Беларусь: Пяць гадоў бязлітаснага наступу на культурныя правы

Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі будзе разгледжана Радай правоў чалавека ААН падчас Універсальнага перыядычнага агляду (UPR) у лістападзе 2025 года. Напярэдадні агляду Беларускі ПЭН, Міжнародны ПЭН (PEN International) і ПЭН Амерыка (PEN America) падалі ў ААН дакумент, які сведчыць пра выкліканы прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года і наступнымі масавымі пратэстамі ўсё мацнейшы наступ на свабоду выказвання, культурныя і моўныя правы. У дакуменце паказваецца, як улады Беларусі бязлітасна душаць любое іншадумства і мэтава знішчаюць беларускую культуру і мову, піша Беларускі ПЭН.

Bielaruski PEN

«Беларуская культура, мова і ідэнтычнасць на працягу апошніх пяці гадоў зазнаюць няспынны наступ. Прыйшоў час, каб міжнародная супольнасць заняла выразную пазіцыю ў падтрымку беларускага народа, які працягвае рызыкаваць усім дзеля абароны сваіх фундаментальных правоў і свабоды творчасці». Ма Тыда, старшыня камітэта Міжнароднага ПЭНа «Пісьменнікі ў зняволенні».


Маштаб рэпрэсій уражвае: Беларускі ПЭН зафіксаваў больш за 5800 выпадкаў парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры са жніўня 2020 года. 

159 дзеячаў культуры, сярод іх 40 Людзей Слова, знаходзяцца пад вартай або пад хатнім арыштам праз надуманыя абвінавачанні. Сярод іх — пісьменнікі з кейс-ліста (case list) Міжнароднага ПЭНа Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Кацярына Андрэева (Бахвалава). 

Пяць дзеячаў культуры памерлі ў зняволенні. 

Прымусова ліквідавана больш за 1192 НДА, з якіх не меньш за 250— арганізацыі культуры. Закрыта не менш за 5 незалежных выдавецтваў. 141 кніга забаронена як нібыта «патэнцыйна шкодная для нацыянальных інтарэсаў», 81 кніга прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі» разам з сотнямі іншых мастацкіх рэсурсаў і кантэнту ў сацыяльных сетках. Культурныя ўстановы ператварыліся ў інструменты дзяржаўнай прапаганды. Закрыты значныя арт-пляцоўкі. Дазволеныя рамкі культурнай дзейнасці звузіліся да мінімуму, незалежнае мастацкае самавыяўленне мусіла сысці ў падполле.

Судовая сістэма выкарыстоўваецца як інструмент рэпрэсій, у тым ліку праз расплывістае заканадаўства ў галіне супраць тэрарызму і супрацьдзеяння экстрэмізму. Змены ў Законе Рэспублікі Беларусь аб грамадзянстве дазваляюць пазбаўляць грамадзянства за «экстрэмісцкую» дзейнасць. Так званы «пашпартны дэкрэт» істотна абмяжоўвае магчымасці беларусаў за мяжой атрымліваць дакументы або ажыццяўляць юрыдычныя і адміністрацыйныя дзеянні, што сур’ёзна ўскладняе іх асабістае, прафесійнае і сямейнае жыццё.

Хаця беларуская мова занесена ЮНЕСКА ў пералік патэнцыйна ўразлівых, улады Беларусі не забяспечваюць роўных правоў для яе выкарыстання. Пашыраная дыскрымінацыя прывяла да рэзкага скарачэння колькасці носьбітаў мовы. Кнігі па-беларуску трапляюць пад асаблівы кантроль дзяржаўных органаў. Матэрыялы, што падтрымліваюць нацыянальныя меншасці, абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі». У школах забаронена навучанне на польскай і літоўскай мовах.

Беларускі ПЭН, Міжнародны ПЭН (PEN International) і ПЭН Амерыка (PEN America) заклікаюць улады Беларусі неадкладна спыніць практыку ізаляцыі арыштаваных і вызваліць усіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры, затрыманых выключна за мірнае выказванне поглядаў. Улады мусяць спыніць пераслед дзеячаў культуры як унутры краіны, так і за яе межамі, у тым ліку шляхам адмены «пашпартнага дэкрэта» і рэпрэсіўных змен у Закон аб грамадзянстве.

Арганізацыі заклікаюць прыняць таксама неабходныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя і судовыя меры для гарантавання бяспечных умоў пры ажыццяўленні творчай і культурнай дзейнасці, а таксама для захавання і развіцця беларускай культуры.