9 траўня адбыўся прыём новых чальцоў Еўрапейскай кінаакадэміі — дадалося 462 новых сяброў. Сярод іх амерыканскі акцёр Уільям Дэфо, нямецкі рэжысёр Фрэнк Пэтцольд («На Заходнім фронце без пераменаў»), сербская актрыса Ясна Джурычыч («Quo Vadis, Aida?») і беларус, аўтар фільмаў «Кураж», «Возера радасці» Аляксей Палуян.
Аляксей Палуян. Фота: Jerzy Wypych
На дадзены момант у сябрах Еўрапейскай Кінаакадэміі чатыры кінематаграфісты з Беларусі: рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк, кінааналітык, праграмны дырэктар Ігар Сукманаў, прадзюсарка, заснавальніца і дырэктарка фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская і рэжысёр, сцэнарыст Аляксей Палуян.
Аляксей Палуян так пракаментаваў Reform.by свае ўступленне ў сям’ю European Film Academy: «Гэта вельмі прыемны і сімвалічны крок. Прыемны, бо адбываецца інтэграцыя беларускага незалежнага кінематографа яшчэ глыбей у еўрапейскія інстытуцыіі. Сімвалічны — бо наша незалежная культура вяртаецца туды, дзе гістарычна мела сваё месца — у Еўропу. Асабліва прыемна стаць часткай вялікай прафесійнай супольнасці, якая падзяляе каштоўнасці аўтарскага кінематографа. Спадзяюся, у наступным годзе іншыя мае беларускія калегі і каляжанкі далучацца да нас».
Сёння беларускі рэжысёр, які жыве ў Берліне, працуе над новай стужкай — поўнаметражным ігравым фільмам пад рабочай назвай «У чаканні Бернау». Гэта гісторыя пра тое, як дыктатарскія рэжымы змяняюць асобу чалавека.
«Гэта таксама будзе гісторыя пра розніцу паміж пакаленнямі ў сённяшняй Беларусі, — дадае аўтар. — Гэты падзел [паміж пакаленнямі] у жніўні 2020 стаў агромністым і яго ўжо ніяк не спыніць».
Кінематаграфіст акурат цяпер заканчвае працу над рэжысёрскім сцэнаром карціны; а ўлетку распачнецца перадвытворчы перыяд праекта — пошук акцёраў, лакацыі і каманды.
Аляксей Палуян таксама з’яўляецца адным з шасці заснавальнікаў Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Мэта новай установы — зрабіць чутным голас беларускіх незалежных кінематаграфістаў у свеце, садзейнічаць стварэнню беларускага кіно. Развіццё і прасоўванне гэтага важнага праекта, яго падтрымка — таксама ў прыярытэтах кінадзеяча: «Спадзяюся, што маё сяброўства ў Эўрапейскай Кінаакадэміі дазволіць яшчэ больш шчыльнаму супрацоўніцтву гэтай інстытуцыі з Беларускай незалежнай кінаакадэміяй».
European Film Academy была заснавана ў 1989 годзе яе першым прэзідэнтам Інгмарам Бергманам і 40 кінематаграфістамі для прасоўвання інтарэсаў еўрапейскай кінаіндустрыі. Стварэнне еўрапейскай кінасупольнасці кінематаграфістаў і тым самым павышэнне цікавасці і даступнасці еўрапейскага кіно для супольнасці аматараў кіно з’яўлялася і з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў яе дзейнасціі. Кінаакадэмія прасоўвае еўрапейскае кіно, кульмінацыяй чаго штогод становіцца Месяц еўрапейскага кіно і ўручэнне Еўрапейскай кінапрэміі, а гэтаксама садзейнічае прафесійным зносінам фільммейкераў.
У цяперашні час інстытуцыя налічвае больш за 4000 сябраў з 52 краін.