Ян Пётр Сапега… Ці шмат хто з сучаснікаў здолее адказаць на пытанне, хто гэта такі? А гэты чалавек быў адной з галоўных дзейных асоб падчас неверагоднай авантуры з цараваннем у Маскве двух Лжэдзімітрыяў на пачатку XVII ст.
Можна не сумнявацца, што бацька Яна Пятра, славуты кіеўскі кашталян Павел Сапега, прыклаў усе намаганні, каб даць сыну ўзорнае рыцарскае выхаванне. У сваё паўналецце той дакладна ведаў, што для мужчыны-шляхціча найбольш пачэсная справа – вайсковая служба. Гэта не перашкодзіла Яну Пятру згодна з павевамі часу атрымаць універсітэцкую адукацыю спачатку ў Віленскай акадэміі, а потым – у Падуанскім універсітэце ў Італіі.
Доўгі час пасля вяртання на радзіму аб Яну Пятру Сапегу нічога не было чуваць. Яго зорка ўзышла ў ваенны час. З 1600 г. ён бярэ чынны ўдзел у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. У знакамітай бітве пад Кірхгольмам 1605 г. ён камандаваў правым флангам войска ВКЛ. За свае заслугі праз год ён атрымаў староства ва Усвятах. Гэтае мястэчка з тых пор робіцца сапраўдным разведачным цэнтрам. Менавіта сюды сцякаліся ўсе навіны аб падзеях у суседняй Маскоўскай дзяржаве.
А там верхаводзіў Смутны час – змрочны перыяд безуладдзя, анархіі і свавольства. Пасля няўдалай авантуры з цараваннем Лжэдзімітрыя І польскі кароль Жыгімонт Ваза вырашае зрабіць новую спробу падначалення сабе суседняй дзяржавы. Для гэтага зноў складваліся спрыяльныя акалічнасці.
У сакавіку 1608 г. па намове канцлера ВКЛ Льва Сапегі Ян Пётр Сапега на чале няпоўных дзвюх тысяч найманых жаўнераў, гатовых паўсюль шукаць удачы і ваяваць за грошы, ступае на маскоўскую зямлю. Падтрымаўшы Лжэдзімітрыя ІІ, Сапега пад маскай ваеннага авантурыста павінен быў прасоўваць інтарэсы Рэчы Паспалітай. У жыцці Яна Пятра Сапегі пачынаецца новы этап, у якім яму ўдалося раскрыць усе бакі свайго неадназначнага военачальніцкага і палітычнага таленту.
Ян Пётр Сапега быў прыкметнай асобай у шэрагу літвінаў, якія дзейнічалі ў Маскоўскай дзяржаве ў Смутны час. Ён выконваў ролю не толькі вайсковага камандзіра, але і каралеўскага пасярэдніка пры перамовах з Лжэдзімітрыем ІІ. Менавіта ён адыграў не апошнюю ролю ў прызнанні яго Марыяй Мнішак за свайго мужа. Новы рускі самазванец павінен быў быць удзячным літвіну за шэраг гучных і важных ваенных перамог. Пасля смерці ў чэрвені 1610 г. Рамана Ружынскага жаўнеры абралі Сапегу сваім гетманам. Той атрымаў поўны кантроль над войскам, дзе карыстаўся велізарным аўтарытэтам.
Гісторыя захавала цікавы сюжэт з яго неверагодных прыгод у Масковіі. Пасля скідвання з трону Васіля Шуйскага Сапега пачаў рабіць захады, каб самому стаць новым рускім царом. Прынамсі, у атачэнні польскага гетмана Стансілава Жалкеўскага, дый не толькі, узнікалі такія падазрэнні. На гэта ўказвалі самастойныя, не зусім лагічныя з гледзішча тых задач, якія ставіў польскі кароль, крокі новапрызначанага гетмана. Ён меў прыяцельскія стасункі з маскоўскімі баярамі, якія былі не супраць вылучыць кандыдатуру Сапегі на пусты царскі трон. Толькі пасля непрыхаванага ціску і ледзь не абвінавачанняў у здрадзе Ян Пётр пагадзіўся падтрымаць каралевіча Уладзіслава і прызнаць за ім права стаць новым рускім царом.
Аднак неўзабаве закіды ў царскіх амбіцыях Сапегі ўзнавіліся. А ўсё праз яго непадначаленую і некантраляваную пазіцыю – ён рабіў тое, што лічыў патрэбным, адсочваючы перадусім інтарэсы сваіх жаўнераў, якім, нягледзячы на ўсе абяцанні, заробак не плаціўся і грошы даводзілася ўпарта “выбіваць”. З аднаго боку, яны былі яго апорай, з іншага – той сілай, якая дазваляла яму дзейнічаць у варунках ліхалецця Смутнага часу цалкам незалежна. Ён добра ведаў, што такое жаўнерскае братэрства. Адкінуўшы ўсе спрэчкі і нягледзячы на шматлікія перашкоды, у жніўні 1611 г. яму удалося разблакаваць гарнізон Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Гансеўскім.
Сапегу магло чакаць яшчэ шмат цікавага ў яго багатым на павароты лёсу жыцці. Але раптоўна ў верасні 1611 г. ён моцна захварэў. Перавезены у Крэмль, у ноч з 14 на 15 кастрычніка Ян Пётр Сапега ва ўзросце 42 гадоў памірае. Яго найбліжэйшыя паплечнікі праявілі цуды мужнасці, каб даставіць цела свайго камандзіра ў родную сядзібу Лейпуны ў Троцкім ваяводстве.
Не менш драматычнымі былі і лёсы яго інтэлектуальнай спадчыны. Беларускі военачальнік упарта і метадычна з сакавіка 1608 г. вёў дзённік, дзе старанна запісваў усе больш-менш значныя падзеі і здарэнні са свайго побыту ў Маскве. Нібы разумеў, што маскоўская выправа будзе ў яго жыцці, напоўненым нялёгкімі ваеннымі буднямі, найбольш значнай падзеяй, нібы адчуваў, што гэта самы важны шанец для ўласнага ўзлёту і праслаўлення.
Аднак і гісторыя рукапісу склалася не самым удалым чынам для яго аўтара. На доўгія стагоддзі ён прапаў з поля зроку і быў неверагодным чынам знойдзены ў Швецыі ў адной з прыватных калекцый. Відавочна, што ён быў вывезены за Балтыйскае мора падчас войнаў сярэдзіны XVII ст., калі шведы занялі вялікую частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У 1910 г. ён быў апублікаваны. Неабыякавы да гісторыі нашых зямель чытач мог азнаёміцца не проста з падзеямі Смутнага часу ў суседняй Маскоўскай дзяржаве. Погляд прафесійнага ваяра з каранямі з беларускай зямлі адкрывае цэлы свет уяўленняў, вобразаў і ацэнак тых драматычных і неадназначных падзей, у якіх такі чынны ўдзел бралі нашыя продкі.
Ян Пётр Сапега пакінуў пасля сябе супярэчлівую спадчыну. З аднаго боку, адзін з апошніх рыцараў, для якога ваеннае рамяство было сэнсам жыцця, з іншага – авантурыст з амбітнымі мэтамі, які не пацураўся б паціснуць руку самому д’яблу. Яго жыццёвы шлях выдае так шмат граняў, што дазваляе зрабіць сапраўдны зрэз неўтаймаванай і зменлівай эпохі, калі нашыя продкі, а не толькі палякі, як гэта звычайна ўяўляецца сёння, гарцавалі ў вайсковых парадках па расійскай зямлі.
Андрэй Янушкевіч