выступоўца адзначыў ролю беларускіх медыя, якія больш сфакусаваны на палітычных тэмах, і зусім мала пішуць пра культурныя падзеі.
У фінальнай прамове Анрэй Дурэйка закрануў і тэму культуры ўнутры краіны.
«Пасля 2022-га года пайшла размова, ці можна лічыць Беларусь агрэсарам ці акупаванай краінай. Але есць яшчэ і трэці варыянт — калабарацыянізм. І вось гэтая калабарацыя з’яўляецца сёння галоўнай рызыкай.
Сёння ў некаторых ужо пачынаецца стакгольмскі сіндром, калі закладнік пачынае разумець свайго забойцу. Раней існавала іншая праблема — цынізму, памяркоўнасці ці гламуру. А за гламурам часта прыходзіць фашызм. Філасофія калабарацыянізму — галоўная небяспека для беларускай культуры».
Мадэратаркай дыскусіі была Таццяна Нядбай. Яна звярнула ўвагу на тэму мастакоў у Беларусі.
«У нас існуе скажоная карціна, што нічога не існуе ў Беларусі (...) Я з гэтым не згодна. У Беларусі яшчэ застаюцца дзеячы культуры, іх шмат. Так, іх праца зараз непублічная, яна і не можа быць публічнай. Многія былі звольнены, многія сышлі ў падполле, рабіць кватэрнікі і працягваюць існаваць», — адзначыла яна.
Таццяна Нядбай
Таксама Таццяна нагадала пра даследаванне схаваных рэпрэсій, якое нядаўна рабіў ПЭН-цэнтр. Яно заснаванае на анаміных інтэрв’ю з дзеячамі культуры, якія засталіся ў Беларусі.
Пасля лекцыі можна было задаць пытанні спікерамі. Адзін з гледачоў нагадаў, што нацыянальныя культуры ў эміграцыі існавалі заўсёды і прывёў прыклад польскіх культурных дзеячаў, якія працавалі за мяжой, пры тым без іх цяжка ўявіць польскае мастацтва.
budzma.org
Чытаць яшчэ: «Пашыраем беларускі космас». Вялікая размова з Алінай Коўшык пра развіццё беларускай культуры і выклікі сучаснасці