Рэжысёр Арцём Лобач распавёў «Салідарнасці», як прасоўвае беларускую культуру і традыцыі, чаму прытулілі сабаку з Украіны і дзе адчуў сапраўдную дэмакратыю.
Усе фота прадстаўлены суразмоўцам «Салідарнасці»
— Арцём, вы вучыліся на дызайнера, хацелі стаць дальнабойшчыкам, а ў выніку — рэжысёр, здымаеце фільмы пра беларускія традыцыі і культуру. Курыравалі анлайн-івэнт да Дня волі-106. Стваралі кліпы Вольскаму, J:Морс, Navi, супрацоўнічалі з Маргарытай Ляўчук. А яшчэ больш за 10 гадоў падарожнічалі па Еўропе аўтаспынам.
Усё разам вельмі крута гучыць.
— Не думаю, што маё жыццё варта ідэалізаваць, я таксама часам плачу, бываюць і дэпрэсіўныя моманты. Але пра гэта ж не прынята расказваць публічна.
Усе мае мары — гэта мае мэты. Цяпер задача інтэгравацца ў еўрапейскую кінаіндустрыю. Прайсці ўвесь шлях ад ідэі да прэм’еры фільма. І паспрабаваць тут зачапіцца.
Таму рассылаю прапановы розным кампаніям і агенцтвам. Пакуль ёсць папярэднія дамоўленасці з нямецкімі прадзюсарамі.
Плюс нядаўна на Белсаце выйшаў мой фільм «Кола жыцця», гэта некалькі гадоў майго жыцця. І ўсё гэта дапамагае глядзець у будучыню з аптымізмам.
Фота: Karolina Borona
— «Кола жыцця» пра беларускія традыцыі, культуру — тое, што некаторыя на эміграцыі пачынаюць забываць. Што вы даведаліся дзякуючы героям і іх гісторыям?
— У мяне заўсёды быў унутраны канфлікт, як у рэжысёра-дакументаліста: як запрашаць людзей, якія жывуць традыцыямі, і прасіць працаваць па сцэнары? Не хачу рабіць імітацыю, гульню, няпраўду.
У выніку прыйшоў да кансэнсусу. Калі ўбачыце ў фільме сцэны Калядаў, Купаля, Гукання вясны — гэта, канечне, здымалася не ў тыя даты, калі адзначаюць гэтыя святы (чыста з-за арганізацыйных магчымасцяў), але людзі ў кадры наўпрост звязаныя з беларускімі традыцыямі, адзначаючы нашы святы хто на Падляшшы, хто ў Варшаве.
Але для мяне гэта не тое, каб новае. Я і ў 2016-м рабіў фільм «Беларускія песні — традыцыі адлегласці», калі пабывалі з экспедыцыяй на Палессе. Тады і адбыліся галоўныя адкрыцці, звязаныя з нашымі традыцыямі і культурай.
Цяпер ужо разумею, чым мы, як беларусы і носьбіты нашай традыцыйнай культуры, адрозніваемся ад суседзяў. У якіх падобнае, але інакш.
Ідэя фільма ўзнікла, калі я ўбачыў, якім чынам беларуская традыцыйная музыка дапамагае развівацца сучаснай беларускай музыцы. Захацеў паказаць гэты шлях: ад традыцыі, нейкай архаікі і абраднасці беларускіх песень — як сучасныя выканаўцы адаптуюць традыцыйныя песні пад слухача. Праз сучасную музыку прыцягваючы ўвагу і цікавасць да нашых каранёў.
Кадр з фільма «Беларускія песні — традыцыя адлегласці»
— Вы былі рэжысёрам анлайн-івента да Дня волі-106. Што ўразіла і запомнілася?
— Гэта быў праект «Годна». Але мне цяжка нешта вылучыць ці хваліцца ўласнымі дасягненнямі. Кожны добра рабіў сваю працу.
Не менш ганаруся праектам (а гэта 10 серый!), які мы зрабілі з Максімам Жбанковым у мінулым годзе — 100 гадоў беларускаму кіно. Праект створаны пры грантавай падтрымцы ArtPower.
