З нагоды закрыцця праекта “Арт-Сядзіба” ў памяшканні завода “Гарызонт” 12 ліпеня адбыўся святочны канцэрт сяброў гэтай, мабыць, адной з самых нефармальных творчых прастораў у Мінску.
“Зусім спантанна мы вырашылі, што трэба ўсё ж правесці такую цікавую развітальную вечарыну. “Арт-Сядзіба” – цяпер гэта брэнд, гэта назва. Нас ведае шмат хто. Мы развітваемся проста з гэтым месцам.
Так склаліся абставіны, усе ведаюць, чаму гэта адбылося. І мы вырашылі менавіта развітацца, запрасіць сяброў, запрасіць музыкаў, усіх тых, хто да нас прыходзіў на працягу ўсяго гэтага тэрміну, і разам правесці прыемна час, паслухаць добрыя гурты. Я лічу, што сёння ў нас найбольш яскравыя імёны менавіта беларускамоўнай альтэрнатыўнай сцэны – і імёны вядомыя, і гурты маладыя, але якія гучаць, пра якія ведаюць.
Аптымізм ёсць, ёсць нейкія прапановы, ідэі. Будзем рабіць нешта іншае. Заўжды, калі ты хочаш, ты зможаш нешта сабе арганізаваць, – адзначыў Павел Белавус, дырэктар “Арт-Сядзібы”. – Таму ў нас закрыццё, але вельмі такое пазітыўнае і вясёлае свята. Святкуем нашае далейшае, як мы спадзяемся, пераўтварэнне і развіццё”.
Сапраўды, падчас існавання “Арт-Сядзіба” займела масу сяброў, і ўсе, хто змог, прыйшлі гэтым вечарам патусіць у апошні раз у невялікім, але такім гасцінным месцы. “Не трэба баяцца спякоты. Лета ж! Трэба баяцца холаду ў сэрцах, а спякота – гэта ж добра!” Падтрымаць хлопцаў прыйшлі і музыкі, якія выступалі на гэтай пляцоўцы: Паліна Рэспубліка, гурты “Амарока”, “Мутнае вока”, “Рэха” і іншыя. Нефармальная атмасфера і спякота мінскага лета толькі настройвалі гледачоў на патрэбны лад.
І загучала пранікнёнае:
“Я цябе ўратую, толькі як – не ведаю”.
“Гэта – мая прастора,
гэта – мая краіна,
край любы, край радзімы”.
“Апошні дзень жыцця ў памяшканні гэтым. Сумная падзея, але, як мне падаецца, і не блага, нейкая змена, нейкае развіццё будзе. Можа быць, “Арт-Сядзіба” ўжо перарасла гэтае месца. І надалей будзе нешта новае, больш радыкальнае, больш глабальнае”, – прамовілі хлапцы з гурта “Грын пілс”, прэзентуючы зусім новую песню са словамі:
“Што будзе заўтра?
Выбіраць і мне, і табе”.
Адбылося шмат вясёлых забаў, падарункаў ад выступоўцаў, конкурсаў ад арганізатараў, нават аўкцыён, дзе ўсяго за 30 тбр пайшоў “касмічны касцюм з косма-акулярамі”, а за 40 – арэлі, якія “шмат поп пабачылі”.
Прыемнай неспадзяванкай з’явіўся выступ Пятра Клюева, які сказаў, што “вельмі файна, што ёсць шмат маладых людзей, якім патрэбны духоўныя каштоўнасці: музычныя імпрэзы, літаратурныя сустрэчы”, а не толькі распіццё піўка з сябрамі. “Я спадзяюся, што гэта маленькая паўза – будзе яшчэ адраджэнне больш магутнае, больш харызматычнае”, – дадаў Пётр.
Спадар Фёдар, лідар гурта “Голая манашка” (яна ж – вясёлая), агучыў прысвячэнне ўсяму беларускаму народу пад бойкія акорды і не менш істотныя тэксты (“не прасыхаю, як макрыца”) цалкам у стылі Гарыка Сукачова. Гэтую “лірычна-аптымістычную хвалю”, добра прыпраўленую блюзавымі хадамі, падтрымаў Яўген Цімашко з ягоным штодзень малінавым настроем, малінаўскім блюзам і чытаннем вершаў:
“Дзе жыве Беларусь,
там памірае грамадства,
там адны марш-парады,
там жывыя мішэні”.
Працягнулася імпрэза лёгкім амерыканскім панкам гурта “Амарока” – адных з бацькоў “Арт-Сядзібы”. А скончылася – выступам “Рэха” на чале з Андрусем Такіндангам, які сказаў: “Асабіста ў мяне “Арт-Сядзіба” выклікае самыя цёплыя пачуцці, таму што, сапраўды, месца надзвычай цёплае, радаснае, свабоднае. Мы адклалі ўсе справы і прыляцелі ў “Арт-Сядзібу”, каб толькі яшчэ раз сыграць вось тут. Але, вядома, месца добрае людзьмі, і мы спадзяемся, што мы будзем яшчэ сустракацца з гэтымі людзьмі, можа быць, у іншым памяшканні”.
Хочацца ўсё ж звярнуць увагу на дзіўнае супадзенне з настроем надвор’я ў гэты дзень: калі ў пачатку выступу музыкаў у невялікім памяшканні, якое не здолела змясціць усіх наведнікаў імпрэзы, было горача так, што не прадыхнуць, то ў нейкі момант спякота змянілася свежым ветрыкам, які ўсё мацнеў, за акном паліў дождж, а фіранкі з аптымістычным надпісам “Жыве “Арт-Сядзіба””, пераўтварыліся ў ветразі. Загучалі галасы: “На маім чоўне зрывае мачту”. Прыпомнілася тут песенька пра “вецер пераменаў” з дзіцячага фільма савецкіх яшчэ часоў. Няхай хопіць яму сілы панесці хлопцаў далей ад гэтага “гарызонту” ў добрае светлае заўтра, дзе рассунуцца ўсе “гарызонты”.
Зарына Кандрацьева,
Фота Аляксандр Ждановіч.