Цяжка троліць святое. З Андрэем Мельнікавым размаўляем пасля яго вялікага канцэрта, прысвечанага 25-годдзю беларускамоўнай творчасці. Сядзім ля сцяны з выявай вуліцы Румянцаўскай. За спінамі – гісторыя, вакол нас – дзеткі з бацькамі, наведнікі музея. Нібы экспанаты з пульсуючымі сэрцамі, прапускаем праз сябе жывых і памерлых – ад Міхалка да мітрапаліта, ад хакея да Ісуса Хрыста.
“Я распісаў жыццё да самага скону ў 2042 годзе”
Што да планаў на будучыню, то, на жаль, я пакуль не адкрыў у сабе здольнасці да стратэгічнага планавання. Калі было 17 — планаваў і распісаў жыццё да самага скону ў 2042 годзе, падаецца. Цяпер я стратэгічна не планую, не клапачуся пра заўтрашні дзень. Назапасілася шмат матэрыялаў, наспеў час іх паслядоўна і сістэматычна друкаваць і ёсць дзе друкаваць. Прыйшоў час рабіць якасныя запісы відэа, бо са мной такая дзіўная сітуацыя: і шмат чаго напісаў, і рэчы шмат каму знаёмыя, але па сутнасці, мяне няма на музычным полі беларускім. Нават тут сёння выступаў у музеі як музейны экспанат. Ёсць жаданне паказаць і давесці, што рана яшчэ…мяне далучаць да тых, каго няма.
Мельнікаў і крэатыў. Аршанская бітва на ЧС па хакеі — 2014
Аршанскі фэст звязаны з Аршанскай бітвай, а факт яе згадак страшэнна раздражняе нашага ўсходняга суседа, таму я думаю, што будуць вялікія перашкоды фестывалю з усходу. Маё бачанне: увесь год 2014 мусіць стаць прысвячэннем Аршанскай бітве, і самыя розныя рэчы можна гэтаму прысвячаць, уключаючы і чэмпіянат свету па хакеі 2014 года ў Беларусі. Прапаную святкаваць перамогі беларусаў і ўсіх нацый, што жылі ў Вялікім Княстве, над тымі, хто цяпер жыве ў дзяржаве ўсходняга суседа.
(У тэорыі гэта магчыма: Беларусь і Латвія гуляюць у адной групе з Расіяй, але “спадкаемцам Княства” (ды і ці лічыць такой Латвію?) хутчэй давядзецца вырашаць паміж сабой, хто пакіне найвышэйшы дывізіён. — Заўвага аўтара.)
“Пад кіраўніцтвам Ісуса Хрыста”. Чаму Бог лепшы за чыноўніка
Хрысціянства — рэлігія, якая яднае людзей пад кіраўніцтвам Ісуса Хрыста. Тым, хто не верыць, падаецца, што гэта нешта казачнае-міфічнае, але для тых, хто верыць, гэта найлепшае кіраванне. Вельмі добра суадносіць сваю волю з воляй Божай, а не з воляй якога-небудзь начальніка, у якога сёння пахмелле, а заўтра будзе псіхічны заскок. Калі разумееш, у чым воля Божая, то жывеш так, што табе не сорамна за жыццё, бо маеш дачыненне да вечнасці.
Сёння дастаткова, каб людзі адкрывалі, што Бог ёсць. Што ёсць абсалютны валадар, а не нейкі адносны. У нас шмат паганцаў — гэта не тое каб непакоіць, гэта пошукі чалавека, нармальныя пошукі, таму што людзі прыходзяць урэшце да таго, што Бог — гэта больш, чым начальнік, у якога сёння пахмелле, заўтра псіхічны заскок. Але рэлігія — небяспечная рэч для ўсялякіх маніпулятараў. Маніпулятары, якія маюць рычагі кіравання, стараюцца скіраваць вернікаў на іншы шлях, звесці ад царквы, каб яны пакланяліся ідалам. Гэта можа быць бутэлька ці салодкае жыццё і гульнявыя аўтаматы, што заўгодна.
Бартосік правільна прасёк, куды ідзе справа
Я ў Гомелі не заўважаю беларусізацыі такога ўзроўню, як была ў 90-х. Не скажу, што я шмат куды ў Гомелі хаджу, але я не бачу зменаў. Ідзе асэнсаванне імперскай гісторыі — вось імперскасці стала болей. Яшчэ Бартосік заўважыў гэтую тэндэнцыю; на жаль яна аказалася явай. Ён правільна прасёк, куды ідзе справа.
Патрэбнае тое ж самае адраджэнне памяці, проста адраджэнне іншага кавалка. Што рабіць? Трэба вырашаць супольна. Можа быць, варта больш актыўна прапагандаваць спадчыну ВКЛ, таму што яна не звязаная з палітыкай…
У Беларусі сітуацыя парадаксальная. З аднаго боку, дзяржава разумее, што патрэбная еднасць народа, бо моцны народ — гэта моцная дзяржава. З іншага боку, яна і баіцца гэтай еднасці.
Пра шухер вакол мітрапаліта і малітвы ананімных алкаголікаў
Я ўпэўнены, што адмоўнае стаўленне да Паўла распальваецца. Які запіс быў закінуты як першае відэа? Запіс, якому два гады, — далёка не апошні. То бок гэта зроблена спецыяльна, з мэтай адвярнуць патэнцыйна небяспечных людзей ад царквы. Чынавенства было, ёсць і будзе, і заўжды нехта будзе выконваць абавязкі царкоўнікаў. У чыноўнікаў тыя ж грахі, што і ў людзей, і не трэба ў чыноўніках бачыць нейкую святыню. З пункту гледжання хрысціян святыя па факце смерці робяцца святымі, а ў жыцці мы жывем у граху, і трэба разбірацца з тым, з чым мы можам разабрацца.