Кожная серыя расказвае пра дзесяцігоддзе беларускага кіно, якому летась споўнілася 100 гадоў. Да таго, на мой погляд, у беларускім інтэрнэце, на YouTube, не было практычна нічога, звязанага з гісторыяй беларускага кіно. Я злаваўся, калі некаторыя казалі, што «беларускага кіно няма».
Фота: Руслан Серадзюк
— Вы здымалі кліпы для NaviBand, J:Морс, NIZKIZ, Лявона Вольскага. Як атрымлівалася?
— Прыкладна з 2016-га мы з Сяргеем Будкіным пачалі рабіць музычны праект для Белсату, дзе не раз пабывалі многія беларускія зоркі. Так я зблізіўся з Лявонам Вольскім і іншымі беларускімі музыкамі, працягнуўшы супрацу.
— Але новы вопыт для мяне гэта, хутчэй, удзел у міжнародных еўрапейскіх фестывалях. У беларускай супольнасці мы часцей круцімся вакол адных і тых жа тэм, пытанняў, беларускай ідэнтычнасці і культуры. У пэўным сэнсе гэта перастае быць новым.
Патрэбныя новыя гарызонты, каб на нашы беларускія тэмы ствараць ужо больш глыбокія і шматгранныя творы. Бо і ў Беларусі таксама вырасла ўжо новае, іншае, пакаленне.
— Што для вас новы вопыт, які вы чэрпаеце на міжнародных фестывалях?
— Гэта, у першую чаргу, новы вопыт жыцця за мяжой. Пасля ўсіх перажытых дэпрэсій і першых гадоў адаптацыі, я, як і большасць з майго атачэння, прыйшоў да думкі, што нам трэба жыць тут і зараз, у еўрапейскай супольнасці. І трэба навучыцца адаптавацца да новых правіл гэтага жыцця. Вучыць мовы, законы і разбірацца ў мностве іншых незнаёмых пакуль нюансаў.
З аднаго боку, гэта расчыняе для нас дзверы, з другога — ставіць абсалютна іншыя задачы, якіх у Беларусі ў мяне, напрыклад, не было.
Важна ад сустрэчы да сустрэчы ўмацоўваць нашы знаёмствы з прадстаўнікамі еўрапейскіх арганізацый, нашымі патэнцыйнымі партнёрамі, каб дапамагаць развівацца ў тым ліку еўрапейскаму кінакам’юніці.
— Што аказалася самым складаным у вашай эміграцыі?
— Я вучыўся ў Варшаве ў 2010-м і ў 2017-м. Тады таксама былі думкі застацца ў Еўропе, але не атрымалася.
Я вярнуўся ў Беларусь, дзе з’явілася шмат праектаў, і да 2020-га ў плане маёй рэжысёрскай дзейнасці ўсё складалася добра. Але ў 2021-м я з’ехаў, не падазраючы, што надоўга.
У выніку мы з жонкай засталіся ў Вільні, дзе першыя гады паўтара было зусім няпроста. Але потым усё неяк закруцілася: Белсат, здымкі кліпаў, розныя праекты. І да гэтага лютага пытанняў з працай для мяне не было.
— Гэта значыць прыход Трампа адбіўся і на вас?
— Так, прыпынілася дзейнасць шматлікіх НДА. Але тым не менш гэтая сітуацыя і прастымулявала больш займацца індывідуальнай дзейнасцю. Імкнуся ствараць свае праекты, якія менш залежаць ад грантаў і амерыканскіх грошай. Больш разлічваць на сябе.
Звыклая рэальнасць скончылася для мяне ў 2021-м, з маім ад’ездам з Беларусі. А з лютага 2022-га гэтая новая рэальнасць стала яшчэ больш складанай. Пачаўся пераходны перыяд, у якім мы і зараз знаходзімся. І сёння ўжо не толькі мы, але і ўвесь свет.
Пахіснулася сістэма каштоўнасцяў, найперш дэмакратычных. Усё праходзіць выпрабаванне часам, а мы ва ўсім гэтым удзельнічаем. Гэта калі пра глабальныя складанасці.
Фота: Karolina Borona
А калі казаць пра лакальныя, то мая жонка вельмі даўно хацела сабаку. І нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы вырашылі ўзяць сабаку з Украіны. Бо ад вайны беглі не толькі людзі. Сабак кідалі, а валанцёры іх вывозілі.
Мы ўзялі такога траўміраванага вайной сабачку. Мне было няпроста навучыцца жыць з сабакам, тым больш з псіхалагічна траўміраваным. Але вось ужо тры гады мы разам з Платонам, гэтае імя далі яму валанцёры. Ён у нас з Харкава. Пакуль даехаў да Варшавы, дзе мы яго забралі ў Вільню, пабачыў шмат розных людзей. Цяжка яму прыйшлося.
Мы падпісалі дамову, што мы свядомыя людзі і робім адказны выбар, разумеючы, што бярэм да сябе траўміраванага вайной сабаку. І гатовы несці за гэта адказнасць.
Сабак і сёння вывозяць з Украіны. Усім нялёгка: і людзям, і жывёлам.
Арцём шмат падарожнічаў па Беларусі і фатаграфаваў. Гэта руіны палаца Сапегаў у Ружанах
— Што было самым складаным у вашай адаптацыі адзін да аднаго?
— Платон да гэтага часу шмат чаго баіцца і тады паводзіць сябе агрэсіўна. Пасля ўсяго, што перажыў, ён спачатку не прымаў нас, як новых гаспадароў. Баяўся даверыцца.
Ну і ў мяне ў дзяцінстве толькі каты былі. Мне было няпроста навучыцца жыць з сабакам. Плюс проста так ужо не з’едзеш у падарожжа: альбо з сабой браць, альбо шукаць з кім пакінуць.
Бытавыя рэчы, вядома, першы год вельмі моцна не дазвалялі нам расслабіцца. У выніку з жонкай знайшлі кінолагаў, якім можна пакінуць на ператрымку такіх вось сабак з асаблівасцямі.
Мне здаецца, што так і адбываецца сталенне, узнікае новая адказнасць. Любыя пытанні вырашаюцца, калі ёсць жаданне.
— Лета 2024-га вы апісвалі ў інстаграме, як захапленне ад велападарожжа з аўстрыйскага Інсбрука да Венецыі. Некаторыя думаюць, што падобныя рыўкі па новых краінах, як і горныя ўзыходжанні, — няйначай уцёкі ад жудаснай рэальнасці. Як ваш настрой пасля 2020-га і ці згодны з гэтым?
— Можа, для кагосьці гэта і ўцёкі. Я здзяйсняў «уцёкі» восенню 2022-га, адпраўляючыся ў адзіночнае велападарожжа. Усвядоміўшы, што больш не вытрымліваю, мне цяжка і трэба пабыць сам-насам з сабой. Дамовіўся з жонкай і так — уцёк на два тыдні, каб разабрацца са сваімі думкамі.
Упэўнены, што, калі чалавек адчувае такую неабходнасць — гэта трэба рабіць, узяць паўзу і паглядзець на сваё жыццё з боку. І ніхто не мае права такое асуджаць.
А ў 2024-м гэта быў ужо наш водпуск з сябрамі. Тады зразумеў, што прыгажосць Даламітаў немагчыма пераацаніць, асабліва з заходам сонца. Гэта нерэальна прыгожа. Мяне нават Венецыя ўразіла не так моцна, як Даламітавыя Альпы.
— А якая краіна ўразіла мацней за ўсё?
— Нідэрланды, куды мы паехалі з жонкай у 2017-м аж на месяц. Праехалі на роварах паўкраіны. І я ўпершыню ўсвядоміў, што грамадства можа быць пабудавана на даверы. Былі сітуацыі, калі нам абсалютна незнаёмыя людзі пакідалі пад кілімком ключы ад кватэры, дазваляючы пажыць бясплатна.
Акрамя таго, як мне падаецца, я зразумеў, чаму Нідэрланды такая развітая краіна. Іх дэмакратыя, да якой мы так імкнемся, сапраўды працуе, бо ў ёй удзельнічаюць усе жыхары.
Нам гэтага не зразумець, бо ў нас даўно не было свабодных выбараў. І зараз, пасля 2020-га, шмат хто вяртаецца да стану «да 2020-га», калі не цікавіўся палітыкай. У Нідэрландах такога няма.