На маю думку, вельмі станоўчы момант з прыбыццём мітрапаліта Паўла ў тым, што нарэшце ёсць магчымасць разабрацца з бальшавізмам, ад якога ў нас велічэзная пагроза, бо некія бальшавіцкія рэчы ў нас сталі традыцыйнымі. Гэта ў тым ліку вуліцы імя забойцаў, помнікі забойцам, услаўленне забойцаў. Гэта ў першую чаргу. Калі з гэтым разбярэмся, тады можна будзе сур’ёзна паразмаўляць і пра астатняе.
Ёсць класная малітва ананімных алкаголікаў, пра мужнасць пабачыць рэальнае, пакору прыняць тое, на што не ўплываеш, і мудрасць, каб іх адрозніваць. Я не кірую царкоўнымі чыноўнікамі — яны ад мяне абсалютна не залежаць. І не мая кампетэнцыя абмяркоўваць іх. Вось калі яны ад мяне будуць залежыць — гэта іншая справа…
Дыпламатычныя стасункі з Канадай развіваюцца стабільна. Вальжына Цярэшчанка і Андрэй Мельнікаў 2014
“Знайдзі сёння дзяўчынку з самаіроніяй”. Беланогая і пакаленне ‘65
Трэба сказаць, што я больш гляджу за сваім пакаленнем, чым за маладымі. Я рады, калі людзі не дэградуюць і працягваюць нешта ствараць. 1965-66 гады нараджэння — думаю, чалавек, які назірае за беларускай культурай, зможа назваць з дзясятак імёнаў, якія дагэтуль на плыву. Адносна малады — Раман Абрамчук: шырокі дыяпазон і свой погляд. Маладзейшыя? Беланогая своеасаблівая, таму што абсалютна не імкнецца зрабіць шоу. Не намагаецца выглядаць лепшай, чым яна ёсць, такая ў яе размова з аўдыторыяй. Мне трошкі нават дзіўна, што столькі людзей прыходзіць і столькім людзям гэта патрэбнае.
Што людзі стомленыя ад шоу і таму ідуць — тут у мяне няма сумневу. Яшчэ калі яна выйграла Бельскі фэст — я тады яе ці не ўпершыню пабачыў, і тады гэта была дзяўчынка, якая захавала самаіранічны погляд на саму сябе. Паспрабуйце знайсці дзяўчынку, што мае самаіронію, — а ў яе пасля перамогі, калі ў іншых круціцца галава, не закруцілася. Сядзіць на банкеце, віно папівае, можа, трошкі, але глядзіць з той жа іроніяй на наваколле. Дагэтуль гэта захавалася.
“Іх вельмі танна разводзяць”. “Неразуміе” людзей і аўтаномія царквы
Для хрысціян царква — цела Ісуса Хрыста, і любая незалежная ці аўтакефальная царква можа быць толькі ў выпадку мірнага разыходжання, калі ўтвараецца мірна. Ёсць такія прыклады, але, на жаль, далёкія ад нас: амерыканская царква, якой Савецкі Саюз даў аўтакефалію. Станоўчы прыклад з Украінай, калі быў атрыманы статус, як у японскай праваслаўнай царквы, не аўтакефалія, але аўтаномія. Там царква вырашае ўнутрыдзяржаўныя кадравыя пытанні, сама распараджаецца сваімі фінансамі. Што японская, што ўкраінская,— яны маюць прыкладна аднолькавыя правы.
Беларусі трэба дарасці спачатку да гэтай аўтаноміі. Пакуль не дараслі ў тым ліку таму, што людзі праяўляюць “неразуміе”. Іх вельмі танна разводзяць, іх вельмі танна правакуюць, як гэта адбылося з мітрапалітам Паўлам. Вельмі танна людзей скіравалі.
“Ад блазна да самасвятасці вялікая адлегласць — гэта добра абараняе”. Пра зёлкі Міхалка
Трэба доўга думаць, каб зразумець, ці ёсць рэцэпт, каб галава не круцілася ад поспеху. Я выйшаў з такой хваробы праз вялікія непрыемнасці для самога сябе. Самаіронія — гэта вельмі добрыя лекі, між іншым. Здольнасць смяяцца з самога сябе, здольнасць бачыць гэтае смешнае і здольнасць не выдаваць сябе за святыню. На маю думку, гэта якраз тая зёлка, якую вельмі паспяхова прымяняе Міхалок.
Ён немалады 40-гадовы дзядзька, бліжэйшы да майго пакалення, і пачуццё гумару ў яго значна бліжэйшае. Рэч у тым, што ён назірае за маладымі і шмат чаго адтуль бярэ, і гэта яго шлях… Нешта можна слухаць, нешта, можа, не варта, але шмат якія рэчы слухаю з радасцю. У нас пачуццё гумару ў адным сектары — шмат у чым яго разумею і шмат у чым з ім згодны. Калі чалавек — блазан, то ад блазна да святога, да самасвятасці — вялікая адлегласць, гэта добра абараняе.
Алесь Плотка, фота і калаж аўтара, архіўнае з блогу Аршанскай бітвы