Дзесьці пад Гродна
Я ўпершыню там сустрэўся з паняццем, што толькі ад дзеяння кожнага жыхара, ад яго ўдзелу і ўцягнутасці ў жыццё краіны, залежыць будзе ў тваёй краіне дэмакратыя ці не.
І гэта не пустыя словы, а факт — «маё ўздзеянне на ўладу». Пачынаючы ад таго, што ты можаш растлумачыць уладам, што табе не падабаецца канкрэтная сметніца каля крамы. Збіраеш подпісы — і яе праз пару тыдняў усталёўваюць у іншым месцы, дзе яна нікому не перашкаджае.
Так, гэта маленькі крок, але з кожным такім крокам людзі ўплываюць на тое, што адбываецца ў іх краіне і больш глабальна. Для мяне гэта стала адкрыццём і прыкладам працоўнай дэмакратыі.
Яшчэ мяне ўразіла, што большасць касцёлаў у іх ператварылася ў грамадскія месцы. А некаторыя — у бары-рэстараны, канцэртныя залы, месцы для сустрэч. Там зусім іншы вайб, атмасфера. Людзі бавяць там час не таму, што прыйшлі маліцца ці баяцца Бога. У іх заўжды ёсць выбар. Адсутнасць рэлігійнага ціску ў Нідэрландах падкупляе вельмі моцна.
Балота на поўначы ад Гродна
— У 2018-м вы зрабілі на Радзіме шмат здымкаў, на плёнку, у пошуках «сваёй Беларусі». З чаго складаецца «ваша Беларусь»?
— Я магу зараз казаць толькі зыходзячы са сваіх успамінаў, паколькі не ведаю: якая сёння Беларусь? Тое, што бачу на фота сваіх сяброў, якія і зараз у Беларусі — гэтая Беларусь мне незразумелая. Ужо яе і не адчуваю.
Я страціў сувязь з Беларуссю, якую ведаў да 2020-га. Яна моцна змянілася. Не толькі візуальна, але і па ўзроўні стрэсу ў людзей, якія засталіся.
Узровень стрэсу захоўваецца, але неяк беларусы да гэтага адаптаваліся і навучыліся нанова існаваць у гэтай новай рэальнасці. Не разумею гэтага.
Я ніколі такое не любіў, нават калі жыў у Беларусі. Мяне гэты страх заўсёды дэматываваў і фрустраваў. Магчыма, з гэтай прычыны я доўгі час быў апалітычны. Пры гэтым для мяне заўсёды была прамая звязка: беларуская палітыка — паліцэйская дзяржава.
Птушаня які выпаў з гнязда
— І ўсё ж: з чаго складаецца ваша Беларусь, калі абапірацца на паездкі і фота 2018-га?
— Мая Беларусь рамантычная, трошкі нават гатычная. І больш не гарадская, хутчэй, сельская, правінцыйная. Яна пра рэкі і азёры, хваёвыя лясы. Пра містычнае, загадкавае, пра балоты. Люблю Ельню.
Дубы для мяне таксама пра Беларусь. Не дубровы, а дубы, якія самотна стаяць у палях. І нейкае адчуванне, якога сёння няма ў мяне за мяжой, няхай і ў Еўропе. Што ты ў сябе дома. Дзе ўсё зразумела і знаёма, без слоў.
Тут я прызвычаіўся ўжо з адчуваннем сябе госцем, не акцэнтуюся на гэтым. Але ў нейкія моманты яно ўсё роўна дае аб сабе ведаць, нагадвае, што ты ў гасцях і нічога асоба не вырашаеш. Проста карыстаешся тым, што здолелі стварыць мясцовыя. І я ўдзячны за тое, што дазволілі мне тут знаходзіцца разам з імі.
Фота: Аляксандра Кананчанкі
Калі б заўтра вярнуцца ў свабодную Беларусь, перш за ўсё паехаў бы да сябе на хутар. Мы адтуль і з’язджалі на эміграцыю, думаючы, што на месяц. Таму перш за ўсё пасля перасячэння мяжы хацеў бы да яго і прыехаць.
Наш хутар недалёка ад Літвы. І сёння для мяне гэты сапраўдны здзек: так блізка тое, што мы з жонкай так любім, але ўжо чатыры гады не можам там пабываць.